Лік загінулых пры абстрэле дому ў Дняпры вырас да 30


Дарадца кіраўніка Днепрапятроўскай вобласці паведаміла аб 30 ахвярах ракетнага ўдару па шматкватэрным доме ў Дняпры. Параненыя 73 асобы, лёс яшчэ каля 40 чалавекі невядомы – іх шукаюць.

Наступствы абстрэлу жылога дому ў Дняпры, Украіна. 15 студзеня 2023 года.
Фота: Валянцін Рэзнічэнка / Telegram

У Дняпры трывае пошукава-выратавальная аперацыя пасля бамбавання жылога шматпавярховіка. Пажарныя канчаткова патушылі агонь, які пачаўся ў доме ад удару. Каля паловы разбітых расейскай ракетай канструкцый ужо разабрана.

Раней кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Разнічэнка паведамляў аб 73 параненых, з іх 30 у шпіталі, 12 – у цяжкім стане.

Па яго інфармацыі, удзень з-пад руінаў дасталі 27-гадовую жанчыну. Яна знаходзіцца ў рэанімацыі з моцным пераахаладжэннем. За яе жыццё змагаюцца лекары. Усяго з-пад завалаў удалося выратаваць 39 жыхароў дома, у тым ліку 6 дзяцей. Лёс больш як 40 невядомы.

Папярэдне былі разбураны 72 кватэры і пашкоджаныя больш за 230 кватэр. Устаноўлены 4 палаткі МНС і 2 валанцёрскія. Псіхолагі аказваюць дапамогу пацярпелым.

«Пошукава-выратавальныя работы і дэмантаж небяспечных элементаў канструкцыі працягваюцца. Кругласутачна мы працягваем змагацца за кожнае жыццё. Мае спачуванні ўсім родным і блізкім загінулых», – напісаў Уладзімір Зяленскі.

На месцы працуюць 550 чалавек, задзейнічаныя 140 адзінак тэхнікі. Да аперацыі прыцягнутыя пошукавыя сабакі.

Наступствы абстрэлу жылога дому ў Дняпры, Украіна. 15 студзеня 2023 года.
Фота: Валянцін Рэзнічэнка / Telegram

14 студзеня расейская армія зладзіла масіраваны абстрэл Украіны. У Дняпры ракета трапіла ў жылы дом, быў цалкам разбураны адзін пад’езд.

Камандуючы паветранымі сіламі ЗСУ Мікалай Аляшчук заявіў, што гэта была крылатая ракета Х-22, запушчаная з бамбавіка Ту-22М3 у Курскай вобласці Расеі.

«У ЗСУ няма агнявых сродкаў, здольных збіваць гэты тып ракетаў. Ад пачатку ваеннай агрэсіі Расеі па тэрыторыі Украіны было выпушчана больш за 210 ракет гэтага тыпу. Ніводная не збітая сродкамі супрацьпаветранай абароны», – паведаміў генерал-лейтэнант Аляшчук.

Ён адзначыў, што такія паветраныя цэлі здольныя перахопліваць зенітныя ракетныя комплексы накшталт Patriot PAC-3 або SAMP-T, якія ў перспектыве могуць перадаць Украіне заходнія партнёры.

Да гэтай заявы Аляшчука дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч падчас эфіру на YouTube-канале «ФЕЙГИН Live» сказаў, што ракета трапіла ў шматпавярховік у Дняпры ўжо пасля таго, як яе збіла СПА.

Пазней у сваім Telegram-канале Арэстовіч напісаў, што «ніякая ракета СПА і блізка не магла б прычыніць і паловы такіх разбурэнняў».

«Усе выдатна разумеюць: не было б расейскага ўдару, не было б трагедыі – незалежна ад канкрэтнага механізму яе наступу. Дом у Дняпры разбурыла расейская крылатая ракета тыпу Х-22», – падкрэсліў дарадца.

Hавiны
Новы масіраваны абстрэл Украіны: у Дняпры ракета трапіла ў шматкватэрны дом
2023.01.14 17:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў