Больш за 80% заявак – на паляпшэнне жыллёвых умоваў. На што беларусы выдаткоўваюць сямейны капітал


Па стане на 1 лістапада 2023 года сямейны капітал налічаны 131 993 шматдзетных сем’яў, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Гэта на 10,1% больш, чым летась (у 2022 годзе было 110 872 сям’і).

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: realbrest.by

Агулам пад сямейны капітал адкрыта 82 600 дэпазітных рахункаў на 826 мільёнаў долараў і 48 400 рахункаў на 1,2 мільярды рублёў.

Больш за палову сем’яў падалі заявы на датэрміновае выкарыстанне сродкаў сямейнага капіталу – 78 677. Большасць з заяваў – на паляпшэнне жыллёвых умоваў (81,6%). На другім месцы – атрыманне медычных паслугаў (10,5%). Далей ідуць адукацыя (7,8%), набыццё тавараў для інвалідаў (5%).

Прынята 76 220 рашэнняў аб датэрміновым распараджэнні сродкамі. Найбольш іх у Берасцейскай вобласці – 16 090, найменш – у Віцебскай – 7 389.

Аб’ектыў
Капітал расце, нараджальнасць – не
2023.06.28 22:30

Пастановай №311 ад 27 верасня 2023 года Міністэрства адукацыі вызначыла, што «памер сродкаў сямейнага капіталу, якія штогод выкарыстоўваюцца, не можа перавышаць кошту навучання за бягучы і (або) папярэдні навучальны год, у тым ліку для пагашэння запазычанасці за навучанне». У папярэднія гады такіх абмежаванняў не было.

26 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя Беларусі змяніла сваю пастанову ад 9 снежня 2019 года № 115 «Аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на атрыманне медычнай дапамогі». Дакумент уводзіць патрабаванне, каб у заключэнні лекарскай кансультацыйнай камісіі пры датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу ўказваліся віды платных медычных паслугаў, якія неабходна аказаць пацыенту.

З 1 студзеня 2023 года памер сямейнага капіталу складае 29 950 рублёў.

Сямейны капітал у Беларусі прызначаецца сем’ям пры нараджэнні ці ўсынаўленні/удачарэнні трэцяга і наступных дзяцей. Праграма сямейнага капіталу зʼявілася ў 2015 годзе, дзейнічае да 2024 года. Карыстацца сямейным капіталам можна пасля дасягнення 18 гадоў дзіцём, са зʼяўленнем якога і была прызначаная гэтая выплата.

З 2020 года можна падаць заяву на датэрміновае выкарыстанне сродкаў.

Hавiны
Беларусь – адна з самых бедных краінаў Еўропы паводле пакупальніцкай здольнасці
2023.11.04 19:18

Сямейны капітал уводзіўся ў Беларусі, каб палепшыць дэмаграфічную сітуацыю і матываваць сем’і да нараджэння дзяцей. З 2015 года магчымасцю атрымаць грошы за нараджэнне трэцяга дзіцяці скарысталіся амаль 127 000 шматдзетных сем’яў. Аднак якога-кольвек значнага павышэння нараджальнасці не адбылося.

«Дзеля таго, каб людзі хацелі і маглі гадаваць больш дзяцей, перадусім трэба стварыць больш спрыяльныя ўмовы для жыцця дарослых людзей у дзяржаве, – каментаваў «Белсату» лідар Руху беларускай салідарнасці Віталь Рымашэўскі. – Цяпер дзень такіх умоў не створана. Заробкі ў нас абсалютна не дастатковыя, каб сямʼя сябе адчувала камфортна».

Сёлета памер сямейнага капіталу плануюць павялічыць. І тады ён складзе 30 336 беларускіх рублёў. Паводле папярэдніх разлікаў, скарыстацца выплатамі здолеюць яшчэ амаль 14 000 беларускіх семʼяў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў