Кацярына Ваданосава адкрыла ў Беластоку Школу традыцыйнага строю


Урачыстае адкрыццё Школы традыцыйнага строю Кацярыны Ваданосавай адбылося 14 верасня. Стаць яе вучнямі пажадалі 33 чалавекі. Журналісты «Белсату» наведалі першы занятак.

Адкрыццё Школы традыцыйнага строю. Беласток. Польшча. 14 верасня 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Пра сваю ідэю музыкантка і журналістка казала яшчэ вясной – і вось першы занятак сезону. Кацярына Ваданосава кажа: разлічвала, што да яе ў школу запішацца 6-7 чалавек, ну максімум 10. Але рэальнасць аказалася іншаю: заяўкі падалі ўтрая больш людзей – ажно 33 асобы. Гэта людзі рознага веку, ёсць і мужчыны. Некаторыя даўно сачылі за творчасцю Кацярыны і адмыслова запісаліся да яе, іншыя проста хочуць навучыцца шыць. Заняткі будуць праходзіць у беластоцкім хабе «Новая Зямля» два разы на тыдзень.

«Я хачу, каб мой курс працягваўся мінімум два гады, гэта вельмі тонкі, доўгі і карпатлівы працэс, – кажа ў размове з «Белсатам» Кацярына Ваданосава. – Для пачатку будзем вучыцца рабіць розныя віды швоў, а потым пойдзем па розных элементах строю. Пачнём з кашулі. Мне б хацелася зрабіць яшчэ і рэканструкцыю верхняга адзення, рэканструкцыю галаўных убораў. Вельмі шмат планаў».

Кацярына Ваданосава на адкрыцці Школы традыцыйнага строю. Беласток. Польшча. 14 верасня 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Ідэя нарадзілася ў сувязі з вялікай колькасцю жадаючых, каб Кацярына пашыла

строй, альбо хаця б які-небудзь элемент. «Часцей за ўсё просяць кашулю», – распавядае яна. Але гэты працэс займае тыдні і нават месяцы працы.

«Я стамілася тлумачыць людзям, што ў мяне няма столькі магчымасцяў і часу. Таму я вырашыла адкрыць школу. Я не ведаю, як усё гэта акупіцца ў фінансавым плане, але я ведаю, што атрымаю велізарнае маральнае задаваленне. Я паводле адукацыі выкладчык, я люблю вучыць, асабліва дарослых, бо з імі прасцей. Для мяне вялікая радасць – дзяліцца тым, што я ведаю, што я ўмею», – адзначае Кацярына.

Школа традыцыйнага строю. Хаб «Новая Зямля» Беласток. Польшча. 14 верасня 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Пацікавіліся мы і ў вучняў, што іх прывяло ў Школу.

«Даўно хацела сабе народны строй, – кажа Вольга. – Спачатку я набывала рэчы ў Беларусі, якія стылізаваныя, такія больш сучасныя. Цяпер хачу нешта аўтэнтычнае. Пакуль не ведаю, які менавіта строй я хачу. Некаторыя навыкі ў мяне ёсць, хачу развіваць іх, каб усё было грунтоўна і правільна. У гэтым вельмі спадзяюся на дапамогу Каці. Для мяне важна, што гэта маё роднае, беларускае. У маёй бабулі шмат вышытых рэчаў было. Я таксама збіраю і вышытыя, і тканыя рэчы. Калі зраблю строй, то буду хадзіць на розныя мерапрыемствы, а потым, спадзяюся, у мяне з’явіцца ўнучка і я перадам яго ёй».

Кацярына Ваданосава на адкрыцці Школы традыцыйнага строю. Беласток. Польшча. 14 верасня 2023 года.
Фота: Мілана Харытонава / Белсат

Яшчэ адна вучаніца школы Рэгіна адзначае, што працамі Кацярыны цікавілася яшчэ ў Беларусі, а цяпер, калі яна ў замежжы, то проста не магла прапусціць такога шанцу. На першы занятак жанчына прыйшла, як у сапраўдную школу – з букетам кветак у колерах нацыянальнага сцяга.

«Хачу атрымаць максімум навыкаў і ведаў, якія нам перадасць Кацярына. Спадзяюся, што ўдасца дайсці да канца, у мяне з’явіцца нацыянальны беларускі строй, бо гэта мая даўняя мара», – адзначае Рэгіна.

Заняткі ў школе платныя. Кацярына адзначае: гэта настолькі тонкі працэс, што навучыцца можна толькі ў жывым кантакце, і гэта сапраўдны марафон, які зможа вытрымаць не кожны.

Інтэрв’ю
Кацярына Ваданосава распачала курс хіміятэрапіі: «Мяне так дастала быць моцнай»
2022.09.05 15:42

Алесь Ляўчук belsat. eu

Стужка навінаў