«Паўночныя Афіны» і руіны замкаў, якія дыхаюць гісторыяй: працягваем адкрываць Беларусь


Вандруючы па Беларусі, напоўніцу ўсведамляеш, наколькі прыгожая ў нас краіна і колькі выбітных постацяў тут калісьці жыло. Прапаноўваем вам сёння выправіцца з «Белсатам» у аднадзённае падарожжа, падчас якога мы пастараемся адчуць асаблівую мелодыю ў атмасфернай сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага, дакранемся да руінаў замкаў, дзе адбываліся значныя для нашай гісторыі падзеі і дзе да гэтай пары блукаюць прывіды (нас яны не напалохалі, не пужайцеся і вы), знойдзем у невялічкай вёсачцы сапраўдны цуд і пройдземся вясковымі сцежкамі выбітнага мастака, «майстра чатырох стыхіяў». Паехалі!

Залессе, ці Паўночныя Афіны

Пачынаем нашае падарожжа з сапраўднай пярліны – вёскі Залессе Смаргонскага раёну, дзе месціцца парк і сядзібны дом Агінскіх. Амаль траціна жыцця вядомага дзяржаўнага дзеяча і кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага прыпала на гэтае месца, куды ён пераехаў ва ўзросце 37 гадоў. Гэты маёнтак быў падораны Міхалу Клеафасу ў 1802 годзе ягоным родным дзядзькам – графам Францішкам Ксаверыем Агінскім.

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Да сядзібы вядзе дарога ў атачэнні старых ліпаў, у канцы якой відаць палац. Палац не палітыка, а музыканта. Прыхільнікі творчасці Міхала Клеафаса Агінскага называлі гэтае месца «Паўночнымі Афінамі».

Уся сям’я Агінскага жыла музыкаю. Дзецям яе выкладалі найлепшыя настаўнікі, а сам Міхал часта найграваў новыя музычныя творы на піяніна. Агінскі збіраў у маёнтку музычна-літаратурныя вечарыны, дзе выконваліся ягоныя творы. У сядзібу прыязджала шмат гасцей, каб паслухаць музыку і патанчыць. Нярэдка яны затрымліваліся не на пару дзён, а на некалькі тыдняў. Некаторыя гісторыкі лічаць, што менавіта тут быў напісаны і ўпершыню прагучаў знакаміты паланез «Развітанне з Радзімай». Як і пры жыцці кампазітара, так і цяпер у сценах ягонага дому гучыць музыка.

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Ваколіцы сядзібы Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Міхал Клеафас Агінскі пражыў 68 гадоў, з 1765 да 1833 год. Ён быў дыпламатам, палітычным дзеячам Рэчы Паспалітай, ганаровым членам Віленскага ўніверсітэту, аўтарам грандыёзнага праекту аўтаноміі Вялікага Княства Літоўскага. Да таго, як прыехаць жыць на Смаргоншчыну, ён паспеў пабываць у ролі дэпутата Сейму ў Варшаве, амбасадарам у Галандыі ды Англіі, камандзірам уласнага атраду з 480 чалавек у часе паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а таксама сенатарам Расейскай імперыі. Але найперш ва ўсім свеце Агінскі вядомы як выдатны кампазітар. Сярод сваёй актыўнай палітычнай дзейнасці ён знаходзіў час для стварэння выдатных музычных твораў, некаторыя з іх увайшлі ў залатыя калекцыі сусветнай музычнай класікі.

У сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Найбольшую вядомасць атрымаў паланез «Развітанне з Радзімай», больш вядомы як проста «Паланез Агінскага». Гэты твор у 90‑я гады мінулага стагоддзя, калі Беларусь набыла незалежнасць, ледзьве не стаў гімнам нашай дзяржавы.

Пасля смерці Агінскага маёнтак без гаспадарчай рукі страціў былую славу і пачаў паступова разбурацца. У 1920 годзе ў сядзібе адкрыўся прыватны пансіянат, які з прыходам савецкай улады стаў санаторыем. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы выкарыстоўвалі сядзібу як штаб. Пасля вайны маёнтак пераўтварылі ў дом састарэлых. У 1980-я гады тут хацелі зноў зрабіць санаторый, але пазней ад гэтых планаў адмовіліся.

У сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

На пачатку 21-га стагоддзя палацава-паркавы ансамбль Агінскага быў у вельмі дрэнным стане. Але ў 2011–2015 гадах была праведзеная маштабная рэстаўрацыя, і цяпер комплекс цудоўна перадае атмасферу 19-га стагоддзя. Тут адкрыты музей, прысвечаны жыццю і творчасці Міхала Агінскага. У інтэр’еры няма мэблі, якой карыстаўся сам кампазітар, але большасць мэблі ды іншых прадметаў сапраўды старадаўнія.

Па дарозе ў Залессе. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Па дарозе ў Залессе. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Крэва

Накіроўваемся ў Крэва, да руінаў старажытнага замку, які быў пабудаваны тут, паводле афіцыйнай версіі, у 1330-я гады літоўскім князем Альгердам. Аднак ёсць падставы меркаваць, што будаўніцтва замку было пачатае яшчэ ў 13-м стагоддзі. Ужо сам узрост гэтага архітэктурнага помніка робіць яго вельмі каштоўным, замак – адно з самых старажытных збудаванняў у Беларусі, з тых, што захаваліся.

Вёска Крэва, Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат

Гэта быў сапраўдны абарончы замак – са сценамі таўшчынёю 2,5–3 метры, вузкімі вокнамі-байніцамі і глыбокім ровам з вадою. У сценах Крэўскага замку ў 14-м стагоддзі адбываліся найважнейшыя гістарычныя падзеі. Напрыклад, у 1382 годзе ў падзямеллі замку на загад вялікага князя Ягайлы быў задушаны ягоны дзядзька Кейстут – прэтэндэнт на велікакняжацкі трон. У той жа час сыну Кейстута Вітаўту ўдалося збегчы, дзякуючы хітрасці ягонай жонкі: у жаночым убранні, пад покрывам ночы, ён пад выглядам служанкі змог сысці ад забойцаў, што пераследавалі яго.

Брама Крэўскага замка. Уваход каштуе 5 рублеў. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
На тэрыторыі Крэўскага замка працуюць рэканструктары. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
На тэрыторыі Крэўскага замка працуюць рэканструктары. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
На тэрыторыі Крэўскага замка працуюць рэканструктары. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Менавіта ў Крэўскім замку ў 1385 годзе былі выпрацаваныя ўмовы і падпісаная Крэўская унія, пагадненне аб саюзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, якое шмат у чым абумовіла будучы гістарычны лёс гэтых краінаў і ўсёй усходняй Еўропы агулам.

Да пачатку Першай Сусветнай вайны замак ужо ператварыўся ў руіны. Падчас той вайны ён пацярпеў яшчэ больш, і фактычна набыў сучасны выгляд. Доўгі час праз вёску Крэва праходзіла лінія фронту, на лініі Смаргонь – Крэва адбыўся апошні магутны наступ расейскага войска, а замак актыўна выкарыстоўваўся ў пазіцыйных баях.

Каля Крэўскага замка можна набыць вырабы мастака Сяргея Бандарэнкі. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Некалькі выяваў са старых здымкаў размяшчаюцца на крэўскіх будынках, узніклі яны з ініцыятывы мясцовага жыхара і актывіста, фатографа Сяргея Гапона. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Цяпер у Крэўскім замку працуюць, каб захаваць тое, што засталося. Апошнія дзесяць гадоў тут праводзяць летнікі дзеля падтрымання замку, а з 2018 года ідзе кансервацыя руінаў.

Вёска Крэва, Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат
Від на касцёл у Крэве. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У вёсцы Крэва ёсць яшчэ на што паглядзець. Гэта царква Святога Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў 1854 годзе, і касцёл Праабражэння Панскага, збудаваны тут зусім нядаўна, у 1997 годзе. Абодва храмы маляўніча размешчаныя на пагорках.

Выстава здымкаў Сяргея Гапона пад мурамі Крэўскага замка. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Вёска Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобласці. 18 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат

Баруны

Баруны – невялікая вёсачка Ашмянскага раёну, якая дакладна заслугоўвае нашай увагі. У самым цэнтры вёскі знаходзім галоўную выбітнасць – касцёл Святых Пятра і Паўла, гістарычна-культурную каштоўнасць і важную славутасць Беларусі.

Экскурсія ў Барунах. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Гэты ўнікальны храм ёсць яркім увасабленнем архітэктуры так званага «віленскага» барока.

Першапачаткова касцёл быў пабудаваны пры ўніяцкім базыльянскім кляштары, які ў сваю чаргу быў заснаваны тут на самым пачатку 18-га стагоддзя. У 1700 годзе з мястэчка Вішнева «разам з маёмасцю і настаўнікам» сюды была пераведзеная базыльянская школа (праіснавала да 1833 года). Паводле ўзроўню сваёй адукацыйнай дзейнасці базыльянскі ордэн саступаў толькі ордэну езуітаў. Барунская базыльянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы. Сярод іх вядомыя пісьменнікі, сябры Адама МіцкевічаАнтон Эдвард Адынец і Ігнацій Ходзька.

Касцёл Святых апосталаў Пятра й Паўла і манастыр базыльянаў у Барунах. 18 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат

Шэраг незвычайных архітэктурных рашэнняў надае вонкаваму абліччу касцёлу нейкую асаблівую мяккасць і прыгажосць. Вежа толькі адна – гэта значыць, будынак храму асіметрычны, што не характэрна для культавага будаўніцтва.

Аўтобусны прыпынак у Барунах. 8 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат

Да нашага часу за святыняю захаваўся асноўны манастырскі корпус, 1793 года пабудовы. Аднак на сённяшні дзень ён патрабуе грунтоўнай рэканструкцыі, таму і не выкарыстоўваецца. Яго аднаўленне нават не плануецца.

Гальшаны

Наступны пункт нашага падарожжа – мястэчка Гальшаны, якое часта справядліва называюць «музеем пад адкрытым небам». Крочым па Замкавай вуліцы, як калісьці і сярэднявечныя ваяры кіраваліся да старажытных сценаў таго самага «чорнага замку Альшанскага» – радавога гнязда князёў Гальшанскіх, а пасля – Сапегаў. Тут жа бачым барочны касцёл 17-га стагоддзя, на плошчы знаходзім гандлёвыя рады 19-га стагоддзя, дзе калісьці прапаноўвалі свае тавары мясцовыя рамеснікі і гандляры. А ўздоўж вуліцаў – тыповая жылая забудова з тых часоў, якая захавалася літаральна ў першапачатковым выглядзе.

Руіны Гальшанскага замка. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат
Руіны Гальшанскага замка. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат

Упершыню Гальшаны згадваюцца ў «Хроніках Быхаўца» ў 1280 годзе. Тады гэта было паселішча шляхетнага роду Гальшанскіх. Князі Гальшанскія лічыліся яркімі палітычнымі дзеячамі: удзельнічалі ў Грунвальдскай бітве 1410 года, прымалі розныя лёсавызначальныя рашэнні ў жыцці ВКЛ. З гэтага княскага роду паходзіла, да прыкладу, Сафія Гальшанская – каралева Польшчы і жонка Ягайлы.

Руіны Гальшанскага замка. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат
Руіны Гальшанскага замка. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат

У 1525 годзе князёўна Алена Гальшанская пабралася шлюбам з падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага Паўлам Сапегам – і Гальшаны перайшлі ў валоданне да Сапегаў. Менавіта пры іх здарыўся пік развіцця мястэчка. У першай палове 17-га стагоддзя быў адбудаваны вялізны замак, які быў аточаны абарончымі равамі з вадой.

У Гальшанах. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

На пачатку 18-га стагоддзя Гальшанскі замак пачынае паступова занепадаць. Пасля Паўночнай вайны са шведамі ён быў упершыню значна пашкоджаны, але аднаўляць яго не было каму: апошні ўладальнік паспеў нажыць шмат даўгоў, і замак дзялілі паміж сабой крэдыторы. Частка замку так і засталася разбураная, а адзін з паверхаў разабралі на цэглу.

У Гальшанах. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат

Апошні ўдар замку нанеслі сусветныя войны. Пасля Другой сусветнай замак амаль разабралі на цэглу, каб збудаваць гаспадарчыя пабудовы для калгасу.

Сёння ад Гальшанскага замку захаваліся толькі руіны, аднавіць яго немагчыма. Але руіны працягваюць дыхаць гісторыяй. Ходзіш сярод іх, і ва ўяўленні паўстаюць карціны мінуўшчыны. У замку была велізарная парадная квадратная зала з чатырма калонамі, упрыгожаная партрэтамі прадстаўнікамі княскіх родаў, зброяй і дарогай мэбляй. У палацы была і свая капліца, насупраць якой захавалася брама – адзіная ўязная арка ва ўнутраны двор замку.

Кафэ Спадчына у Гальшанах. 18 ліпеня 2021.
Фота: Белсат

Калісьці замак меў шэсць вежаў, але да нашых дзён захавалася толькі адна з іх. У ёй цяпер зрабілі музей, які распавядае пра гісторыю замку, а таксама назіральную пляцоўку.

У 16-м стагоддзі ў Гальшанах узвялі касцёл францысканцаў, які выдатна захаваўся да нашых дзён. Унутры касцёлу да сённяшніх дзён захаваліся роспісы 18-га стагоддзя. Да храму прымыкае былы кляштар, і менавіта тут, паводле легенды, блукае прывід той самай Белай Панны.

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах. 18 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах. 18 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах. 18 ліпеня 2021 г.
Фота: Белсат

Згодна з легендаю, пры будаўніцтве манастыра адна з яго сценаў пастаянна падала. Тады муляры вырашылі ўмураваць у сцяну жанчыну – ёй стала жонка, якая першай прынесла абед аднаму з працоўных. Пасля гэтага будоўля пайшла як трэба. Мясцовыя жыхары згадваюць, што ў 1997 годзе падчас чысткі падвалаў манастыра пад адной са сценаў знайшлі жаночы шкілет. Парэшткі хацелі спачатку перапахаваць, але яны загадкавым чынам разгубіліся. З таго часу Белая Панна блукае сярод сценаў і перыядычна палохае мясцовых жыхароў і турыстаў.

Багданава

Апошняя кропка нашага падарожжа – месца, якое адыграла важную ролю ў лёсе нашага земляка, вядомага мастака Фэрдынанда Рушчыца, які належаў культуры чатырох краінаў – Беларусі, Расеі, Літвы і Польшчы. Гаворка пра пасёлак Багданава, дзе нарадзіўся, стварыў амаль усе свае палотны і знайшоў апошні прытулак майстар пэндзля еўрапейскага маштабу.

Касцёл у Багданаве, родавым гняздзе мастака Фердынанда Рушчыца. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Від на касцёл ад руінаў маёнтка мастака Фердынанда Рушчыца ў Багданаве. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Дарэчы, мінулы, 2020 год, ЮНЭСКО абвяшчала годам Рушчыца.

Фэрдынанд Рушчыц нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў шляхецкай сям’і. Дзяцінства і юнацтва Фэрдынанда прайшло ў Менску. На працягу сямі гадоў Рушчыц навучаўся ў мясцовай класічнай гімназіі.

У 1892–1897 гадах Рушчыц атрымоўваў адукацыю ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Першым яго настаўнікам быў Іван Шышкін, а з 1895 года Фэрдынанд займаўся ў майстэрні Архіпа Куінджы, пад чуйным кіраўніцтвам якога вырасла цэлая плеяда таленавітых вучняў.

Руіны маёнтка мастака Фердынанда Рушчыца ў Багданаве. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Росквіт творчай карʼеры Рушчыца звязаны з ягоным вяртаннем у фальварак пасля заканчэння акадэміі. Гады, праведзеныя ў Багданаве, лічацца найбольш плённымі. Тут Фэрдынанд Рушчыц пачаў працаваць над адным са сваіх знакамітых палотнаў – «Зямля», якое захоўваецца сёння ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. У Багданаве былі створаныя «Апошні снег», «Балада», «Крэва», «Млын», «Берагі Вілейкі», «Лясны ручай» і шмат іншага. Усе яны прысвечаныя тэме праслаўлення беларускай прыроды.

Помнік Фердынанду Рушчыцу. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Акрамя гэтага, наш зямляк быў першым дэканам Віленскага ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя, прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У апошнія гады жыцця лічыў сваёй місіяй педагагічную дзейнасць, выхаванне мастакоў – патрыётаў свайго краю. Ён шмат вандраваў па Беларусі, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў і іх руінаў.

Памёр Фэрдынанд Рушчыц у 1936 годзе. Цяпер у Багданаве амаль нічога не засталося ад ягонага фальварку. Але цікава прайсціся вясковымі сцежкамі, якімі калісьці хадзіў мастак. На мясцовых могілках, на ўзвышшы, да якога вядзе ўжо крыху разбураная лесвіца, можна знайсці фамільнае пахаванне роду Рушчыцаў.

Магіла мастака Фердынанда Рушчыца ў Багданаве. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат
Могілкі ў вёсцы Багданава. Тут пахаваны Фердынанд Рушчыц, мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Рушчыц аказаў пэўны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў польскім мастацтве, але яго дачка Яніна Рушчыц сцвяржала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым» — беларусам. Воложинский район, Беларусь. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Сучасныя мастацтвазнаўцы называюць мастака «майстрам чатырох стыхіяў». Ягоныя творы выстаўляюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расеі, а таксама ў еўрапейскіх і амерыканскіх зборах. У Беларусі захоўваецца ўсяго адно палатно Фэрдынанда Рушчыца.

Па дарозе на Багданава. 18 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

AA belsat.eu

Стужка навінаў