Кіраўнік РПЦ папрасіў папу рымскага дапамагчы вызваліць намесніка Кіева-Пячэрскай лаўры


Суд у Кіеве арыштаваў намесніка Кіева-Пячэрскай лаўры, мітрапаліта Паўла. Патрыярх Кірыла адрэагаваў на гэта рассылкаю свайго звароту ў міжнародныя арганізацыі і да рэлігійных дзеячаў, у тым ліку – папы рымскага. Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы просіць дапамагчы вызваліць святара УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

Патрыярх Кірыла і папа рымскі Францішак на сустрэчы на Кубе ў 2016 годзе.
Фота: РПЦ / patriarchia.ru

Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры з красавіка быў пад хатнім арыштам. Напярэдадні Саломенскі раённы суд Кіева змяніў меру ўстрымання і пастанавіў пасадзіць мітрапаліта ў СІЗА.

Такое рашэнне прынялі на просьбу пракуратуры ў звязку з інтэрв’ю святара, дзе ён адмаўляў існаванне Украіны як суверэннай дзяржавы. Гэты каментар стаўся новым пунктам абвінавачвання ў справе супраць мітрапаліта.

Намеснік Кіева-Пячэрскай лаўры, паводле следства, распальваў міжрэлігійную варожасць і апраўдваў расейскае ўварванне.

Абноўлена
Мітрапаліта УПЦ Маскоўскага патрыярхату Паўла адправілі пад хатні арышт
2023.04.01 17:34

«Можа памерці ў СІЗА»

У звязку з арыштам святара УПЦ Маскоўскага патрыярхату кіраўнік РПЦ звярнуўся да кіраўнікоў іншых цэркваў, шэрагу рэлігійных дзеячаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў. Сярод іх – генеральны сакратар АБСЕ, генеральны сакратар Савету Еўропы, вярхоўны камісар ААН у правах чалавека, а таксама рымскі папа Францішак.

Патрыярх Кірыла ўпэўнены, што арышт мітрапаліта – «неправасуднае і відавочна прадыктаванае ўладамі Украіны» рашэнне, а пераследуюць яго за рэлігійныя перакананні.

Мітрапаліт Павел у Шаўчэнкаўскім раённым судзе Кіева. 1 красавіка 2023 года.
Фота: «УП. Стрічка» / Telegram

Кіраўнік РПЦ мяркуе, што арышт святара «пагражае сур’ёзным пагаршэннем здароўя і можа прывесці да ягонай смерці ў следчым ізалятары».

«Заклікаю звярнуць увагу на ганенні, што адбываюцца ва Украіне на кананічную Украінскую праваслаўную царкву і прыняць усе магчымыя захады для абароны ад беззаконнага пераследу мітрапаліта Паўла», – гаворыцца ў звароце патрыярха.

Папа пагадзіўся дапамагчы?

Кіраўнік Сусветнага саюзу старавераў Леанід Севасцьянаў заявіў расейскаму агенцтву «РИА Новости», што папа рымскі «ведае аб звароце патрыярха Кірылы і будзе займацца пытаннем вызвалення мітрапаліта Паўла»:

«Не ведаю, як менавіта ён гэта будзе рабіць – можа, зробіць афіцыйную заяву, напіша ліст або ўмяшаецца па дыпламатычных каналах. Але тое, што ён адгукнуўся на зварот найсвяцейшага патрыярха Кірыла, – гэта факт».

Севасцьянаў сцвярджае, што «пагутарыў з Францішкам наўпрост».

Пацверджанняў гэтай інфармацыі з іншых крыніцаў пакуль няма. Апошняе паведамленне афіцыйнай агенцыі «Vatican News», што тычыцца кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы, прысвечанае прызначэнню папам біскупа ў Шанхайскую дыяцэзію.

Hавiны
Манахі Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адмаўляюцца пакідаць Кіева-Пячэрскую лаўру
2023.03.13 22:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў