80 % школьнікаў у Беларусі – акцябраты ці піянеры


У Беларусі каля 80 % вучняў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў – акцябраты ці піянеры. Такія звесткі падчас круглага стала «Моладзевыя ініцыятывы: старт рэалізацыі тваіх ідэяў» падала старшыня Цэнтральнага савету Беларускай дзяржаўнай піянерскай арганізацыі Аляксандра Ганчарова, паведамляе БелТА.

Піянеры ў Беларусі.
Фота: hoino.roo-pinsk.gov.by

Паводле Ганчаровай, дзяржаўная піянерская арганізацыя – самае масавае дзіцячае аб’яднанне ў Беларусі. Старшыня арганізацыі распавяла таксама пра ініцыятыву «Стварэнне інфармацыйна-адукацыйнага модулю ГА «БДПА» як «новай мадэлі патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў». У межых ініцыятывы былі створаныя адмысловыя мультфільмы, «накіраваныя на патрыятычнае выхаванне дзяцей праз прызму БДПА і БРСМ».

Ад рэалізацыі гэтага праекту арганізатары чакаюць «падвышэння ўзроўню даверу з боку моладзі, уцягнутасці і актыўнага ўдзелу дзяцей і падлеткаў, бацькоў і грамадскасці ў дзейнасць БДПА».

Беларуская дзяржаўная піянерская арганізацыя называе датай свайго стварэння 13 верасня 1990 года. Яна пераняла савецкія традыцыі. Савецкім застаўся і сімвал піянерства – гальштук, але цяпер ён у колерах дзяржаўнага сцяга: чырвона-зялёны.

Першая ступень сяброўства ў арганізацыі – акцябраты, дзеці ад 7 да 10 гадоў. У піянеры прымаюць з 10 да 14 гадоў. Наступная ступень – БРСМ.

Неаднаразова паведамлялася пра ціск на бацькоў, каб запісвалі дзяцей у акцябраты і піянеры.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў