Выбарчыя камісіі больш як на 80% складаюцца з жанчын. Кожны дзясяты чалец – чыноўнік


У Беларусі завяршылася фармаванне тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісіяў. Сайт Цэнтральнай выбарнай камісіі апублікаваў вынікі гэтага. У асноўным гэта жанчыны, старэйшыя за 31 год. Больш як палова з іх належыць да праўладных арганізацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belsat.eu

Паводле ЦВК, агулам у Беларусі было створана 1 394 акруговых і тэрытарыяльных камісіяў. У іх склад увайшло 9 459 асобаў. Сярод іх 7 732 – жанчыны. Гэта 81,7 %. Асобыя старэйшыя за 31 год складаюць 94,9 % чальцоў камісіяў.

Дзяржаўных служачых у выбаркамах ажно 10,8 %, ці 1 022 асобаў.

На долю вылучэнцаў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў прыходзіцца 51,2 % сябраў выбарчых камісіяў. Пры гэтым на партыі, а пасля перарэгістрацыі ў Беларусі засталіся толькі чатыры праўладныя партыі, прыпадае 4,8 %.

Прадстаўляць выбаркамы будуць у асноўным сябры «Белай Русі», БРСМ, «Беларускага саюзу жанчын», «Беларускага фонду міру», «Беларускага грамадскага абʼяднання ветэранаў» ды прафесійныя саюзы са складу ФПБ. Іншыя неназваныя грамадскія абʼяднанні прадстаўляюць толькі 98 чалавек, або 1% ад агульнай колькасці прадстаўнікоў сябраў камісіяў.

Ад грамадзянаў вылучаліся 41,8% чальцоў выбаркамаў, а ад працоўных калектываў – 7 %.

Імёны чальцоў выбаркамаў больш публікавацца не будуць.

Hавiны
Выбары з зорачкай. Праваабаронцы апублікавалі першую справаздачу пра кампанію ўладаў
2023.12.05 11:00

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што выбары ў Беларусі «пачынаюцца ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі». Праваабаронцы падкрэслілі, што змены заканадаўства пасля 2020 года знізілі ролю парламенту, звузілі кола ўдзельнікаў электаральных працэсаў, абмежавалі выбарчыя правы грамадзянаў і павысілі кантроль уладаў над выбарчым працэсам.

Праваабаронцы заяўляюць, што тэрмін «выбары» ў дачыненні да выбарчай кампаніі 2024 года «выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў