Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавала сваю першую справаздачу па выніках назірання за электаральнай кампаніяй, прызначанай на 2024 год. Кампаніі ажыццяўляюць Беларускі Хельсінкскі камітэт і Праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы адзначаюць, што тэрмін «выбары» ў дачыненні да выбарчай кампаніі 2024 года «выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, паколькі любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключаючы свабоду слова, свабоду мірных сходаў і асацыяцый, права ўдзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабоду ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае».
У справаздачы гаворыцца, што выбары ў Беларусі «пачынаюцца ва ўмовах бесперапынных рэпрэсій; ва ўмовах фактычнай адсутнасці свабоды выказвання меркавання, мірных сходаў і асацыяцый; у атмасферы татальнага страху і ў зачышчаным палітычным полі». Праваабаронцы падкрэслілі, што змены заканадаўства пасля 2020 года знізілі ролю парламенту, звузілі кола ўдзельнікаў электаральных працэсаў, абмежавалі выбарчыя правы грамадзянаў і павысілі кантроль уладаў над выбарчым працэсам.
«Змены ў прававым рэгуляванні выбараў у Беларусі робяць іх на практыцы несвабоднымі і несправядлівымі. На ўзроўні правапрымянення і адміністрацыйнай практыкі, працягваюцца рэпрэсіі супраць любых праяваў таго, што ўспрымаецца ўладамі як палітычныя актыўнасці, ліквідаваныя незалежныя СМІ і практычна ўсе арганізацыі грамадзянскай супольнасці, асабліва праваабарончыя. Сродкі прававой абароны, што існуюць, па-ранейшаму неэфектыўныя; адсутнічаюць гарантыі незалежнасці судоў, прадказальнасць у правапрымяняльнай практыцы. Усё гэта ўжо дазваляе канстатаваць немагчымасць для грамадзян рэалізаваць свае выбарчыя правы», – гаворыцца ў высновах.
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская прапанавала 5 магчымых спосабаў рэагавання на так званы адзіны дзень галасавання, які будзе праходзіць у нашай краіне 25 лютага. Яна назвала так званы адзіны дзень галасаванне падманам і імітацыяй. Ціханоўская ў сваім звароце падкрэсліла, што вынікі гэтых так званых выбараў не прызнаюць ні самі беларусы, ні міжнародная супольнасць.
Якуб Хруст belsat.eu