«Mara Fest»: драйвовая мультыкультурніцкая імпрэза на беразе мора


2 верасня ў польскім Сопаце на беразе мора адбудзецца мультыкультурніцкі фестываль «Mara Fest». На сцэне – знаныя беларускія, украінскія і польскія выканаўцы, наведнікаў чакае шмат сустрэчаў, забаваў і неспадзяванак.

Фестываль пройдзе 2 верасня з 14:00 да 00:00 на пляцоўцы «Лясная опера» (Opera Leśna) ў Сопаце, дзе адбываюцца самыя знакавыя і маштабныя музычныя падзеі ў Польшчы.

Сёлета на галоўнай сцэне чакаюцца выступы «Naviband», «Intelligency», Іван Дорн, «Lyapis Trubetskoy», Сарса (Sarsa), Бродка (Brodka).

Таксама арганізатары абяцаюць вялікую колькасць разнастайных зонаў актыўнасцяў, сустрэчы з папулярнымі блогерамі з Польшчы, Украіны ды Беларусі, спартовыя, інтэлектуальныя, дзіцячыя забавы на працягу ўсяго фестывалю. Тут жа разгорнуцца арт-прасторы і маркет, дзе можна будзе набыць каларытныя сувеніры і падтрымаць таленавітых майстроў са сваёй краіны.

Частку сродкаў ад продажу квіткоў арганізатары перададуць у «Фонд Маша», які дапамагае пацярпелым маці і дзецям з Украіны.

Арганізатары – Асацыяцыя беларусаў Памор’я і фонд «Artformation 22».

Галоўныя мецэнаты імпрэзы – гарады Сопат, Гданьск, Гдыня, Звяз украінцаў у Польшчы, «Baltic Art Agency», ганаровы генеральны консул Швецыі Магдалена Прамфельт. Арганізатары фестывалю адзначаюць, што выступаюць за ідэі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі ды падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе за незалежнасць.

Сайт: marafest.pl

Квіткі: Interticket.pl – «Mara Fest»

GoOut.net – «Mara Fest»

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў