«У нас спрабуюць пабудаваць СССР». Эксперт растлумачыў карупцыю ў сельскай гаспадарцы


Генпракурор Андрэй Швед назваў сельскую гаспадарку самым карумпаваным сектарам беларускай эканомікі. Ён упэўнены, што прычыны гэтых злачынстваў – «недахопы ў арганізацыі прафілактычнай работы дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі». Эксперт Мікалай Лысянкоў у размове з «Белсатам» запярэчыў: праблема ў тым, што беларускі АПК спрэс дзяржаўны.

Тэхніка ў полі збірае скошаную траву побач з вёскай Зачысце. Барысаўскі раён, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што за студзень – травень сёлета ў сельскай гаспадарцы выяўлена 160 карупцыйных злачынстваў, і гэта амаль утрая болей, чымся за першыя пяць месяцаў летась. Ён назваў АПК сферай, найбольш схільнай да карупцыі і растлумачыў гэта «недахопамі прафілактычнай работы».

Акрамя таго, у сельскай мясцовасці міліцыянты пачалі высмоктваць паліва з бакаў прыватных аўтамабіляў, каб спраўдзіць колер бензіну або саляркі. Дзеля перадухілення крадзяжу нафтапрадукты для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў падфарбоўваюць, і няўзброеным вокам будзе бачна, што кіроўца заправіў машыну не на АЗС.

«Сам у сябе прыватнік красці не будзе»

Адмысловец у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў упэўнены: карупцыя ў гэтай сферы абумоўленая дзяржаўнай формай уласнасці прадпрыемстваў. І гэтыя злачынствы – наступствы таго, што прыватнікаў у АПК замала, адзначыў эксперт у размове з «Белсатам»:

«У нас спрабуюць у рынкавай эканоміцы пабудаваць Савецкі Саюз, дзе ўсё было дзяржаўнае. У сельскай гаспадарцы самы вялікі адсотак дзяржпрадпрыемстваў. І гэта адна з найбяднейшых галінаў эканомікі. Грошай у прадпрыемстваў няма, і кожны кіраўнік выкручваецца, як можа».

Дырэктараў прымушаюць нешта купляць і прадаваць не з прычынаў эканамічнай мэтазгоднасці, а спушчаных зверху загадаў:

«Калі б ён быў уласнікам прадпрыемства, ён бы шукаў эканамічную выгаду і купляў бы там, дзе выгадна, і прадаваў бы туды, дзе выгадна. Але ў нас, на жаль, купіць ён не можа, бо няма грошай, а прадаць ён можна не даражэй, чымся загадалі».

Праблема крадзяжоў у АПК таксама тлумачыцца тым, што «усё вакол дзяржаўнае, усё вакол маё», мяркуе Лысянкоў:

«Праблема лёгка развязваецца, проста зрабіць усё прыватным. Сам у сябе прыватнік красці не будзе. Маецца багата фермерскіх гаспадарак, якія кантралююць гэта на іншым узроўні. Працаўнікам нявыгадна красці».

Каментар
У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай
2023.06.09 21:29

belsat.eu

Стужка навінаў