Ракетны ўдар па цэнтры Вінніцы: сярод забітых – дзеці, гараць каля 50 аўтамабіляў


У выніку ракетнага ўдару па Вінніцы ўдзень 14 ліпеня як мінімум 90 чалавек былі параненыя, 20 загінулі, у тым ліку – трое дзяцей, паведамляе УНІАН.

Ракетны абстрэл у Вінніцы 14 ліпеня 2022 года.
Фота: УНІАН

Паводле папярэдняй інфармацыі, тры расейскія ракеты трапілі ў будынак з офіснымі памяшканнямі. Пацярпеў таксама Дом афіцэраў і будынкі непадалёк.

Як паведамляе кіраўнік Нацпаліцыі Ігар Клымэнка, на месцы выбуху ракетаў узнік пажар, які закрануў аўтастаянку. Гараць каля 50 аўтамабіляў. Над ліквідацыяй агню працуюць ратавальнікі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў ракетны абстрэл у Вінніцы адкрытым тэрарыстычным актам.

Станам на 12:15 мясцовага часу ў выніку абстрэлу – 12 забітых і 25 параненых.

Па стане на 13:54 па кіеўскім часе вядома пра 90 параненых. Загінулі 20 чалавек, сярод іх – трое дзяцей.

Таксама стала вядома, што ўдар па Вінніцы быў нанесены крылатымі ракетамі «Калібр», якія запусцілі з падводнай лодкі ў акваторыі Чорнага мора.

Працягваецца ратавальная аперацыя.

Жыхар Вінніцы Фёдар распавёў «Вот Так», што ў момант абстрэлу ён ішоў на працу ў офіс і пачуў гук ракет.

«Праз пару секунд пачуў грукат. Адштурхоўваючыся ад траекторыі ракет, спачатку падумаў, што прылёт быў у вакзал. Потым, як высветлілася, гэта была плошча Перамогі і Дом афіцэраў. Побач з імі ёсць офісны будынак «Юбілейны». Снарады трапілі ў гэтыя аб’екты, бо яны стаяць побач. Там жа знаходзіцца і радзільня, але пакуль незразумела, што з ёй. За 10-20 хвілін да выбуху была паветраная трывога.

Гэта самы цэнтр гораду, да цэнтральнай вуліцы менш кіламетра, вялікая колькасць людзей. Цяпер называюць папярэдне лічбы пацярпелых і загінулых, але я ўпэўнены, што будзе больш, бо там заўсёды шмат людзей. Дом афіцэраў – гэта канцэртная зала, там няма ніякай вайсковай інфраструктуры. Вайсковыя часткі знаходзяцца зусім у іншым кірунку. Наконт укідаў РФ. Ну гэта смешна. Калі я чытаю, што прыляцела па Гасіну, нейкім ваенным базам. Па-першае, ад Вінніцы да Гасіну гадзіну язды, па-другое – якія ваенныя базы? Там былі адны грамадзянскія, дзеці.

Цяпер сітуацыя ў горадзе розная: хтосьці ў паніцы, хтосьці працягвае займацца сваімі пытаннямі, як ні ў чым не бывала», – распавёў Фёдар.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў