«Сістэма шукае тых, хто будзе бараніць Лукашэнку». Што не так з вайскова-патрыятычнымі летнікамі ў Беларусі?


Вучні 10 і 11 класаў у Беларусі ўлетку ўдзельнічаюць у вайскова-патрыятычных летніках і палявых зборах, што праводзяцца ў межах навучальнага курсу дапрызыўнага рыхтавання. За летнік трэба плаціць. На занятках школьнікі вучацца абыходзіцца са зброяй, наведваюць сустрэчы з міліцыянтамі і вайскоўцамі. Якую мэту маюць такія летнікі? Што пра іх думаюць бацькі? Якім мусіць быць патрыятычнае выхаванне ў Беларусі пасля пераменаў? Разбіраем у нашым матэрыяле.

Вайскова-патрыятычныя летнікі для школьнікаў у Беларусі.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь/Telegram

За 5 дзён летніка – 40 рублёў

Сын Аляксея, жыхара аднаго з беларускіх абласных цэнтраў, сёлета скончыў 10 клас. Падчас навучальнага года Уладзіслаў праходзіў абавязковае дапрызыўнае рыхтаванне, уключанае ў школьную праграму 10–11 класаў.  Напярэдадні летніх канікулаў адміністрацыя школы абвясціла, што вучні мусяць адбыць вайскова-патрыятычны летнік.

«Працягласць такога летніку – 5 дзён. У нас ён праходзіў з 1 да 5 чэрвеня, – распавядае Аляксей. – Але агулам у беларускіх школах ідэалагічнае выхаванне дзяцей працягваецца ўсё лета. Справа ў тым, што ваенрукі – на гэтых пасадах часта былыя вайскоўцы-палітрукі – ёсць не ў кожнай школе. Таму на базе адной школы ідэалагічнае выхаванне могуць праходзіць вучні іншых школаў.  Гэтыя летнікі расцягваюцца ажно да жніўня».

За 5 дзён бацькі Уладзіслава мусілі заплаціць 40 рублёў. Гэтая аплата, маўляў, не за сам нібыта  бясплатны летнік, а за харчаванне ў ім.

«Прыкладна такая ж сума звычайна ідзе за месяц на харчаванне ў школе, а тут – за 5 дзён», – здзіўляецца Аляксей.

На занятках у летніку падлеткі праходзілі агульнае вайсковае рыхтаванне. Фактычна, гэта працяг школьнага дапрызыўнага рыхтавання.

«Яшчэ падчас навучальнага года ў межах дапрызыўнага рахтавання дзяцей вучаць абыходзіцца са зброяй, – распавядае Аляксей. – Дзеці вывучаюць тэарэтычныя выклады, кшталтам, якая далёкасць стральбы аўтамата Калашнікава, з якіх частак ён складаецца, як абыходзіцца з гэтай зброяй. Падчас летнікаў ужо – практычны досвед са зброяй. Яе прывозяць вучням і вучаць з ёю разьбірацца».

«Часта ўжо ўдома дзеці выкарыстоўваюць словы з вайсковага жаргону»

Акрамя таго, у летніках юнакі здаюць нарматывы, поўзаюць па-пластунску, капаюць акопы, наведваюць сустрэчы з міліцыянтамі, вайскоўцамі, «якія распавядаюць ім пра высокароднасць працы ў карных органах краіны», кажа наш суразмоўца.

«Школьнікам актыўна ўбіваюць у галовы вайсковыя правілы. Даволі часта ўжо ўдома дзеці выкарыстоўваюць словы з вайсковага жаргону. прызвычайваюцца падпарадкоўвацца, безумоўна выконваць загады кіраўніцтва. Мой сын з вялікай неахвотай хадзіў у гэты летнік», – зазначае Аляксей.

Вайскова-патрыятычныя летнікі для школьнікаў у Беларусі.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь/Telegram

Пра тое, як праходзяць вайскова-патрыятычныя летнікі, распавядае ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства абароны Беларусі. «Тысячы юных беларусаў праводзяць вакацыі з беларускай арміяй», – рапартуе ведамства. У рамках летнікаў для школьнікаў ладзяцца экскурсіі ў вайсковыя часткі, сустрэчы з вайскоўцамі. Улады чакаюць, што гэтыя мерапрыемствы паспрыяюць «развіццю падрастаючага пакалення ў духу патрыятызму».

Прыкладна такую ж мэту разам з маральна-псіхалагічным фармаваннем юнакоў напярэдадні васйковай службы ставіць школьны прадмет «Дапрызыўнае і медычнае рыхтаванне». Мы паглядзелі, што ў яго ўваходзіць.

У 10 класе на дапрызыўнае рыхтаванне адводзіцца 130 гадзінаў, у 11-м – 70. Курс накіраваны на развіццё ў падлеткаў у тым ліку такіх прадметных кампетэнцыяў, як здольнасць удзельнічаць у агульнавайсковым баі, арыентавацца ў баявых абставінах, выбіраць пазіцыю і здзяйсняць яе абсталяванне і маскаванне.

Школьнікаў вучаць выконваць нарматывы ў няпоўным разбіранні і збіранні аўтамата Калашнікава (АК-74), запаўненні магазіну вучэбнымі патронамі, страляць у нерухомую цэль.

Школьнікі вывучаюць хуткасць кулі і карэктаванне стральбы

Юнакі вывучаюць асновы і правілы стральбы, што такое стрэл, пачатковую хуткасць кулі, утварэнне траекторыі, уплыў вонкавых умоваў на палёт кулі, выбар пункту прыцэльвання і карэктаванне стральбы.

Таксама вучні знаёмяцца з аказаннем першай медычнай дапамогі, правіламі эвакуацыі параненага, трэнуюць здольнасць арыентавацца і дзейнічаць у экстрэмальных умовах.

Вайскова-патрыятычныя летнікі для школьнікаў у Беларусі.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь/Telegram

У блоку «Абарона Айчыны» школьнікам распавядаюць пра «мужнасць і гераізм беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне, гераічныя подзвігі беларускіх партызанаў і падпольшчыкаў на акупаванай тэрыторыі, ролю Чырвонай і Савецкай арміяў у справе станаўлення суверэннай Беларусі».

Закранаецца на ўроках таксама і сучаснаць Беларусі, а менавіта, распавядаецца пра «ролю Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь у гарантаванні нацыянальнай бяспекі, асноўныя палажэнні Канцэпцыі нацыяльнай бяспекі РБ, Вайсковай дактрыны РБ, сучасны стан і асноўныя напрамкі далейшага развіцця беларускай арміі». Кажуць ваенрукі і пра «патрыятызм як аснову свядомага стаўлення грамадзянаў да абароны дзяржавы».

«Нацыяналістаў, якія б стаялі за Беларусь ад сэрца, бо яны яе любяць, улады павыганялі»

Ці трэба дзецям яшчэ ў школьным веку вучыцца ваяваць? Што не так з сучаснай беларускай праграмай вайскова-патрыятычнага выхавання? Як мусіць выглядаць такое выхаванне ў «здаровай Беларусі»? Мы задалі гэтыя пытанні заснавальніку беларускай спартова-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён» Сяргею Бульбу.

«Кожная дзяржава імкнецца выхаваць моладзь так, каб яна была адданая гэтай дзяржаве, – зазначае спадар Сяргей. – Гэткая адукацыя ёсць у розных дзяржавах. Іншае пытанне ў ступені заангажаванасці і нахабства».

Былы кіраўнік «Белага легіёну» зазначае, што для тых, хто рос у савецкія часы, нічога незвычайнага ў дапрызыўным рыхтаванні няма – тады школьнікаў таксама вучылі збіраць-разбіраць аўтаматы, вазілі на стральбу. Пасля распаду Савецкага Саюзу ў незалежнай Беларусі паспела вырасці пакаленне, якога ў школе не рыхтавалі да вайны. Але ў нейкі момант дапрызыўнае рыхтаванне зноў пачалі выкладаць.

«Сёння сістэма шукае, хто мог бы бараніць БССР, створаную Лукашэнкам (не магу тут сказаць «Беларусь»), – кажа Сяргей Бульба. – Але выглядае, што такія абаронцы не надта знаходзяцца. Нацыяналістаў, якія б стаялі за Беларусь ад сэрца, бо яны яе любяць, улады павыганялі. Засталіся чаркаскварачнікі, якім чарку са скваркай даюць – дык і добра, а не даюць – дык і не так яны і любяць Радзіму».

Афіцыйнае патрыятычнае выхаванне прайграе прарасейкім вайсковым клубам

Да пошукаў тых, хто пойдзе за Лукашэнку, Бульба адносіць і народнае апалчэнне, што нядаўна з’явілася ў Беларусі і нават закон адмысловы пра яго быў прыняты, і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, што будзе прымацца на паседжанні УНС.

«Яны будуць прымаць яе перад такой колькасцю людзей, бо хочуць намацаць тую глебу, дзе атрымаецца знайсці абаронцаў Лукашэнкі з сям’ёй. Я адмыслова не кажу тут пра Беларусь, бо для мяне ніяк не карэлюецца Лукашэнка з сям’ёй і Беларусь», – зазначае заснавальнік «Белага легіёну».

Вайскова-патрыятычныя летнікі для школьнікаў у Беларусі.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь/Telegram
Вайскова-патрыятычныя летнікі для школьнікаў у Беларусі.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь/Telegram

Паводле Сяргея Бульбы, лукашэнкаўская дзяржава з усім сваім вайскова-патрыятычным выхаваннем прайграе прарасейскім клубам, што прыйшлі на месца выціснутага з краіны «Белага легіёну» і ствараюць большую небяспеку, чым афіцыйнае вайскова-патрыятычнае выхаванне ў Беларусі.

«У гэтых клубах усё моцна завязанае на казацтве, праваслаўі. І афіцыйная чырвона-зялёная прапаганда ім прайграе. Бо ведаеце, калі чалавек займаецца нейкай справай, важна, каб ён гарэў ёй. Тады да такога чалавека цягнуцца людзі. Сярод арганізатараў расейскіх клубаў якраз такія ёсць, апантаныя, у адрозненні ад нашых, якія ўсё робяць дзеля галачкі. Такі і вынік. Бо душу ўкладзеш – прыйдуць людзі, а калі самі фармальна ставіцеся, то якога выніку чакаць?» – задаецца пытаннем спадар Сяргей.

На думку былога кіраўніка «Белага легіёну», сёння такі свет і такая сітуацыя навокал, што цяжка абыходзіцца без зброі. І таму трэба вучыцца ёй карыстацца і ўвогуле жыць ва ўмовах вайны.

«Я сам на Тыбеце прызвычаіўся да іншых каштоўнасцяў, але сёння ў нас варыянтаў няшмат: хочаш абараніць свой дом – дык будзь гатовы, калі прыйдуць кадыраўцы пад выглядам расейскіх братоў, узяць зброю і ваяваць, – кажа спадар Сяргей. – Таму калі мы не хочам наш беларускі народ зрабіць ежай для суседніх народаў, мы вымушаныя будзем і дзяцей вучыць вайсковай справе, і шляхту сваю гадаваць, каб нашая дзяржава была некаму патрэбная».

«Веданне гісторыі – аснова патрыятычнага выхавання»

Паводле Сяргея Бульбы, сутнасць патрыятычнага выхавання ў тым, каб прышчапіць разуменне Радзімы як каштоўнасці. За ўзор ваяр згадвае Украіну.

«У Расеі любяць казаць, што Украіна – гэта дзяржава, якая не адбылася. Але калі пачалася вайна, каля трохсот тысяч мужчынаў толькі за першы месяц вярнуліся ў гэтую нібыта «недадзяржаву». Яны свядома кінулі свой бізнес у Еўропе і прыехалі свядома рызыкаваць жыццём і бараніць сваю Радзіму. Гэта сведчыць якраз пра тое, што дзяржава адбылася, калі ёсць людзі, і іх багата, якія гатовыя яе бараніць, для якіх гэта каштоўнасць. Таму можна што заўгодна казаць пра Украіну, што яна карумпаваная і гэтак далей, але яна людзям патрэбная, людзі гатовыя за яе паміраць. А вось за БССР сённяшнюю я сумняюся, што хтосьці гатовы паміраць», – зазначае спадар Сяргей.

Падчас пабудовы ў новай Беларусі асноваў патрыятычнага выхавання цалкам можна будзе карыстацца досведам «Белага легіёну», мяркуе яго стваральнік:

«У 2017 годзе ўлады нас абвінавацілі, што мы рыхтуем пераварот. Мы адказвалі, што мы не пераварот рыхтуем, а нармальную дзяржаву і патрыятычных афіцэраў для яе».

Клубы «Белага легіёну» працавалі са школьнікамі, адбіралі тых, хто меў «натуральны ваярскі дух», рыхтавалі хлопцаў да здачы іспытаў у навучальныя ўстановы сілавых структураў, распавядае Сяргей Бульба. У клубах быў свой аналаг славутага чырвонага берэту – сталёвы берэт.

«У нас былі тыя ж нарматывы, што ў МУС здаюцца на чырвоны берэт, акрамя зброі. Але яшчэ ў нас быў абавязковы гістарычны мінімум, – распавядае спадар Сяргей. –  Хлопцы нават добра фізічна развітыя, якія не здавалі гісторыю, не маглі атрымаць сталёвага берэту. Праз год яны прыязджалі і даздавалі. Для іх гэта было ганарова. Так гэта мусіць выглядаць. Такім чынам можна было б сфармаваць годныя беларускія сілавыя структуры».

Сяргей Бульба перакананы, што на адным фізічным і вайсковым рыхтаванні без сэнсавага напаўнення, без таго, каб сэрца гарэла за Радзіму, патрыятычнага выхавання не атрымаецца.

«Напрыклад, мы – паслядоўныя прыхільнікі таго, што Беларусь тоесная Літве, што мы – нашчадкі ВКЛ. Канцэпцыя ліцвінства нясе ў сабе моцны зарад гістарычнага пазітыву. Гэта вельмі рэсурсна і выхоўвае дух, – кажа Сяргей Бульба. – Веданне гісторыі – аснова патрыятычнага выхавання. Патрэбнае глыбокае разуменне сваіх каранёў, крыніцаў дзяржаўнасці, каб была сфармаваная ментальнасць сапраўднага патрыёта».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў