Новыя праўкі ў закон: цяпер леснікам можна выкарыстоўваць зброю і затрымліваць беларусаў


Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 83, які, сярод іншага, зацвердзіў новую рэдакцыю Палажэння аб дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь. Тлумачым, у якіх выпадках беларускім леснікам на заканадаўчым узроўні дазволілі выкарыстоўваць зброю, спыняць аўтамабілі і затрымліваць беларусаў.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар

У афіцыйным каментары на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале гаворыцца, што цяпер у хадзе правядзення мерапрыемстваў дзеля аховы і абароны лясоў працаўнікам гэтай дзяржслужбы дазваляецца:

  • спыняць транспартныя сродкі;
  • правяраць дакументы на права выкарыстання абʼектаў расліннага і жывёльнага свету, ажыццяўлення рыбалоўства і палявання, лесакарыстання, а таксама дакументы, якія сведчаць асобу грамадзянаў, але толькі пры наяўнасці фактаў, што ўказваюць на ўчыненне злачынстваў або адміністратыўных правапарушэнняў;
  • весці фота- і відэазапіс, ксеракапіяваць або сканаваць прадʼяўленыя дакументы, а таксама выкарыстоўваць пераносныя відэарэгістратары;
  • затрымліваць асобаў, якія ўчынілі злачынства або адміністратыўнае правапарушэнне, і дастаўляць іх і перадаваць праваахоўным органам;
  • самастойна весці адміністратыўны працэс;
  • насіць пры сабе і выкарыстоўваць пры выкананні службовых абавязкаў зброю і спецыяльныя сродкі.

Калі леснікам можна выкарыстоўваць зброю? Галоўная ўмова, пры якой гэта дапушчальна, – «калі іншымі спосабамі ажыццяўленне службовых паўнамоцтваў не ёсць магчымым», пры гэтым у законе падкрэсліваецца, што працаўнік абавязаны «імкнуцца прычыніць найменшую шкоду здароўю, гонару, годнасці і маёмасці грамадзянаў», а пасля – выканаць захады дзеля неадкладнага аказання медычнай дапамогі пацярпелым.

«Фізічная сіла, спецыяльныя сродкі выкарыстоўваюцца, зброя выкарыстоўваецца зыходзячы з наяўных абставінаў на думку службовай асобы, на якую ўскладаюцца функцыі дзяржаўнай лясной аховы», – гаворыцца ў Лясным кодэксе.

Пры гэтым, як і ў выпадку з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, службовых асобаў дзяржлесаховы закон вызваляе ад адказнасці за шкоду, прычыненую ў выніку выкарыстання імі фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў або зброі.

Зброю леснікам дазволена выкарыстоўваць у дачыненні да наступных асобаў:

  • нападнікаў на службовую асобу дзяржлесаховы, іншых грамадзянаў, калі іхнае жыццё або здароўе зазнаюць небяспеку;
  • асобаў, якія здзяйсняюць напад, у тым ліку групавы або спалучаны з выкарыстаннем зброі або выбухаў, падпалаў і іншых агульнанебяспечных спосабаў, выкарыстаннем транспартных сродкаў, машынаў або механізмаў, на памяшканні, іншыя абʼекты дзяржаўнай лясной аховы;
  • якія ўчыняюць дзеянне, непасрэдна скіраванае на гвалтоўнае завалоданне зброяй, боепрыпасамі, спецтэхнікай або спецсродкамі, што ёсць у службовай асобы;
  • захопленых пры ўчыненні ўказаных вышэй дзеянняў і пры спробе схавацца з выкарыстаннем (або пагрозай выкарыстання) зброі, выбуховых прыладаў або іншых небяспечных прадметаў;
  • асобаў, якія не падпарадкаваліся законнаму патрабаванню службовай асобы неадкладна здаць (пакласці) зброю, выбуховае рэчыва, выбуховае прыстасаванне або іншыя небяспечныя прадметы.

Агнястрэльную зброю леснікам дазваляецца прымяняць для спынення транспартнага сродку, калі кіроўца не падпарадкоўваецца патрабаванням спыніцца, а ягоныя дзеянні «ствараюць рэальную пагрозу жыццю або здароўю службовай асобы» або іншых грамадзянаў.

Адзначым, што паводле закону пры выкананні службовых абавязкаў службовыя асобы дзяржлесаховы абавязаныя насіць форменнае адзенне са знакамі адрознення, а таксама прадʼяўляць сваё службовае пасведчанне на патрабаванне грамадзянаў.

Аднак у некаторых выпадках працаўнікі дзяржлесаховаў могуць быць на службе і ў «цывільнай» вопратцы, хаваючы свой нагрудны знак. Згодна з пунктам 2 артыкулу Ляснога кодэксу, гэта дапушчальна «пры правядзенні палявых мерапрыемстваў у выпадку неабходнасці маскавання пад звычайных грамадзянаў».

У Палажэнні аб дзяржлесахове таксама прапісана, што выконваць законныя патрабаванні працаўнікоў гэтай дзяржслужбы абавязаныя ўсе фізічныя, а таксама юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў