І канцэрты на фронце не дапамаглі: спявачка Маргарыта Ляўчук мае праблемы з ВНЖ і страхоўкай ва Украіне


Беларуская оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, якая цяпер пражывае ва Украіне, сутыкнулася з праблемамі пры афармленні медычнай страхоўкі і атрыманнем віду на жыхарства. Пра гэта яна паведаміла ў сваім «ЦікТоку

Спявачка Маргарыта Ляўчук.
Фота: ГР / Белсат

Артыстка ў відэазвароце распавяла, што з 2020 года не жыве ў Беларусі, знаходзіцца ў вышуку, супраць яе распачатая крымінальная справа. Яна нагадала, што ва Украіне выязджае да лініі фронту, дзе выступае перад украінскімі вайскоўцамі.

«Я хачу жыць ва Украіне і таму цяпер занялася дакументамі, каб падацца на ВНЖ. Усе да мяне добра паставіліся: міграцыя, памежнікі, людзі, воіны-героі, нягледзячы на тое, што я беларуска», – сказала  Маргарыта Ляўчук.

Яна дадала, што не можа атрымаць медычную страхоўку: страхавыя кампаніі адмаўляюцца даваць ёй страхоўку, бо ў яе беларускі пашпарт.

«Усё роўна, што ты робіш для Украіны, для сваёй краіны, хто ты наогул, калі ў цябе беларускі пашпарт – ты не атрымаеш від на жыхарства», – каментуе Ляўчук.

Спявачка сцвярджае, што «усе дамовіліся не даваць беларусам страхоўку», з-за чаго ў яе «апускаюцца рукі».

«Я хачу, каб усё было па законе», – падкрэсліла Маргарыта Ляўчук. Яна заклікала ўкраінцаў не быць «як рэжымы Лукашэнкі і Пуціна».

«Навошта вы так з беларусамі? Мы вас любім і мы хочам, каб да нас добра ставіліся», – заявіла спявачка. Яна падкрэсліла, што беларусы – не Лукашэнка, «тысячы беларусаў не жывуць у Беларусі, тысячы знаходзяцца ў турмах».

Нагадаем, восенню 2023 года Маргарыта Ляўчук праехала з канцэртамі праз зону баявых дзеянняў, каб узняць баявы дух абаронцаў Украіны.

«Я ўступіла ў шэрагі «Культурнага дэсанту» і еду на фронт з канцэртамі, выступаць для абаронцаў Украіны! Для мяне гэта вялікі гонар! Разам да перамогі! Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – напісала артыстка ў сваім Instagram.

У жніўні падчас паездкі ва Украіну яна выступала перад добраахвотнікамі палка імя Кастуся Каліноўскага.

Оперная спявачка Маргарыты Ляўчук у 2020 годзе падтрымала пратэсты ў Беларусі і з таго часу выступае з крытыкай рэжыму Лукашэнкі. У 2021 годзе, калі Ляўчук ужо знаходзілася ў эміграцыі, супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 370 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»). Пазней спявачку абвесцілі ў вышук.

На сваякоў Маргарыты, якія засталіся ў Беларусі, аказваецца ціск. У траўні 2022 году сілавікі затрымалі бацькоў спявачкі Маргарыты Ляўчук у ейнай роднай вёсцы Страдзеч Берасцейскага раёну. Іх асудзілі за «непадпарадкаванне міліцыі» і аштрафавалі на суму, эквівалентную $ 4 тыс. Тады бацькам Маргарыты прапаноўвалі запісаць відэа з просьбай аб тым, каб яна перастала займацца палітыкай.

Артыкулы
Маргарыта Ляўчук: «Жнівень 2020 года цалкам змяніў маё жыццё, я нібы прачнулася»
2021.03.30 21:05

У лістападзе 2023 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) узнагародзіла Ляўчук медалём ордэна «Пагоня» «за заслугі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Беларусі».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў