Галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт»: Шмат беларускіх праектаў залежаць ад рашэнняў МЗС Польшчы


14 сакавіка пастанавілі, што беларуская рэдакцыя радыё «Ўнэт» часова прыпыняе трансляцыю праграмаў. Пра гэта «Белсату» сказала галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт» Вольга Сямашка.

Вольга Сямашка.
Фота: radiounet.fm

«Што такое часова, мы пакуль не гатовыя сказаць, таму што гэта пытанне, якое ад нас не залежыць. А залежыць ад Міністэрства замежных справаў Польшчы, якое нас фінансуе», – кажа галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт».

Радыё «Ўнэт» стваралася, каб беларусы, якія пакінулі родную краіну, мелі голас за мяжой і ведалі, што цяпер адбываецца з беларускім грамадствам у розных кутках свету. З пачатку года журналісты працавалі без зацверджанага бюджэту медыяпраекту.

«Беларускія гадзіны на радыё «Ўнэт» застаюцца, але не будзе класічных эфіраў. Раней да нас звычайна прыходзілі госці, былі жывыя эфіры з канцэртамі ў студыі. Цяпер замест гэтага будзе проста музыка», – кажа пра найбліжэйшыя планы Вольга Сямашка. І дадае, што калектыў працягне чакаць афіцыйнага адказу ад МЗС Польшчы ў справе далейшага фінансавання працы рэдакцыі.

Эфір радыё «Ўнэт» ствараецца беларускаю рэдакцыяй у супрацы з польскімі студыямі радыё «Wnet» у Варшаве, Кіеве, Вільні і Львове, карэспандэнты працуюць у Польшчы, Украіне, Літве і Швейцарыі.

«Мы разумеем выклікі ў сувязі з унутрыпалітычнай сітуацыяй у Польшчы, – кажа галоўная рэдактарка радыё «Ўнэт» Вольга Сямашка. – Але вельмі шмат беларускіх праектаў залежаць ад хуткасці рашэнняў МЗС Польшчы».

Радыё «Ўнэт» пачало працу 11 лістапада 2020 года і сфармавалася з беларускіх журналістаў, якія ў выніку рэпрэсіяў былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Беларуская рэдакцыя радыё «Ўнэт» ёсць часткаю польскага радыё «Wnet» і выходзіць у эфір кожны працоўны дзень зранку і ўвечары.

belsat.eu

Стужка навінаў