Калі турма – не перашкода пачуццям. Сем кранальных гісторыяў кахання беларускіх палітвязняў


У Дзень закаханых прыгадваем гісторыі сем’яў беларускіх палітвязняў, кожная з якіх можа зрабіцца сюжэтам для кінастужкі. У лёсах гэтых людзей – вернасць, ахвярнасць і каханне, якое ім удаецца пранесці праз жорсткія выпрабаванні несправядлівымі абвінавачаннямі, няволяю і расстаннямі. Гэтыя беларусы ўласным жыццём не раз даказалі – сапраўдным пачуццям не страшныя ні турма, ні дыктатура.

Яна Арабейка і Валер Тамілін.
Фота: асабісты архіў Валера Таміліна

Яна Арабейка і Валер Тамілін-Арабейка

Яна Арабейка – фігурантка знакамітай «справы студэнтаў». З Валерам Таміліным яны пазнаёміліся яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў – улетку 2020 года. Пасябравалі. Дзяўчына вучылася на 3-м курсе факультэту эстэтычнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту, была сяброўкай Задзіночання беларускіх студэнтаў, мастачкаю ў Майстэрні паштовак салідарнасці.

У лістападзе 2020 года Яну затрымалі. Яе і яшчэ адзінаццаць асобаў абвінавацілі ў тым, што яны нібыта былі арганізатарамі студэнцкіх пратэстаў. Валер хадзіў на кожнае судовае паседжанне і амаль штодня пісаў Яне. А пасля прысуду, 2,5 года пазбаўлення волі, хлопец вырашыў зрабіць Яне прапанову пабрацца шлюбам. Маладыя людзі пастанавілі не чакаць доўга і распісаліся ў калоніі 27 студзеня 2022 года.

«Я быў такі шчаслівы! І там Яна. Сапраўдная. Хоць і ў бушлаце, канечне, зэкаўскім, але жывая Яна! Мы ж не бачыліся той час, што яна сядзіць», – згадваў Валер дзень шлюбу.

Беларус беларусу
Турэмніца разрыдалася, калі пабачыла шлюб палітзняволенай студэнткі
2022.06.12 21:42

Пасля роспісу маладым дазволілі прайсціся разам, трымаючыся за рукі. Гледзячы, як яны развітваюцца, турэмніца не вытрымала і расплакалася.

«Выйшаў нейкі мужык: «Ты чаго плачаш, што здарылася?» А яна: «Усё. Не чапай мяне. Усё нармалёва», – распавядаў Валер. – …Гэта быў феерверк шчасця. Мы з Янай здолелі абняцца, пацалавацца, патрымацца за рукі, крыху пагутарыць».

30 лістапада 2022 года Яна Арабейка выйшла на волю, і сям’я нарэшце аб’ядналася.

Артыкулы
«Турма – ідэальная сітуацыя, каб зразумець, каханне ў вас ці нешта іншае». Дзень святога Валянціна за кратамі
2022.02.14 13:15

Зміцер Фурманаў і Вольга Каракіна

Маладзёны пазнаёміліся ў 2018 годзе. Вольга працавала менеджаркай продажаў, а Зміцер – інжынерам у «Горадняаблаўтатрансе». Абодва – раварысты, пазнаёміліся на адной з пакатушак і пасля бачыліся на веламаршрутах.

«Упершыню я заўважыў Волю, калі ў чаце раварыстаў яна пытала парады, які ровар ёй лепей набыць. Я скінуў ёй спасылку на добрыя варыянты», – распавядаў Зміцер пра знаёмства з каханай.

На першае спатканне ён запрасіў Вольгу на канцэрт арганнай музыкі. Прыглядаліся адно да аднаго, і праз некалькі месяцаў пачалі сустракацца.

29 траўня 2020 года на пікеце падчас збору подпісаў у Горадні Зміцер быў затрыманы разам з Сяргеем Ціханоўскім. Вольга адразу пачала змагацца за каханага: стаяла з плакатамі з ягонай выявай падчас пратэстаў у Горадні, пасля пераезду ў Літву – на акцыях салідарнасці ў Вільні. Праз два месяцы пасля затрымання Змітра Вольга разам з ягонымі бацькамі прыехалі да сценаў СІЗА на Валадарскага, дзе яго трымалі. Дзяўчына разам з маці палітвязня, спадарыняй Вольгай, абвесцілі галадаванне і трымалі яго 10 дзён. Іх галоўнае патрабаванне – вызваліць Змітра – выкананае не было, але ўдалося прыцягнуць увагу да гэтай гісторыі.

Гісторыі
«Хацеў зрабіць прапанову ў дзень, калі мяне выкралі»: гісторыя кахання экс-палітвязня Змітра Фурманава і ягонай дзяўчыны
2022.02.14 21:11

Фурманава абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні ці актыўным удзеле ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Суддзя Вольга Бекушава пакарала гарадзенца 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. За кратамі Зміцер правёў 1 год і 3 месяцы. 21 кастрычніка 2021 года Фурманаў выйшаў на волю і ў той самы дзень пакінуў Беларусь. 30 кастрычніка 2021 года пасля Кіева ён прыехаў у Вільню і сустрэўся з Вольгай Каракінай. На Новы год былы палітвязень зрабіў ёй прапанову.

На вяселлі Змітра і Вольгі прысутнічала Святлана Ціханоўская.

«Мы наогул спадзяемся, што вернемся ў Беларусь і зробім вяселле там, – казаў Зміцер. – Рана ці позна мы вернемся ў наш горад, без варыянтаў».

Ігар і Дар’я Лосікі

Ігар і Дар’я Лосікі ажаніліся ў 2013 годзе. У 2018 годзе ў сужэнства нарадзілася дачка Паўліна.

25 чэрвеня 2020 года, яшчэ да выбараў і паслявыбарчых падзеяў, Ігара затрымалі. У снежні 2021 года засудзілі на 15 гадоў калоніі.

Дар’я распавядала, што Ігар нават з-за кратаў рабіў ёй сюрпрызы і падарункі. Так, на дзявятую гадавіну шлюбу, якую пара адзначала 9 лютага 2022 года, Дар’я атрымала ад мужа вялізны букет кветак і цукеркі. Ігар на той момант быў у СІЗА ў Гомлі.

«Ён памятае нават там, і я думаю, што ён у перапісцы з некім проста просіць віншаваць мяне ад яго», – казала тады Дар’я.

Hавiны
Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калоніі: «Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта годна»
2023.01.19 12:43

Пасля затрымання Ігара Дар’я пастаянна ездзіла ў СІЗА з перадачамі, падчас суда гадзінамі сядзела каля ізалятару ў чаканні навінаў пра мужа. Жанчына адкрыта казала пра несправядлівасць абвінавачання, імкнулася прыцягнуць увагу да таго, што адбываецца, зрабіць усё дзеля хутчэйшага вызвалення Ігара.

«Затрыманне Ігара, ягоны арышт і ўтрыманне ў СІЗА даказалі толькі тое, што мы не можам жыць адно без аднаго, і ні пра якое расстанне тут не можа быць і гаворкі. Я вельмі добра разумею, што без Ігара жыць не змагу. І Ігар у лістах мне пастаянна піша: «Даша, калі б не было цябе, я не ведаю, як бы з гэтым усім спраўляўся». Турма – ідэальная сітуацыя, каб зразумець, каханне ў вас ці нешта іншае», – казала Дар’я.

У кастрычніку 2022 года Дар’ю Лосік таксама затрымалі і асудзілі на 2 гады за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Сёлета палітзняволеная мусіць выйсці на волю. Удома яе і тату чакае дачка.

Аб’ектыў
Каханне ў няволі: як адзначаюць Дзень закаханых палітвязні?
2022.02.14 22:30

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Гісторыю кахання журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша мы не аднойчы распавядалі на нашай старонцы. Маладзёны ажаніліся ў 2016 годзе.

15 лістапада 2020 года нашую калегу затрымалі. Спачатку асудзілі на 3 гады паводле «народнага» артыкулу 342, а ў 2022 – яшчэ на 8 гадоў за «здраду дзяржаве».

Муж Кацярыны застаецца ў Беларусі.

«Я застаўся ў Беларусі і не збіраюся з’язджаць. У дзень выстаўлення Каці абвінавачання я публічна агучыў, што пакуль яна за кратамі, я не з’еду з краіны, гэта мая прынцыповая пазіцыя, якая не змянілася за год абсалютна ніяк. Для мяне важна, каб мы прайшлі гэты шлях разам», – казаў Ігар.

Журналіст у ранейшых інтэрв’ю падкрэсліваў, што ні ён, ні Кацярына не шкадуюць пра свой выбар у жыцці, нягледзячы на тыя выпрабаванні, што даводзіцца перажываць:

«Мы разумелі яшчэ раней, што гэты ейны, наш выбар можа мець падобныя наступствы. Для Каці было немагчымым усё кінуць: сваю прафесію, журналісцкі шлях – і з’ехаць падчас усіх тых падзеяў проста так. Яна засталася верная свайму выбару, што дорага каштуе. Але думаю, што гэтае разуменне для яе – вельмі важная крыніца сілаў, натхнення, упэўненасці ў сабе для далейшага змагання. Канечне, было б цудоўна, калі б мы змаглі пазбегчы таго, што мы цяпер перажываем, але ні я, ні Каця не шкадуем пра свой выбар».

Артыкулы
Муж Кацярыны Андрэевай пра аднадзённае спатканне: Самыя шчаслівыя суткі з моманту арышту
2021.08.05 17:46

Андрэй Кузнечык і Алеся Рак

Журналіст радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык прынцыпова не хацеў з’язджаць з Беларусі, хоць і ўсведамляў усе рызыкі. Яго затрымалі 25 лістапада 2021 года, у кватэры правялі ператрус.

Удома ў Андрэя засталіся жонка і двое дзяцей: сын Мацей і дачка Яніна – бацьку забралі на іхных вачах.

Андрэй піша з-за кратаў і жонцы, і дзецям, якім прыдумаў мянушкі: Яначка-зараначка і Мацейка-верабейка. Алеся Рак кажа, што дачка лянуецца пісаць лісты бацьку: проста чакае, калі ж вернецца, а пісьмовы спосаб камунікацыі ёй не зразумелы, больш любіць маляваць.

З будучым мужам Алеся пазнаёмілася выпадкова. Яны вучыліся разам на філфаку БДУ, жылі ў адным інтэрнаце. Алеся прыйшла ў пакой Андрэя «клеіць ягонага сябра» – бліжэй пазнаёміцца з суседам. З тым не склалася, але Алеся пасябравала з жыхарамі пакою. Калі Андрэй паступіў у аспірантуру і з’ехаў з інтэрнату, а Алеся была яшчэ на 5-м курсе, бачыліся на вуліцы і на філфаку: сустрэліся раз, другі – «пачало з’яўляцца разуменне, што трэба сустракацца запланавана». Гадзінамі шпацыравалі па ўзбярэжжы Свіслачы і размаўлялі.

Андрэй – чалавек грунтоўны і надзейны, кажа жонка, таму яму трэба было спачатку ўпэўніцца, што яны адно адному падыходзяць, пэўны час трэба было пажыць разам. Але калі аднойчы Алеся злавіла букет на сяброўчыным вяселлі, Андрэй проста сказаў: «Ну, хадзем у загс, што цягнуць». Прозвішча Алеся вырашыла не мяняць, каб «не парушаць такі альянс» – кажа, што пара Рак і Кузнечык цешыць незнаёмцаў, напрыклад, працаўнікоў гатэляў.

Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч

«Нашае знаёмства адбылося вельмі даўно – на пачатку 1990-х. Памятаю, сябры задурылі мне галаву пра тое, які класны хлопец Мікола Статкевіч. Упершыню мы сустрэліся ў Доме літаратара на дні народзінаў нашага агульнага сябра Міколы Міхноўскага, – распавядала Марына Адамовіч пра знаёмства з мужам, Міколам Статкевічам. – Там я і ўбачыла Статкевіча – кіраўніка папулярнага Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое голасна пра сябе заявіла.  Мікола – прыязны, з яркімі блакітнымі вачыма, прыгожы мужчына. За некалькі тыдняў да таго яго звольнілі з войска. Не пры самых лепшых абставінах адбылося нашае знаёмства. Ён застаўся без справы, якой прысвяціў жыццё, але выпраменьваў добразычлівасць і аптымізм».

Марина Адамович, жена Николая Статкевича
Марына Адамовіч, жонка палітыка Міколы Статкевіча, паказвае фотаздымкі з сямейнага архіву. Менск, Беларусь. 26 студзеня 2021 года.
Фота: Белсат

Спадарыня Марына распавядала, што Мікола скарыў яе «абсалютнай мужчынскасцю, годнасцю».

«Для мяне ён самы неверагодны чалавек з усіх, каго ведаю. …Для мяне было відавочна, што паміж намі ёсць паразуменне, гатовасць прыняць адно аднаго такім, які ты ёсць. Мікола – надзейны чалавек. Я разумею матывы ягоных учынкаў і падзяляю тыя ж каштоўнасці», – кажа жанчына.

Марыне Адамовіч выпала няпростая доля – перажываць за мужа і чакаць яго на волі, калі яго каралі зняволеннем за палітычную пазіцыю. Мікалай – тройчы палітвязень. Апошні раз ён быў затрыманы ў 2020 годзе і засуджаны на 14 гадоў зняволення.

9 лютага быў год, як ад Статкевіча няма ніякіх навінаў. Марына Адамовіч не раз пісала ў сацсетках, як гэта невыносна – нічога не ведаць пра лёс каханага чалавека.

23 студзеня падчас рэйду па сваяках палітвязняў была затрыманая і Марына Адамовіч. 7 лютага стала вядома, што яна выйшла на волю, аднак ніякіх звестак ад яе пакуль няма.

Гісторыі
Роўна год няма вестак ад палітвязня Міколы Статкевіча – апошні ліст прыйшоў 9 лютага 2023 года
2024.02.09 07:33

Вольга і Павел Севярынцы

Вольга Севярынец – яшчэ адна беларуска, якая чакае каханага чалавека – палітыка Паўла Севярынца, пакуль ён адбывае несправядлівае пакаранне. Разам з ёй чакае Францішак – іхны маленькі сын.

Павел Севярынец – палітык, пісьменнік, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, з 2020 года яго трымаюць у няволі. Яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел у масавых беспарадках»). Палітыка схапілі 7 чэрвеня амаль каля дому, калі ён ехаў з выбарчага пікету на Камароўцы. Вольга была сведкай затрымання: пабачыла ў стрыме, што Павел вяртаецца, і выйшла сустрэць разам з Францішкам. Мужа суправаджала вялікая колькасць людзей, гурбой выйшлі да яго суседзі, але раптам пад’ехаў шэры бус, і Паўла гвалтам пасадзілі ў яго.

Вольга і Павел пазнаёміліся на пачатку 2000-х. Дзяўчына паступіла на філфак БДУ, і аднойчы сябры запрасілі яе паглядзець фільм «Плошча» Юрыя Хашчавацкага. На тым праглядзе Вольга і ўбачыла ўпершыню Паўла.

«Хто ён такі, я даведалася пазней. А з той першай сустрэчы добра памятаю глыбокія Пашавы вочы, ягоныя інтэлігентнасць і ўпэўненасць. Моцна здзівіць мяне ён здолеў адразу ж. Па сутнасці, ён зрабіў прапанову рукі і сэрца на першым жа спатканні», – распавядала Вольга.

Вольга Севярынец з сынам Францішкам. Менск, Беларусь. 30 чэрвеня 2020 года.
Фота: Белcат

Зрабіцца ягонай жонкай Павел Севярынец прасіў Вольгу, стоячы на каленях на плошчы Свабоды ў цэнтры Менску, акурат у той момант зазванілі царкоўныя званы. Аднак сустрэчы закаханых хутка спыніліся, бо Павел быў арыштаваны за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2010 года. Яго выслалі адбываць «хімію» ў Куплін (Берасцейская вобласць) на 3 гады.

«Можна сказаць, што калі мы сустракаліся, ён увесь час сядзеў, – казала Вольга. – …Павел – упарты хлопец, калі ён разумее, што шлях, які ён абраў, правільны, ён з яго не сыдзе. Я перажываю за яго, за нас, але разумею, што гэта ягоны шлях. Паша сапраўды любіць гэту краіну і гэты народ. Мне застаецца толькі падтрымліваць, і я ні разу не пашкадавала».

Праз тры месяцы вызвалення з куплінскай «хіміі», у 2014 годзе, Вольга з Паўлам ажаніліся. Вянчанне адбылося ў Архікатэдральным саборы Дзевы Марыі.

Першае дзіця Вольга і Павел страцілі. Яшчэ падчас цяжарнасці дактары сказалі, што хлопчык народзіцца вельмі хворы, і параілі зрабіць аборт. Аднак сужэнства адмовілася. Ян – так назвалі сына – памёр на восьмым содні пасля нараджэння.

Праз тры з паловай гады пасля страты дзіцяці Павел з Вольгай даведаліся, што зноў чакаюць хлопчыка. Назвалі яго ў гонар Францыска Скарыны, бо той год быў пяцісоты з выдання друкаром Бібліі. Цяпер Вольга з Францішкам чакаюць Паўла на волі і вераць, што каханне пераможа – інакш не можа быць.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў