Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калоніі: «Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта годна»


Берасцейскі абласны суд 19 жніўня абвясціў вырак палітычнай зняволенай Дар’і Лосік: за падтрыманне ейнага мужа-палітвязня, блогера Ігара Лосіка ёй прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму, піша радыё «Свабода». Дар’ю, як і мужа, праваабаронцы прызналі палітычнай зняволенай.

Вырак можа быць абскарджаны цягам 10 дзён. Справу разглядаў суддзя Мікалай Грыгаровіч. Ён прысудзіў роўна тое, што прасіла пракурорка, і не пагадзіўся з просьбай абароны і падсуднай прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. У падсуднай і ейнага зняволенага мужа ёсць 4-гадовая дачка: бацьку трымаюць у няволі ўжо два з паловай гады, маці – тры месяцы, дзіця цяпер даглядаюць бабулі і дзядулі.

Дар’я Лосік. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Ці праўда, што Дар’я Лосік прызнала віну ў поўным аб’ёме?

Дзяржаўныя медыі заяўлялі, што Дар’я Лосік «прызнала віну ў поўным аб’ёме». Аднак з ейных словаў на судзе, якія перадае «Брестская газета», вынікае крыху іншае: прызнала свае дзеянні, але з важнымі агаворкамі.

Абвінавачанне Дар’і Лосік выставілі паводле артыкулу «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4 КК РБ). У матэрыялах справы значылася, што віна ў наступным: у красавіку 2022 года ў інтэрв’ю «Белсату», які ўлады назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем», Дар’я Лосік «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязня» Ігара Лосіка (а яго сапраўды прызналі палітвязнем, ён асуджаны на 15 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму), «дала асабістую негатыўную ацэнку дзяржаўным органам», «паведаміла, што ейны муж не здзяйсняў крымінальных дзеянняў і асуджаны незаконна» і «заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць з яе прыклад».

Гісторыі
Пачалі судзіць Дар’ю Лосік. У чым яе вінавацяць і за што напраўду схапілі?
2023.01.18 14:14

На судзе Дар’я Лосік заявіла, што не адмаўляе таго, у чым яе вінавацяць, прызнае сваю віну і чыстасардэчна раскайваецца, але нікому ніякай шкоды не нанесла. Яна таксама расказала, што не правярала, ці ўключаны «Белсат» у спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» (у гэты спіс нас сапраўды ўнеслі 3 лістапада 2021 года, на дзень інтэрв’ю ў спісе было паўсотні «фармаванняў»), «не выказвала ніякага негатыву» і «старалася пазбягаць ацэнак грамадска-палітычнай сітуацыі».

Словы аб тым, што тыя, хто пасадзіў Ігара Лосіка, гэта «труслівыя людзі», былі сказаныя адносна размовы з дачкой, казала Дар’я: так яна тлумачыла 3-гадовай дачцэ тое, што адбылося з бацькам.

Суддзя перапытаў Дар’ю, ці разумела яна, што дае інтэрв’ю «экстрэмісцкаму фармаванню» і што яго можа паглядзець вялікая колькасць людзей. Дар’я адказала, што разумела, але «нікога не абражала і не заклікала да ўчынення нейкіх супрацьпраўных дзеянняў».

«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта годна, – казала Дар’я Лосік. – Але разам са мной пакаралі маю сям’ю, у тым ліку маю малалетнюю дачку».

За некалькі дзён да інтэрв’ю Дар’я з дачкой Паўлінай ездзілі да Ігара Лосіка ў СІЗА ў Гомлі. Ігар пабачыў дачку ўпершыню за два гады.

«Там, канечне ж, было мора эмоцыяў, – згадвала Дар’я пра сустрэчу дачкі з бацькам. – За гэтыя дзве гадзіны, пакуль ішло спатканне, яна расказвала яму вершы, спявала песні. Гэта быў самы шчаслівы, самы пазітыўны дзень у нашым жыцці пасля вымушанага расстання. І адначасова самы цяжкі, паколькі я не ведала, калі Ігар зноў зможа пабачыцца з Паўлінай, і як мне ўсё гэта растлумачыць дачцэ».

Па дарозе дамоў у Баранавічы, расказвала Дар’я, дачка пытала, чаму бацьку не забралі з сабой – давялося растлумачыць, што ён у турме, але яго «пасадзілі за праўду».

Дар’я Лосік паказвае фота мужа. Менск, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Прысуд абвясцілі на другі дзень – такое нячаста бывае ў палітычных судах

Дар’ю Лосік пачалі судзіць 18 студзеня, абвясцілі вырак 19-га. У Беларусі суды над палітычнымі зняволенымі часцей за ўсё цягнуцца значна доўжэй, часам нават месяцамі. Ігара Лосіка судзілі паўгода, яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў («Распальванне варожасці» і «Арганізацыя масавых беспарадкаў») за падзеі перад выбарамі-2020, з ім судзілі яшчэ пяць чалавек (Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча, Арцёма Сакава, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча).

Калі падсудны адзін і артыкул адзін, справы разглядаюць хутчэй. Напрыклад, за тое ж «Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», якое выявілася ў перасылцы «экстрэмістам» кадраў руху вайсковай тэхнікі, пінчука Канстанціна Байсарава таемна судзілі два тыдні, гамяльчанку Ганну Пышнік за тое ж судзілі тыдзень. Вядомага вайсковага аналітыка Ягора Лебядка судзілі за інтэрв’ю «Еўрарадыё» паводле таго ж артыкулу больш за тыдзень.

Але паводле таго ж артыкулу некалькі выракаў выносілі на чацвёрты дзень з пачатку суда: так асудзілі Аляксандра Загдая ў Берасцейскім абласным судзе, Віктара Дзіброва ў Магілёўскім абласным, Віктара Кулінку ў Гомельскім абласным. Але так жа хутка, як Дар’ю Лосік, і паводле таго ж артыкулу Берасцейскі абласны суд асудзіў баранавіцкага журналіста Юрыя Ганцарэвіча.

Разгляд палітычных адміністратыўных (не крымінальных) справаў адбываецца значна хутчэй. Напрыклад, 25 лютага 2021 года глыбоцкага журналіста Змітра Лупача за адзін дзень паспелі тройчы асудзіць за супрацу з «Белсатам».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў