14, 16, 18 гадоў… Што значаць лічбы прысудаў у «справе Ціханоўскага»?


Чаму Ціханоўскаму такі вялізны тэрмін? За што Лосіку больш, чымся Бабарыку? Спыталі праваабаронцу і палітолага.

Фігуранты «справы Ціханоўскага» перад абвяшчэннем выраку. Сяргей Ціханоўскі павярнуўся спінаю да суддзі.
Фота: tvr.by

14 снежня ў СІЗА № 3 Гомля абвясцілі прысуд у «справе Ціханоўскага». Блогера і ахвочага стаць кандыдатам на прэзідэнта ў выбарах 2020 года Сяргея Ціханоўскага засудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Мадэратару сацсетак «Страна для жизни» Дзмітрыю Папову і аператару Youtube-каналу «Страна для жизни» Арцёму Сакаву далі па 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Блогерам Ігару Лосіку («Беларусь головного мозга» і Уладзіміру Цыгановічу (MozgON) – 15 гадоў узмоцненага рэжыму. Палітыку і аўтару ідэі «кандыдатаў пратэсту» Міколу Статкевічу – 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асобага рэжыму, што нават больш жорстка за ўзмоцнены.

Артыкулы
Крыніца: пракуратура плануе абскардзіць прысуд Сяргею Ціханоўскаму
2021.12.15 12:22

 

Улетку Віктара Бабарыку, які, як і Ціханоўскі, збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта, засудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі жорсткі вырак, як у Ціханоўскага, сярод палітычных вязняў атрымліваў толькі адзін чалавек: капітан Генеральнага штабу Дзяніс Урад, якому ў траўні прызначылі 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «здраду дзяржаве» (перадачу «польскаму тэлеграм-каналу» сакрэтнага ліста ад міністра ўнутраных справаў міністру абароны з просьбаю задзейнічаць войскі да разгону пратэстаў).

Чаму менавіта столькі?

Праваабаронца і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка кажа «Белсату»: разважаць пра тое, чаму камусьці прысудзілі больш, а камусьці менш, не хочацца, бо перадусім важна іншае. Усе, каго асудзілі з палітычных матываў за рэалізацыю сваіх правоў і свабодаў, мусяць быць вызваленыя, і не важна, на які тэрмін іх асудзілі.

Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна». Вільня, Літва. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: НМ / Белсат

«Зусім не хочацца цяпер казаць, што камусьці далі меней, бо літаральна заўтра ім могуць закінуць яшчэ нейкія крымінальныя склады і даць больш, – адзначае праваабаронца. – У гэтым ніхто не абмежаваны, тым больш тыя ўлады, якія даўно адышлі ад прававога характару сваёй дзейнасці».

Не 4 гады і не 5 гадоў, а 14–18 прысуджаюць, каб выклікаць жах, мяркуе Сапелка: каб людзі зразумелі, што з гэтымі ўладамі жартаваць не трэба, што пакаранне будзе найбольш жорсткім. Улады разглядаюць як кандыдатаў, так і чальцоў іхных камандаў як людзей, якія рэальна хацелі змяніць парадак, што існаваў да выбараў.

«Зразумела, што ўлады ім цяпер адкрыта, шчыра помсцяць, – разважае Сапелка. – Інакш гэтыя прысуды ацаніць нельга».

Менавіта так было з капітанам Урадам, які не падрываў дзяржаўнай бяспекі, кажа Сапелка. Ураду далі большы тэрмін, чымся рэальным шпіёнам і здраднікам дзяржавы, каб выклікаць страх.

Артыкулы
«Не вытрымаў ад таго, што адбываецца ў краіне». Справа капітана Генштабу стала рэкорднай паводле хуткасці прысуду
2021.05.18 10:00

Падобныя думкі выказвае «Белсату» і палітолаг Андрэй Ягораў: галоўная мэта гэткіх прысудаў – запужаць, а лічбы ў прысудах, якімі б яны ні былі, выпісаныя ні за што. Ды палітолаг разважае: для ўладаў Ціханоўскі і Статкевіч могуць уяўляцца больш небяспечнымі за іншых, прыхільнікамі вулічнага пратэсту і рашучых дзеянняў.

Палітолаг Андрэй Ягораў.
Фота: Andrei Schutt / Wikimedia / CC BY-SA 4.0

«Гэта маглі быць і персанальныя прэтэнзіі, бо Ціханоўскі дастаткова яскрава выражаўся ў бок Аляксандра Лукашэнкі: ад назваў кшталту «таракана – тапкам» да выказванняў пра Мікалая Лукашэнку на сустрэчы з Лукашэнкам, – разважае Ягораў. – Гэта можа мець прычыны персанальнай помсты».

Нейкая персанальная злосць можа быць і на Статкевіча, дадае палітолаг. Палітык быў актыўным у палітыцы з пачатку 1990-х: публічна выступіў супраць путчу ў Маскве, утварыў Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, выступіў супраць далучэння да АДКБ, ладзіў акцыі пратэсту яшчэ ў Менскую вясну 1996 года і Марш свабоды 1999-га, быў упершыню асуджаны на пазбаўлення волі за пратэсты супраць рэферэндуму 2005-га…

Але чаму тады такія ж суворыя прысуды, як палітыкам, далі і не палітыкам? На думку Ягорава, хоць тыя ж Лосік і Цыгановіч «не надта вядомыя радыкальнай пазіцыяй», гэта магла быць «механічная праца»: раз гэта «арганізаваная група», дык нельга даць аднаму 18, а другому 5, бо «тэхніка фабрыкацыі ламаецца». Пры тым, дадае Ягораў, асабіста яму выракі Папову, Сакаву, Лосіку і Цыгановічу адчуваюцца нават больш неймавернымі за выракі Статкевічу і Ціханоўскаму.

Размова
Які сігнал паслаў Лукашэнка выракам Ціханоўскаму?
2021.12.15 01:40

А палітычных вязняў напужаюць такія выракі?

«Мы ведаем, хто такі Мікола Статкевіч, – разважае Ягораў. – Для яго гэта не першы раз, мы ведаем, як ён сябе паводзіць і наколькі гэта ўнутрана моцны чалавек. Такія лічбы яго не зломяць. Ціханоўскі паказаў сябе чалавекам падобнага складу. Адносна астатніх мне складана сказаць, ці гэта на іх цісне. Але відавочна гэта цісне на іхных родных і грамадства ўвогуле».

Сапелка падкрэслівае, што такое трэба пытаць у вязняў, але дадае: на яго самога гэта паўплывала б. Ён тлумачыць: ясна, у які бок рухаецца сітуацыя ў Беларусі, але няясна, колькі гэта будзе працягвацца і калі скончыцца. Некаторыя людзі, якім далі невялікія тэрміны за пратэсты-2020, ужо выйшлі на волю, а калі выйдуць фігуранты «справы Статкевіча», не адгадаць.

«Я хачу нагадаць, што ва Узбекістане да таго, як крыху змякчыўся рэжым, некаторыя людзі адсядзелі па 8, па 10 гадоў пазбаўлення волі, а некаторыя памерлі ў няволі, – кажа Сапелка. – Таму казаць, што 5 або 15 – гэта адно і тое ж… Не насамрэч. Мы не ведаем, як будзе разгортвацца сітуацыя, як яна будзе выглядаць праз год і праз пяць».

Суразмоўца звяртае ўвагу на тое, як мяняецца сітуацыя ў Расеі, з якой шмат хто звязвае надзеі на развязанне беларускага крызісу. У Расеі, мяркуе Сапелка, «становіцца ўсё так жа кепска, як у Беларусі», таму з таго боку «ратунак не прыйдзе».

Артыкулы
«Мы не спынімся». Святлана Ціханоўская, Марына Адамовіч і Дар’я Лосік пра гомельскі прысуд
2021.12.14 15:06

Суддзям усё роўна, 5 ці 15?

На думку Сапелкі, суддзі мусяць разумець, якія тэрміны даюць, але ці ўсведамляюць, невядома. Можа, суддзі думаюць, што абвінавачаныя не адбудуць усяго тэрміну, а можа, і не думаюць.

Але, адзначае праваабаронца, тых, хто выносіць суворыя прысуды, нельга апраўдваць фразай «усё роўна столькі не прасядзяць» і ставіць у адзін шэраг з тымі, хто карае параю гадоў «хатняй хіміі». Хоць і пару гадоў «хатняй хіміі» з палітычных матываў – таксама незаконна, але гэта іншы ўзровень адказнасці суддзі.

Ягораў жа адзначае, што ў цяперашняй беларускай сістэме суддзі падпарадкоўваюцца загадам вышэй, а калі не падпарадкоўваюцца, то проста сыходзяць, а на іхнае месца прызначаюць тых, якія падпарадкоўваюцца.

Суддзя Мікалай Доля, які агучваў вырак у «справе Статкевіча». Звестак у адкрытых крыніцах пра яго зусім не шмат.
Фота: zubr.cc

Чаму Статкевіча – у асобы рэжым?

Асобы рэжым у калоніі – самы жорсткі з магчымых, а больш жорсткім зняволеннем можа быць толькі турма, але ў турме нельга ўтрымліваць чалавека больш за 5 гадоў запар (арт. 57 КК РБ). Асобы рэжым – гэта толькі адно доўгатэрміновае і два кароткатэрміновыя спатканні на год, набткі на не больш як тры базавыя велічыні (87 рублёў) за месяц, адна пасылка і дзве бандэролі за год.

Фармальна Статкевічу прызначылі такі рэжым, бо ён раней адбываў пакаранне за «асабліва цяжкае злачынства», тлумачыць Сапелка. У 2011 годзе палітыка засудзілі за «арганізацыю масавых закалотаў» пасля выбараў-2010 на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалілі праз 4 гады і 8 месяцаў пасля затрымання шляхам «памілавання» з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Юрыдычна і ўзмоцнены, і асобы рэжымы могуць быць ва ўмовах адной і той жа калоніі, але ў Беларусі на асобы рэжым прынамсі раней выпраўлялі толькі ў Папраўчую калонію № 13 у Глыбокім. Зняволеныя гэтай калоніі неаднаразова скардзіліся на пабоі і катаванні, у той калоніі былі не адзінкавыя выпадкі смерцяў і самагубстваў вязняў.

Сапелка згадвае, што бываў у той калоніі, бачыў яе ссярэдзіны: там былі значна горшыя ўмовы ў параўнанні з іншымі, калонія пакідае гнятлівыя ўражанні. Тэрыторыя невялікая, жылыя зоны малыя, каменныя, зацягнутыя калючым дротам… Да таго ж у калоніі асобага рэжыму адбывае пакаранне зусім іншы «кантынгент»: каб трапіць у такі рэжым, трэба быць пакараным за асаблівыя злачынствы або быць пераведзеным туды з «лягчэйшага» рэжыму за асаблівыя парушэнні.

«Яны столькі не адсядзяць» – гэта не пра спадзевы, а пра досвед

Ягораў мяркуе, што з розных прычынаў засуджаныя ў «справе Ціханоўскага» наўрад ці адбудуць увесь тэрмін:

«Нават калі не казаць пра тое, што Лукашэнка сыдзе раней, то іншыя прычыны, як неабходнасць лібералізацыі і ўзнаўлення стасункаў з Захадам, вымусяць выпускаць палітычных вязняў, – мяркуе палітолаг. – Яны ўсе выйдуць, у тым ліку гэтыя людзі. Я не думаю, што гэта можа заняць 14 ці 18 гадоў.

Трэба паглядзець у гісторыю: тут не пра спадзевы, а пра тое, як сядзелі іншыя палітзняволеныя ў іншыя гады. Рэдка хто з іх даседжваў поўны тэрмін, асабліва калі гэта здаралася ў такой сітуацыі пасля выбараў».

Ягораў бачыць рэгулярны «выбарчы цыкл»: гады праз два пасля выбараў і масавых рэпрэсіяў пачыналіся спробы ўладаў Беларусі дамаўляцца з Захадам, а для Захаду быў крытычным пункт пра палітычных вязняў, таму іх пачыналі паступова выпускаць. Хоць пратэстаў такіх маштабаў, як у 2020-м, раней не было, палітолаг лічыць, што цыкл можа паўтарыцца і гэтым разам.

ВІДЭА
Замест апошняга слова Ціханоўскага выдалі яго новую песню. ВІДЭА
2021.11.25 12:56

АА, belsat.eu

Стужка навінаў