«Дзіма прыехаў паглядзець на Майдан і застаўся». Гісторыя ўкраінкі і расейца, які ваюе за Украіну


Украінка Вольга і расеец Дзмітрый разам ужо сем гадоў. Яны абое былі на Майдане яшчэ ў 2014 годзе, але пазнаёміліся толькі ў 2016-м. Дзмітрый на той момант ужо абараняў Украіну ў зоне АТА. Вольгу ўразіла, што расеец ваюе за ейную радзіму. 24 лютага мінулага года, пасля ўварвання Расеі, мужчына адразу ж вярнуўся на фронт, дзе застаецца і дагэтуль. Вольга засталася ў Кіеве. Мы папрасілі яе распавесці іхную гісторыю.

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

Былі разам на Майдане, але пазнаёміліся пазней

Дзмітрый жыў у Санкт-Пецярбурзе, працаваў зваршчыкам. Ён не быў актывістам, але ўвесь час шукаў сябе і не мог знайсці, дзе ў Расеі прымяніць сваё імкненне да пераменаў, распавядае Вольга. Калі напрыканцы 2013 года ў Кіеве распачаліся падзеі на Майдане, Дзмітрый шмат чуў пра гэта праз тэлебачанне, але каб скласці поўную карцінку таго, што адбываецца, у 2014 годзе надумаў паехаць ва Украіну і на свае вочы ўсё ўбачыць.

«У яго не было мэты падтрымаць Майдан. Калі ён ехаў, то проста хацеў паглядзець, як усё ёсць насамрэч, бо не верыў адразу таму, што казалі праз тэлебачанне, – распавядае Вольга. – І калі ён тут усё пабачыў, усіх гэтых людзей, самаарганізацыю, ён адразу ўключыўся ў гэты рух, далучыўся да адной з сотняў добраахвотнікаў, што былі на Майдане. Так і застаўся».

Дзмітрыю на той момант быў 31 год. Вользе – 30. Яна таксама была на Майдане. Але яны там не сустрэліся.

«У нас толькі ёсць супольнае відэа аднаго з прапагандысцкіх расейскіх тэлеканалаў, дзе бачна, як мы поруч ідзем 18 лютага на Інстытуцкай. Ён ідзе са сцягам сваёй сотні, а я як удзельніца мітынгу разам са сваёй сястрой, – прыгадвае Вольга. – Ён тады пацярпеў ад «Беркута», яго моцна пабілі, забралі дакументы – ён так і застаўся без іх ва Украіне».

«Мама казала: давай я з ім паразмаўляю і вылічу, ён агент ФСБ ці не»

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

Сустрэліся Вольга і Дзмітрый пазней, у 2016 годзе.

«Пазнаёміў нас наш супольны сябар – беларус, які таксама быў добраахвотнікам ва Украіне і, на жаль, загінуў. Гэта Аляксей Скобля з пазыўным Тур, – кажа ўкраінка. – Я тады валанцёрыла, Дзіма ўжо быў на вайне. Так тады і пачаліся нашыя адносіны».

Вольгу найперш уразіла ў Дзмітрыі, што ён расеец, але ваюе за Украіну.

«Гэта было нязвыкла, – кажа жанчына. – Я тады шмат камунікавала з беларусамі, і мне іхная прысутнасць ва Украіне здавалася больш арганічнай, бо з беларусамі мы заўсёды былі бліжэйшымі, а расейцаў, якія б ваявалі на нашым баку, было не так шмат. Напэўна, Дзіма быў першым расейцам, які тут ваяваў, пра якога я даведалася. Таму мяне гэта зачапіла. Гэта было неардынарна».

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

Бацькі Вольгі спачатку паставіліся да маладога чалавека з насцярожанасцю.

«Мама казала: давай я з ім паразмаўляю і адразу вылічу, ці ён агент ФСБ, ці не, – з усмешкай прыгадвае Вольга. – Але ўжо даўно ніякай перадузятасці няма. Бо ён нас абараняе – якія могуць быць пытанні? Агулам, паўсюль да яго добрае стаўленне, як да свайго. Дзіма адстаяў на Майдане, адваяваў падчас АТА і летась у першы ж дзень уварвання пайшоў на фронт. Ён стаіць плячо ў плячо з украінцамі і ўжо даўно даказаў сваю прыхільнасць да барацьбы з «русским миром».

Бацькі Дзмітрыя, пасля таго як ён паехаў ва Украіну, разарвалі з ім кантакт.

«Адточваў майстэрства стральбы і казаў: я адтуль, я іх ведаю, вайна будзе»

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

У 2017 годзе расеец атрымаў сур’ёзнае раненне – паводле Вольгі, руку яму збіралі нібы пазл, па кавалачках. Мужчына праходзіў доўгую рэабілітацыю, а пасля ўладкаваўся працаваць у Кіеўскую муніцыпальную паліцыю. У 2021 годзе атрымаў украінскае грамадзянства. Увесь час пасля вяртання з АТА Дзмітрый рыхтаваўся да новай вайны – вучыўся, адточваў майстэрства стральбы з рознай зброі.

«Я да апошняга моманту не верыла, што пачнецца поўнамаштабная вайна, усё спадзявалася на нейкія рацыянальныя паводзіны з боку расейскага кіраўніцтва. А Дзіма рыхтаваўся і ўвесь час мне казаў, што будзе вялікая вайна. Я спрачалася: не, бо гэта неразумна. Ён на гэта адказваў: я ж іх ведаю, я ж адтуль, будзе», – кажа Вольга.

24 лютага 2022 года Вольга і Дзмітрый прачнуліся разам.

«Я яму вельмі ўдзячная, бо ён тады даў мне дакладныя і карысныя інструкцыі, што рабіць, – распавядае Вольга. – Тады шмат сем’яў маіх знаёмых, сяброў, якія не былі датычныя да вайсковай тэмы, не ведалі, што рабіць. Шмат хто павыязджаў у прыгарад – Бучу, Ірпінь. Яны думалі, што так будзе бяспечней, маўляў, перасядзім у вёсцы, і павывозілі цэлыя сем’і. Мне Дзіма адразу сказаў – нікуды з Кіева не выязджай, бо яго як вялікі горад будуць браць у апошнюю чаргу. І тут у любым выпадку будзе доступ да мінімальных сэрвісаў, як аптэка, лекары, вада, святло і да т. п., крамы будуць працаваць. Сказаў заклеіць вокны армаваным скотчам, купіць запалкі, алкаголь і патрэбныя лекі. Усё гэта я зрабіла ў першы ж дзень».

«Калі мы з’едзем, каго яны будуць абараняць – пустыя гарады?»

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

Сам Дзмітрый адразу раніцай 24 лютага паехаў у ваенкамат і адтуль – на фронт, дзе застаецца дагэтуль. Ваяваць таксама пайшоў бацька Вольгі. Жанчына засталася ў Кіеве.

«Думак з’язджаць у мяне не было. У мяне і каханы чалавек на фронце, і бацька мой пайшоў, і я думаю, што калі мы, тыл, некуды з’едзем, то каго яны будуць абараняць – пустыя гарады? Гэта не вельмі матывуе. Таму я лічу, што хтосьці мусіць заставацца тут», – кажа Вольга.

Жанчына працягвае працаваць, займацца валанцёрствам. Кажа, што жыццё ў Кіеве цяпер больш-менш спакойнае.

«Я больш хвалююся за Дзіму і за бацьку. Нашыя адключэнні святла і абстрэлы раз на два тыдні – нішто ў параўнанні з тым, што там у іх на фронце», – кажа Вольга.

Вольга і Дзмітрый, хоць і даўно разам, дагэтуль афіцыйна не распісаныя, і цяпер, кажа жанчына, ёй вельмі хацелася б нарэшце вырашыць гэтае пытанне, бо «час вельмі напэўны». Але хоць і можна распісацца на фронце за адзін дзень, такой магчымасці пакуль няма ў тых мясцінах, дзе цяпер Дзмітрый. Але Вольга спадзяецца, што гэтае пытанне ўдасца неўзабаве развязаць.

«Дзіма нават больш антырасейскі, чым я, відаць, таму што бачыў «русский мир» знутры»

Вольга і Дзмітрый.
Фота: асабісты архіў Вольгі

Паводле нашай суразмоўцы, Дзмітрый не адзіны расеец ва ўкраінскай арміі.

«Сюды прыехалі тыя, якія мелі ў сабе годнасць, – кажа Вольга. – Наш найбліжэйшы сябар быў расейцам. Ён таксама ваяваў з 2015 года, атрымаў раненне. Але летась 24 лютага, хоць быў на пратэзе, усё роўна пайшоў на фронт. На жаль, ён знік недзе пад Ізюмам у верасні мінулага года, хутчэй за ўсё загінуў».

Украінка спадзяецца, што гарачая фаза вайны скончыцца ўжо сёлета. Пасля вайны, на думку нашай суразмоўцы, Расея мусіць прайсці шлях дэімперыялізацыі і дэкаланізацыі суб’ектаў федэрацыі ды трансфармавацца ў дэмакратычную дзяржаву.

Ва Украіне ж і Вольга, і Дзмітрый падтрымліваюць палітыку адмены ўсяго расейскага. Дзмітрый вывучыў украінскую і цяпер заахвочвае Вольгу да пастаяннай камунікацыі па-ўкраінску, хоць дагэтуль, паводле жанчыны, яны ў паўсядзённасці былі расейскамоўнымі.

«Дзіма часам нават больш антырасейскі, чым я – у яго поўнае непрыняцце ўсяго звязанага з Расеяй. Думаю, гэта таму, што ён бачыў «русский мир» знутры», – кажа жанчына.

Паводле Вольгі, цяпер ва Украіне час, калі трэба пазбаўляцца ад чужога і вяртаць сваё, украінскае, тое, што Расея забрала за гады каланізацыйнай палітыкі: мову, гісторыю, артэфакты, пісьменнікаў, мастакоў, культуру.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў