Віталь Гуркоў запісаў відэазварот праз пагрозу вайны


Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай, заслужаны майстар спорту Віталь Гуркоў запісаў відэазварот з-за пагрозы вайны. Відэа апублікаваў Беларусі фонд спартовай салідарнасці.

 

Беларус Віталь Гуркоў, у мінулым прафесійны баец, чэмпіён свету па муай-тай, заслужаны майстар спорту, звярнуўся да грамадства праз пагрозу вайны. Цяпер Віталь жыве ў Кіеве, куды пераехаў у 2020 годзе праз пагрозу пераслед.

«За гады спартовай кар’еры сустрэў шмат годных людзей і ў Беларусі, і ва Украіне, і ў Расеі. На рынгу мы змагаліся, але ў жыцці часта заставаліся сябрамі. Менавіта таму мяне непакоіць тое, што сёння адбываецца ў нашых краінах.

Мая радзіма Беларусь перажывае адначасова трывожныя і гістарычныя часы. У турмах тысячы маіх землякоў, сотні тысяч чалавек выехалі з краіны, народ у прамым сэнсе гэтага слова гвалцяць. За незалежнасць даводзіцца плаціць высокую цану, і незалежнасць пад пагрозай.

Але існы ў Беларусі палітычны рэжым у дадатак да ўсяго можа развязаць вайну з Украінай, бо для яго гэта стратэгічны шанц даўжэй утрымліваць уладу.

Палітычныя тыраны, для якіх чалавечае жыццё нічога не вартае, гатовыя кінуць пад кулі і расейцаў, і маладых беларускіх хлопцаў. Пры гэтым дзяцей прадстаўнікоў палітычных элітаў з Расеі і Беларусі вы на фронце не ўбачыце, яны будуць грэць пуза ў Лонданах і Дубаях. Гінуць будзеце вы – простыя салдаты. А афіцэрам у лепшым выпадку выдадуць кватэркі ды вайсковую пенсію. І тое, калі вернуцца з братазабойчай вайны жывымі, узяўшы страшны грэх на душу.

Віталь Гуркоў.
Фота: 34mag.net

Я звяртаюся да ўсіх, каго сёння ў Расеі і Беларусі рыхтуюць да вайны ва Украіне. Ведаю характар і баявы дух украінскага народу, страляць будуць з кожнага вакна. І прагназую, што хутчэй за ўсё многія акупанты здабудуць на ўкраінскай зямлі свой апошні прыстанак, а не ўзнагароды і трафеі.

У выпадку вайны я і многія іншыя беларусы гатовыя абараняць суверэнітэт і свабоду Украіны, бо ад Украіны ў тым ліку залежыць свабода Беларусі. А Беларусь будзе вольнай, гэта ёй наканавана лёсам. І гэты час надыходзіць. Мы пройдзем цяжкі шлях, але абавязкова пераможам.

Спадзяюся, што і Расея хутка зможа пазбавіцца ад ярма злачыннай тыраніі, устаўшы на шлях сяброўства і прымірэння з незалежнымі славянскімі народамі. Гэта будзе нашая агульная перамога!», – кажа Віталь Гуркоў.

На працягу апошніх тыдняў Расея масава сцягвае войскі да мяжы з Украінай. Заходнія крыніцы кажуць, што магчымае ўварванне Крамля. Некаторыя медыі нават называюць дакладную дату.

Hавiны
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі запрасіў прэзідэнта ЗША наведаць Украіну ў найбліжэйшыя дні
2022.02.14 09:32

ВЛ belsat.eu

Стужка навінаў