Беларусь на другім месцы ў спісе краінаў, дзе арыштоўваюць і забіваюць каталіцкіх святароў


Як мінімум 132 каталіцкія святары і манахі былі выкрадзеныя, зняволеныя ці забітыя ў розных краінах свету летась. Найбольшая колькасць выпадкаў пераследу ў дачыненні прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу зафіксаваная ў Нікарагуа, на другім месцы – Беларусь, піша polskieradio.pl са спасылкаю на справаздачу папскага дабрачыннага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».

«Сілавікі» блакуюць уваход у Чырвоны касцёл у Менску. 2020 год. Крыніца фота: «Вясна» / Telegram

Рапарт таварыства «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» быў апублікаваны 10 студзеня ў Мюнхене. У дакуменце гаворыцца, што 132 выпадкі затрыманняў і забойстваў ксяндзоў і манахаў у свеце – гэта толькі тое, пра што стала вядома. Рэальная лічба можа быць большая, бо ў некаторых краінах цяжка ці нават немагчыма атрымаць дакладную і правераную інфармацыю. У 2022 годзе такіх выпадкаў было на восем менш.

Паводле справаздачы, у 2023 годзе было зафіксавана 86 арыштаў прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу. Найбольш – у Нікарагуа, дзе пад пераслед трапілі 46 прадстаўнікоў духавенства, у тым ліку два біскупы. Аднаго з іх затрымалі напярэдадні Калядаў разам з 18 святарамі. А другога – біскупа Альварэса – прысудзілі да 26 гадоў зняволення. Такі вырак ксяндзу-біскупу вынеслі пасля таго, як ён адмовіўся пакінуць краіну.

У Беларусі, паводле рапарту «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», адбылося 10 арыштаў ксяндзоў. Напрыканцы 2023 года трое з іх яшчэ заставаліся за кратамі.

У 2023 годзе былі забітыя 11 каталіцкіх святароў у Мексіцы, Нігерыі і Буркіна-Фасо.

У Беларусі пад рэпрэсіі лукашэнкаўскага рэжыму трапляюць і святары іншых веравызнанняў. Апошні выпадак – затрыманне пратэстанцкага пастара Рамана Раждзественскага. Ён быў пакараны 14 соднямі адміністратыўнага арышту.

Hавiны
Упаўнаважаны па справах рэлігіяў пагражаў Беларускай праваслаўнай царкве забаронай дзейнасці
2024.01.07 13:01

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў