«Трэба трымацца за кадры». У Беларусі заклапаціліся пра нястачу працаўнікоў?


Кіраўнік Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын заклікаў «трымацца за кадры», бо «без людзей немагчымы эканамічны рост». Ён заявіў пра гэта на нарадзе, прысвечанай рынку працы ў сталічным рэгіёне, перадае БелТА. Паводле звестак Белстату, з пачатку года краіна страціла 35 тысячаў работнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Завод «Анега» ў Калодзішчах.
Фота: Наталля Міронаўская / blizko.by

У Менскім абласным выканкаме адбылася нарада, прысвечаная рынку працы. Чыноўнікі распавялі, што на 1 лістапада ў сталічным рэгіёне было больш за 19 тысячаў вакансіяў, а беспрацоўных на ўліку – толькі 363.

«Сітуацыя з кадрамі – гэта вельмі сур’ёзная тэма. Без людзей немагчымы эканамічны рост. Узровень заробкаў мусіць быць годны, калі мы не можам даць добрых умоваў працы і заробкаў, то гэтае пытанне трэба развязваць», – заявіў старшыня Менскага аблвыканкаму Аляксандр Турчын.

Паводле паведамлення БелТА, чыноўнік таксама заклікаў «трымацца за нашыя кадры і ў кожным выпадку разумець, чаму чалавек хоча сысці».

Hавiны
У Беларусі зменшылася колькасць працаўнікоў, але вырасла колькасць чыноўнікаў
2023.10.10 11:12

Белстат раней падлічыў, што ў верасні сёлета ў эканоміцы Беларусі былі занятыя 4 137 900 чалавек. Гэта на 35 тысячаў меней, чымся ў пачатку года, і на 192 тысячы меней, чымся было ў студзені 2020-га. Лік страчаных за няпоўныя тры гады працаўнікоў параўнальны з колькасцю жыхароў Бабруйску.

Занятымі ў эканоміцы лічаць усіх, хто займаецца працоўнаю дзейнасцю, звязанаю з вытворчасцю тавараў ці надаваннем паслугаў за ўзнагароджанне ці за аплату ў натуральным выражэнні, або проста дзеля атрымання прыбытку. Чаму колькасць такіх асобаў пастаянна скарачаецца, Белстат не тлумачыць.

Пры гэтым, нягледзячы на нястачу работнікаў, у Беларусі працягваюцца звальненні з палітычных прычынаў.

Аналітыка
Быць проста лаяльным ужо недастаткова. Якія ўзроўні рэпрэсіяў цяпер існуюць у Беларусі
2023.04.17 07:00

СК belsat.eu

Стужка навінаў