Віталь Гуркоў: Лічу Украіну домам на дадзены момант


Віталь Гуркоў жыве зараз ва Украіне і трэнуе групы, працуючы ў Кіеўскай федэрацыі тайскага боксу. Ён вучыцца ў магістратуры і ўжо з 2021 года страціў «сяброўскі кантакт» з Міхалком. Выданне «Зеркало» паразмаўляла з беларускім чэмпіёнам па тайскім боксе і былым салістам гурта «Brutto».

Віталь Гуркоў.
Фота: instagram.com/vitalhurkou/

Віталь Гуркоў прызнаўся выданню «Зеркало», што не размаўляў з журналістамі каля трох гадоў. Паводле словаў спартоўца, зараз ён займаецца выкладаннем і трэнерствам, мае дзве групы па тайскім боксе і праводзіць персанальныя заняткі. Таксама ён вучыцца ў магістратуры Нацыянальнага ўніверсітэту фізічнага выхавання і спорту Украіны. На гэты крок яго падштурхнулі калегі па кіеўскай федэрацыі, падказаўшы, што яму трэба развівацца як трэнеру: «Цікава з маім, скажам, багатым спартовым досведам разабраць веды і з навуковага боку, каб перадаць досвед наступным пакаленням».

Гаворачы пра спартовыя выступленні, Віталь адзначыў, што не так даўно зрабіў аперацыю на каленях, бо пра сябе нагадалі старыя траўмы пасля розных падзеяў, якія «сапсавалі пэўныя планы». Але ён адзначае, што пэўныя прапановы па працягу спартовай дзейнасці ёсць і за мяжой, і ва Украіне, і, калі ўдасца ўзнавіцца пасля траўмаў і выйсці на рынг, то, можа быць, «яшчэ нешта паспрабуе», хаця нічога і не загадвае. Зараз ён лічыць, што павінны сканцэнтравацца на трэнерстве і «яшчэ некаторых справах».

Згадваючы грамадскае аб’яднанне «Пагоня», зарэгістраванае ім у Кіеве, Віталь адзначыў, што нейкі час дапамагаў сваім сябрам і займаўся лагістыкай (калі трэба было забраць у рамонт машыну ці купіць нейкае абсталяванне і інш.), і недзе ў жніўні 2022 пазнаёміўся з прадстаўнікамі палка «Пагоня». Яны тады засталіся сам-насам са сваімі праблемамі, бо недзе з таго часу (жнівень 2022-га), паводле словаў Гуркова, Вадзім Пракоп’еў і Валер Сахашчык «ужо не мелі ніякага дачынення да «Пагоні». Хлопцы былі раскіданыя па розных падраздзяленнях, у кожнага былі свае патрэбы, востра стаяла пытанне пра дапамогу пасля раненняў. Так, Віталь спачатку стаў валанцёрам, а пасля было прынятае рашэнне зарэгістраваць юрыдычную асобу, ад імя якой можна было б дапамагаць добраахвотнікам і вырашаць іхныя праблемы ва Украіне. Так з’явілася грамадскае аб’яднанне «Пагоня», да якога зараз не маюць дачынення нейкія «палітычныя персоны, уключаючы вышэйпералічаных» (маюцца на ўвазе Пракоп’еў і Сахашчык).

У аб’яднанне ўваходзяць, паводле словаў Гуркова, людзі, «якія ўжо завяршылі кантракты і застаюцца ва Украіне, і тыя, хто яшчэ служыць у розных беларускіх фармаваннях. Зараз гэта 30 чалавек». Але, адзначае Віталь смеючыся, «па нашай колькасці нельга казаць пра колькасць беларускіх добраахвотнікаў у цэлым».

Таксама Гуркоў прызнаўся, што не сумуе па сцэне. Час, калі ён выступаў з гуртом Brutto, ён называе «класным перыядам у жыцці, цікавым досведам». Але пры гэтым Віталь адзначыў, што лічыць Brutto «закінутым праектам, які больш не здарыцца»:

«Я дзесьці з 2021 года страціў з ім [Міхалком] сяброўскі кантакт. Не было ніякіх канфліктаў, проста я адышоў ад музычных справаў, і ўсё, займаўся спортам, трэнерствам, перастаў камунікаваць. Як я разумею, ніхто з былых удзельнікаў калектыву асабліва не падтрымлівае з ім сувязь. Зараз там зусім іншы склад музыкаў».

Таксама Віталь Гуркоў прызнаўся, што падчас пратэстаў 2020 года ў яго было пачуццё, што ён «павінны быць дома, побач з народам, проста таму, што гэта гістарычная падзея» (Віталь Гуркоў з’ехаў ва Украіну яшчэ да жніўня 2020-га). Але, адзначае спартовец, гэтае пачуццё хутка развеялася, яго моцна ўтрымлівалі ўкраінскія сябры, якія казалі, што не варта вяртацца, бо гэта бессэнсоўна. «І я хутка зразумеў, што застаюся жыць тут [ва Украіне]. У мяне не было спадзяванняў, што праз паўгода-год можна будзе спакойна вярнуцца». Але адзначае, што за Беларусь вельмі балела сэрца, таму што «ніводзін нармальны чалавек не можа адносіцца раўнадушна да гэтага».

Аднак пасля балець перастала, адзначыў Віталь. На пытанне «Што адбылося?» ён адказаў так: «Ведаеце, гэта вельмі цяжкае пытанне, дам на яго страшны адказ: калі ўсё ўжо зразумела, цябе больш нічога не дзівіць. Вельмі цяжка было, калі падзеі, якія адбываліся тады і цяпер, на жаль, для многіх унутры Беларусі сталі нібыта нормай, як і ва Украіне. Разумееце, пра што я кажу? Гэтыя навіны ўжо нікога не здзіўляюць – людзі проста жывуць, адаптуюцца, выжываюць, хочуць, каб жыццё было спакойным і бяспечным. Што тычыцца асабіста мяне – я жыву ва Украіне, мае сябры, дом цяпер тут, тут таксама ёсць чым заняцца».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў