Аляксей Дзікавіцкі прэзентаваў сваю другую кнігу, напісаную палескаю гаворкаю


Новая кніга намесніка дырэктара «Белсату» Аляксея Дзікавіцкага была прэзентаваная 12 красавіка ў Беластоку. Яна, як і першая кніга Аляксея, «Оньдэ», напісаная палескаю гаворкаю. Новая кніга называецца «Світумузыка» і складаецца з дзвюх частак: аўтарскіх вершаў і перакладаў сусветна вядомых рок-хітоў на палескую гаворку. Кніга мае памеры кампакт-дыску.

Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі прэзентаваў сваю новую кнігу «Світумузыка». Беласток, Польшча. 12 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Аляксей Дзікавіцкі сам з-пад Пінску – і вельмі шануе свае карані. Ён кажа, што марыць пра той час, калі зможа прэзентаваць свае кнігі ў родных мясцінах на Палессі.

Прэзентацыя кнігі ў Беластоку выклікала вялікую цікавасць.

«Вельмі добрае ўражанне, прыйшлі землякі, вельмі шмат палешукоў, якія дакладна разумелі, што я хацеў сказаць у сваіх вершах», – дзеліцца аўтар уражаннямі з журналістам «Белсату».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Аляксей кажа, што абраў Беласток як месца да першай прэзентацыі сваёй кнігі, бо тут, на Падляшшы, таксама ёсць свая гаворка.

«Я чакаў таго, што людзі нарэшце павераць, што выдаць кнігу на палескай мове, на палескай гаворцы, на палескім дыялекце магчыма. І што яна нічым не горшая за сусветна прызнаныя мовы. Што пра ўсё можна сказаць па-палеску, пра любыя пачуцці. Можна перакласці сусветныя рок-хіты на палескую мову», – гаворыць Аляксей Дзікавіцкі.

Мы ж запыталі ў аўтара, чаму варта прачытаць ягоную кнігу.

«Калі хтосьці цікавіцца паэзіяй, такой ненарматыўнай, не на такіх прызнаных мовах, агульна вядомых… Калі хтосьці з Палесся, хоча ўспомніць свае карані і ўзгадаць, як гаварылі ягоныя бацькі ці дзяды, то няхай прачытае гэтую кніжку», – кажа Дзікавіцкі.

Фота: Белсат

Сваю першую кнігу на палескай гаворцы, «Оньдэ», Аляксей Дзікавіцкі прэзентаваў 13 кастрычніка 2021 года ў Варшаве. «Оньдэ» па-палеску значыць «вось», «тут», «уласна». У зборніку захаваная тая гаворка, якою размаўляюць жыхары ваколіцаў Пінску. Пасля былі прэзентацыі кнігі ў Польшчы, Літве, Чэхіі і Украіне. І вось пабачыла свет новая кніга аўтара. 17 красавіка адбудзецца прэзентацыя ў Варшаве, а пазней Аляксей Дзікавіцкі плануе паехаць са «Світумузыкаю» ва Украіну і Чэхію.

Мова Нанова
Да каго бліжэйшыя палешукі: да беларусаў ці ўкраінцаў?
2021.10.18 19:15

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў