Беларускія хакеісты не паедуць на Зімовую Алімпіяду


Беларускі хакей не здолее адабрацца на чацвёртую запар Алімпіяду, расейскі – блізкі да таго, каб не выступіць там упершыню.

Брамнік зборнай Беларусі Канстанцін Шостак (злева), Сяргей Сапега (справа) і расяянін Ілья Сафонаў (злева) у фінальным матчы па хакеі ў межах Кубка Санкт-Пецярбургу «Ліга ставак». Травень 2022 года.
Фота: Alexander Demianchuk / TASS / Forum

Гэта вынікае з рашэння Рады Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF), якая напрыканцы ўчорашняга паседжання разгледзела магчымыя рызыкі бяспекі, звязаныя з залучэннем нацыянальных зборных і клубных камандаў Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы пад эгідаю галоўнага хакейнага органу свету. На падставе вельмі пільнага аналізу рада прыйшла да высновы, што вяртанне прадстаўнікоў гэтых краінаў у сусветную хакейную сям’ю пакуль небяспечнае. Таму яны не возьмуць удзелу ў імпрэзах пад эгідай IIHF і ў наступным сезоне – 2024–2025. Паколькі на час першага прыпынення дзейнасці ФХР (Федэрацыі хакею Расеі) і ФХРБ (Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь) за нацыянальнымі і моладзевымі зборнымі ІІHF абавязаўся захоўваць іх статус на ўвесь перыяд адхілення, то пасля аднаўлення ўдзелу прадстаўнікоў гэтых дзяржаваў у чэмпіянатах міжнароднай федэрацыі Беларусь мае праходзіць кваліфікацыю на Гульні, а Расея – трапляць на Алімпіяду аўтаматычна паводле свайго рэйтынгу. Але і ў расейскіх СМІ мала вераць, што нават пасля заканчэння шматахвярнай вайны ва Украіне гэта магчыма. Расея (у тым ліку і пасля допінгавых санкцыяў у выглядзе АСР («Алімпійскія спартоўцы Расеі») і АКР («Алімпійскі камітэт Расеі»), якая была вымушаная на дзвюх апошніх Гульнях выступаць без нацыянальных сімвалаў, рэпрэзентавалася на ўсіх Алімпіядах пасля набыцця самастойнасці, Беларусь – толькі на трох з васьмі. Фінальны раўнд кваліфікацыі Белай Алімпіяды – 2026 у Італіі (Мілан і Картына-дʼАмпэцца) пройдзе ўжо ў жніўні.

У той жа час упершыню на Алімпіядзе мае шанец паказаць сябе нацыянальная зборная Украіны, трапіўшы ў вызначальны кваліфікацыйны турнір. Жоўта-блакітныя датэрмінова выгулялі адную з перадкваліфікацыйных групаў, што ў мінулыя выходныя сабралася ў польскім Сасноўцы. Украінцы атрымалі перамогу ўва ўсіх трох матчах (са зборнаю Паўднёвай Карэі – 4:0, гаспадарамі – у серыі булітаў, камандай Эстоніі – 5:3).

У паведамленні IIHF таксама зазначаецца, што міжнародная федэрацыя працягне сачыць за сітуацыяй: магчымасць удзелу беларусаў і расейцаў у сезоне 2025–2026 будзе разгледзяць найпазней у траўні 2025 года на паседжанні Рады арганізацыі перад чарговым штогадовым Кангрэсам IIHF. Ён налета пройдзе ў межах чэмпіянату свету – 2025, які прымуць Швецыя і Данія. Не выключана, што ў выпадку заканчэння вайны да гэтага пытання вернуцца раней.

А вось падобнае рашэнне аб прыпыненні ўдзелу ўва ўсіх турнірах IIHF наконт зборнай Ізраілю было вельмі кароткатэрміновае. 10 студзеня міжнародная федэрацыя часова абмежавала ўдзел зборных гэтай краіны ў чэмпіянатах свету з тых жа меркаванняў бяспекі для ўсіх удзельнікаў турніраў. Такі крок ізраільскім бокам быў названы «антысеміцкім» з намерам падаць апеляцыю ў Міжнародны спартовы арбітражны суд. Гэтае рашэнне датычыла ў першую чаргу ўдзелу ізраільцянаў у турніры групы А трэцяга дывізіёну моладзевага (U-20) чэмпіянату свету, які меў адбыцца ў сёлетнім студзені ў Ізраілі, але яго перавялі ў Балгарыю. Паводле IIHF, прыпыненне было няпоўным у тым сэнсе, што не выключала паўнапраўнага сяброўства Ізраільскай федэрацыі ў міжнароднай хакейнай супольнасці, бо IHFI (Ice Hockey Federation of Israel) мае добрую рэпутацыю ў IIHF. Аднак пасля кансультацыяў з усімі зацікаўленымі бакамі функцыянеры вельмі хутка, ужо праз тыдзень, вярнулі ізраільскую зборную ў той жа балгарскі моладзевы чэмпіянат свету ў трэцім дывізіёне. І бела-блакітныя здолелі выгуляць турнір, тым самым заваяваўшы пуцёўку ў другі дывізіён (групу В) сусветнага хакею. Хуткае вяртанне сталася магчымым пасля таго, як балгарскія ўлады (Міністэрства моладзі і спорту, Міністэрства ўнутраных справаў) далі поўныя гарантыі бяспекі для ўсіх удзельнікаў падчас турніру, які і прайшоў без інцыдэнтаў. Пастанову наконт выступу нацыянальнай зборнай Ізраілю на красавіцкім чэмпіянаце свету – 2024 у групе А другога дывізіёну, што прыме сталіца Сербіі, Бялград, прымуць асобна.

Агляд
Саюзная дзяржава для біятланістаў: беларусаў дапусцілі да расейскай Спартакіяды
2024.02.02 15:01

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў