КДБ патрабуе выкуп за ахвяраванні фондам салідарнасці? Спыталі «BYSOL», як могуць вылічыць і што рабіць


Паводле звестак «Нашай нівы», Камітэт дзяржаўнай бяспекі выклікае беларусаў, якія рабілі данаты праз Facebook, і патрабуе выкуп у дзесяць разоў вышэйшы за суму данату. Раней меркавалася, што такі падыход зазнаюць працаўнікі IT-кампаніяў. «Белсат» спытаў фонд «BYSOL», што вядома пра такія выклікі і што рабіць, калі выклікаюць.

Інтэрфэйс Facebook, якім ён мог бы быць у Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Калаж: Белсат

Раней выданне Dev.by расказвала, што беларускія IT-кампаніі атрымалі ад адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў спісы работнікаў, якія пераводзілі грошы ініцыятывам «BYSOL» і «ByPol». Кіраўніцтву прапаноўвалі ўгаварыць працаўнікоў на размову са спецслужбамі і «заданаціць у 10 разоў болей у фонд, які скажуць». «Наша ніва» ўдакладняла, што гэтым займаецца не адміністрацыя ПВТ, а наўпрост КДБ, і што спецслужбы прааналізавалі пераводы, зробленыя ў 2020–2021 гадах не толькі ў «BYSOL»і «ByPol», а яшчэ і ў «BY_help».

Цяпер «Наша ніва» піша, што ў КДБ выклікаюць людзей не з IT-кампаніяў. Адна жанчына з дзяржаўнага прадпрыемства была вымушаная заплаціць сілавікам 400 долараў за данат 40 долараў, але ўсё роўна страціла працу. Другога мужчыну прымусілі заплаціць 500 еўраў. Трэці з’ехаў з Беларусі пасля выкліку ў КДБ. Колькі чалавек агулам выклікалі, невядома.

«Мы не сутыкаліся з масавым характарам такой праблемы, – кажа прадстаўнік «BYSOL» Яўген Андрэйчык. – Варта адзначыць, што калі і ёсць такія выпадкі, то яны не носяць масавага характару».

Андрэйчык падкрэслівае, што пры ахвяраваннях праз Facebook сілавікі не могуць адсачыць, куды менавіта ішлі грошы: у апісанні плацяжа проста няма пазнакі кампаніі, на якую рабілася ахвяраванне. Праўда, у Facebook прапануецца зрабіць публічны пост пра ахвяраванне (можна перад аплатаю зрабіць добпіс схаваным ад усіх і пасля аплаты выдаліць яго), а з гісторыі плацяжоў (бачнай толькі карыстальніку) немагчыма выдаліць згадкі пераводаў з падпісанымі адрасатамі. Пры гэтым адрасат будзе падпісаны ў гісторыі плацяжоў нават тады, калі пост пра плацеж быў схаваны.

Перавод грошай фонду «BYSOL» праз Facebook: сацсетка прапануе зрабіць публічны допіс пра гэта. Скрыншот: Facebook
Пераводы грошай фонду «BYSOL» праз Facebook: незалежна ад таго, быў перавод з публічным допісам (знізу) ці з непублічным (зверху), у бачнай самому карыстальніку гісторыі пераводаў будзе пазначаны адрасат пераводу. Выдаліць гэтую гісторыю пераводаў немагчыма, хіба што цалкам выдаліць акаўнт. Скрыншот: Facebook

Доступ да інфармацыі пра факт плацяжу сілавікі могуць атрымаць або праз захоп доступу да акаўнту, або ад беларускага банку, калі грошы пераводзіліся з беларускай карткі, запэўнівае Андрэйчык. У выпадку з банкам будуць бачыць толькі тое, што перавод быў на Facebook, і час, калі рабіўся перавод. Значыць, у зоне рызыкі і тыя, хто рабіў любыя пераводы на Facebook у час, які сілавікі палічаць падазроным, напрыклад, пасля выбараў-2020.

Тое, якую менавіта інфармацыю могуць атрымаць сілавікі, залежыць ад банку, краіны і часу, калі рабілася ахвяраванне. Напрыклад, цяпер пры ахвяраванні на збор «BYSOL» на Facebook польскі банк пабачыць, што грошы ідуць на «BelarusSolidar, fb.com/cc». Але, запэўніваюць у фондзе, беларускія банкі такога не бачаць. І сама плацежная сістэма Facebook змянілася з часу актыўных вулічных пратэстаў у Беларусі: пра пераводы ў часе пратэстаў беларускія банкі ведалі толькі, што яны ідуць адрасату накшталт «Facebook London – Fundraising».

На думку Яўгена Андрэйчыка, сілавікі могуць здагадвацца, што нейкае ахвяраванне рабілася ў фонд салідарнасці на падставе часу пераводу. Калі чалавек сам не прызнае факту пераводу фондам, то здагадкі сілавікоў наўрад ці будзе магчыма пацвердзіць.

«Таксама спецслужбы могуць браць да ўвагі і іншыя фактары, каб рабіць такія гіпотэзы, – разважае прадстаўнік «BYSOL». – Напрыклад, калі чалавек засвяціўся на нейкай фатаграфіі з пратэстаў, то ўжо на падставе гэтага яго вывучаюць больш дэталёва, там ужо вывучаюць гісторыю плацяжоў. І калі знаходзяць нейкі плацеж у Facebook, то могуць меркаваць, што ён быў зроблены ў фонд. А там ужо справа за сацыяльнай інжынерыяй».

«BYSOL» з меркаванняў бяспекі катэгарычна не раіць рабіць пераводаў з беларускіх і расейскіх картак любым грамадскім ініцыятывам, якія ўлады Беларусі могуць палічыць «варожымі». Таксама фонд рэкамендуе пакінуць Беларусь, калі прыйшло запрашэнне ў КДБ: калі патрабуюць выкуп за данат, «верагодна, гэта не адзінае, што ў іх ёсць на гэтага чалавека», кажа Яўген Андрэйчык.

Разбор
У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL
2023.01.25 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў