Да «айцішнікаў» прыйшлі з-за данатаў BYSOL. Ці паскорыць гэта рэлакацыю?


IT-кампаніі атрымалі спісы супрацоўнікаў, якія данацілі ініцыятывам BYSOL, BY_help і BYPOL. Цяпер праграмістаў збіраюцца выклікаць на размовы са спецслужбамі і прымушаць пералічваць грошы ў «правільныя» фонды. Якія звесткі пра пераводы маглі атрымаць сілавікі і якія наступствы будуць мець новыя рэпрэсіі супраць «айцішнікаў» – у матэрыяле «Белсату».

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Некалькі крыніцаў выдання dev.by паведамілі, што беларускія IT-кампаніі атрымалі спісы супрацоўнікаў, якія пераводзілі грошы ініцыятывам BYSOL і BYPOL. Кіраўніцтву прапанавана пагутарыць з работнікамі і ўгаварыць іх на размову са спецслужбамі, а «потым заданаціць у 10 разоў болей у фонд, які скажуць». У гэтым выпадку абяцаюць не ўчыняць крымінальны пераслед.

Некаторыя праграмісты ўжо пагадзіліся на гутарку з сілавікамі, іншыя яшчэ раздумваюць.

Паводле звестак dev.by, спісы «айцішнікаў»-дабрадзеяў рассылае ў кампаніі адміністрацыя Парка высокіх тэхналогіяў, «Наша ніва» піша, што гэтым займаецца наўпрост КДБ.

«Наша ніва» удакладняе, што спецслужбы прааналізавалі пераводы, зробленыя ў 2020 – 2021 гадах не толькі ў BYSOL і BYPOL, а яшчэ і ў BY_help. Ніводны з фондаў у той час не быў прызнаны «экстрэмісцкім», таму ў прававой дзяржаве ніякіх наступстваў за данаты ім быць не мусіць. У цяперашняй Беларусі гэта могуць палічыць «фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці». Каб айцішнікаў не каралі турмою, кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі дамовіўся з Камітэтам дзяржбяспекі пра адступныя: перавод у дзесяцікротным памеры на «правільны» рахунак.

«Сфера і так перажыла шмат шокаў за апошнія два гады і страціла вядучыя кампаніі і кадры. Калі ж тысячы людзей – а данацілі дзясяткі тысяч асобаў – будуць ведаць, што над імі вісіць меч пасадкі за данат, то здарыцца чарговая хваля міграцыі. Янчэўскі прыдумаў схему, якая спадабалася наверсе», – сказала крыніца выдання.

«Рэкамендуем пакінуць Беларусь»

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак сцвярджае, што з базы дадзеных фонду ніякіх уцечак не было. Пад пагрозай тыя, хто пераводзіў грошы з картак беларускіх і расейскіх банкаў: яны могуць перадаць адпаведную інфармацыю спецслужбам.

«Калі вы данацілі з карты беларускага банку праз Facebook, то сілавікі бачаць сам факт вашага даната на штосьці праз Facebook, аднак не бачаць, ці быў гэта данат у BYSOL або BY_help, ці сябру на дзень народзінаў. У справаздачы з банку ваш данат выглядае як «Facebook London – Fundraising». Аднак, мяркуючы па практыцы татальнага прачэсвання айцішнікаў на прадмет даната менавіта ў BYSOL, усе, хто данаціў праз Facebook, у зоне рызыкі», – напісаў Стрыжак у сваім Facebook.

Ён папярэдзіў, што сілавікі могуць адсачыць пераводы з беларускіх і расейскіх картак праз сайт BYSOL, такія асобы таксама ў небяспецы.

«Калі вы ў зоне рызыкі, мы рэкамендуем пакінуць Беларусь», – напісаў кіраўнік BYSOL.

Стрыжак адзначыў, што дагэтуль бяспечныя данаты з картак замежных банкаў (акрамя расейскіх) як праз Facebook, гэтак і праз сайт фонду ці праз Paypal.

«Вядзем перамовы аб выдаленні або скрыванні старонак збору сродкаў, якія запускаліся намі ў 2020-2021 гадах, каб засцерагчы нашых донараў праз Facebook», – дадаў Стрыжак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

Заснавальнік BY_help Аляксей Лявончык таксама выключыў уцечку сваёй базы.

«Усе, хто данаціў з беларускіх картак, тэарэтычна ў зоне рызыкі. Дадзеныя аб данатах былі, хутчэй за ўсё, перададзеныя банкамі. Плацяжы апрацоўвае Stripe, і можна адфільтраваць трансакцыі праз яе на Facebook. Але каму пайшоў данат – не. Было б у нас дзірава, нашыя людзі ў Беларусі даўно б сядзелі. У нас дагэтуль асноўная частка аплатаў адбываецца ўнутры краіны», – паведаміў Лявончык на сваёй старонцы ў Facebook.

«Яшчэ адзін пункт на карысць рэлакацыі»

«Вялікі зыход» IT-адмыслоўцаў пачаўся летась. У 2021 годзе рэпрэсіі ў Беларусі не сталі нагодай для масавай рэлакацыі. Паводле звестак Белстату, тады звольнілі амаль 17 тысяч праграмістаў, а працаўладкавалі – больш за 19 тысяч 500. Плюс 2 тысячы 682 новых «айцішнікаў». Новы больш моцны віток рэлакацыі здарыўся ў 2022 годзе, пасля пачатку вайны ва Украіне. За студзень – лістапад летась IT-сфера страціла 15 тысяч 413 асобаў (працаўладкаваліся 12 тысяч 357, звольніліся – 27 тысяч 770).

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у размове з «Белсатам» назваў такую лічбу велізарнай. Што праўда, на ягонае меркаванне, ціск на праграмістаў з-за данатаў наўрад ці значна паўплывае на тэмпы рэлакацыі.

«Вельмі складана ацаніць маштаб. Сектар усё яшчэ налічвае дзясяткі тысяч асобаў, і відавочна, што дзясяткаў тысяч гэта не закране, можа, тысяч. Гэта проста дадатковая цаглінка на карысць ад’езду, гэта крыху падштурхне працэс, але не занадта яго ўзмоцніць», – сказаў Кныровіч.

Акцыя пратэсту ля Парка высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 года.
Фота: TUT.BY

Кныровіч упэўнены: не варта пагаджацца на ўгоду і пераводзіць грошы ў абмен на абяцанкі, што сілавікі адчэпяцца.

«Юрыдычна гэта не мае пад сабой ніякай падставы. Нават калі б мы былі ў прававой дзяржаве, прававога механізму «адкупіся і пакайся» не існуе. А мы знаходзімся ў неправавой дзяржаве», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Бізнесовец сказаў, што цяперашнія беларускія сілавікі бяруць прыклад з сталінскіх часоў: тады таксама за адное і тое ж людзей арыштоўвалі па некалькі разоў, і часта гэта заканчавалася шматгадовымі тэрмінамі ў турме або нават расстрэлам.

«Я б не давяраў ні на секунду. Ніякіх гарантыяў, ніякага – а гэта самае галоўнае – даверу. Давер разбураны. Няма ніякага даверу людзям, якія кажуць «прызнайся, адкупіся і будзеш жыць далей». Ну, ты будзеш далей жыць у страху, што за табой могуць зноў прыйсці і пасадзіць», – канстатаваў Кныровіч.

Сыходзяць «піянеры» ПВТ

Парк высокіх тэхналогіяў на сваім сайце паведамляе, што колькасць рэзідэнтаў перавышае тысячу, лік работнікаў – 78 тысяч.

Газета «Беларусы і рынак» сёння паведаміла, што пятая частка з 46 кампаніяў, што трапілі ў першы набор рэзідэнтаў мадэрнізаванага ў 2017 годзе ПВТ, або спынілі існаванне, або знаходзяцца зараз у працэсе банкруцтва ці ліквідацыі. Усе гэтыя фірмы – з замежным капіталам.

Сярод іх – беларускі стартап у галіне дакладнага земляробства One Soil, распрацоўнік праграмы для віртуальнай прымеркі WANNABY, адзіная ў ПВТ кампанія з казахскімі інвестыцыямі Smart Satu Lab, дачынная фірма аднаго з найбуйнейшых пастаўнікоў для IT-інфраструктуры ў Скандынавіі і Балтыі AppXite.

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: usiminsk.by

Пасля прэзідэнцкіх выбараў і расейскага ўварвання ва Украіну некалькі буйных знакавых кампаніяў ці істотна скарацілі сваю прысутнасць, ці цалкам пакінулі Беларусь: Wargaming, EPAM, PandaDoc, Flo. Шмат якія фірмы прапанавалі і прапануюць дагэтуль дапамогу з рэлакацыяй і легалізацыяй у новай краіне.

У адной з кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ сказалі «Белсату», што ім спісы дабрадзеяў-«экстрэмістаў» не прыходзілі. Гэтая фірма пачала рэлакацыю яшчэ ў 2020 годзе, але і дагэтуль частка каманды працуе з Беларусі.

«У кожнага свае прычыны, каб застацца. Хтосьці прыглядае за сваякамі, хтосьці проста не хоча нікуды ехаць. Што мусіць адбыцца, каб яны захацелі рэлакавацца, сказаць складана», – гаворыць суразмоўца «Белсату».

Высновы пра тое, ці стаў пераслед за данаты прычынай усплёску рэлакацыі, можна будзе зрабіць, калі Белстат актуалізуе звесткі пра звальненні ды працаўладкаванні і не схавае гэтую інфармацыю.

Hавiны
Вярнуць падатак 9 % і не толькі. У ПВТ прыдумалі, як утрымаць «яйкагаловых» айцішнікаў
2022.03.14 10:38

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў