Не толькі айцішнікі: «Наша ніва» даведалася пра пашырэнне практыкі пакарання за данаты


У студзені паведамлялася, што спецслужбы пастанавілі «раскулачыць» айцішнікаў за данаты ў фонды салідарнасці. Цяпер, як піша «Наша ніва», за гэтае «злачынства» у КДБ пачалі выклікаць усіх запар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

«Наша ніва» спасылаецца на жанчыну, якую прымусілі заплаціць 400 долараў за данат у дзесяць разоў меншы. Калі яна прыносіла квітанцыю ў КДБ, бачыла іншых людзей з такімі ж квіткамі. Пасля гэтага, паводле звестак выдання, жанчыну звольнілі з дзяржпрадпрыемства.

Іншую асобу прымусілі заплаціць 500 еўра за некалькі данатаў рознага памеру.

Адзначаецца, што ў КДБ не было падрабязнасцяў, куды пайшоў плацеж. Ведамства лічыць любы перавод праз Facebook у 2020 – 2021 гадах дапамогай фондам.

Раней выданне dev.by паведамляла, што беларускія IT-кампаніі атрымалі спісы супрацоўнікаў, якія пераводзілі грошы ініцыятывам BYSOL і BYPOL. Праграмістам прапанавалі «заданаціць у 10 разоў болей у фонд, які скажуць». У гэтым выпадку абяцаюць не ўчыняць крымінальны пераслед.

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак папярэджваў, што пад пагрозай апынуліся тыя, хто пераводзіў грошы з картак беларускіх і расейскіх банкаў. Пры гэтым данаты праз Facebook у банкаўскіх справаздачах пазначаюцца як «Facebook London – Fundraising», то бок пабачыць, каму менавіта пайшоў плацеж, немагчыма.

Разбор
Да «айцішнікаў» прыйшлі з-за данатаў BYSOL. Ці паскорыць гэта рэлакацыю?
2023.01.11 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў