67-гадовую жанчыну, якая вярнулася ў Беларусь са Швецыі, асудзілі да 5 гадоў пазбаўлення волі


Галіну Краснянскую абвінавацілі ў дапамозе Украіне ці беларускім добраахвотнікам, паведамляе «Згуртаванне беларусаў Швецыі».

Галіна Краснянская.
Фота: Згуртаванне беларусаў Швецыі / Telegram

Галіна Краснянская доўгі час жыла ў Швецыі, была адной з з заснавальніц афіцыйнай суполкі беларускай дыяспары, актыўна ўдзельнічала ў яе жыцці. Пры гэтым перыядычна вярталася ў Беларусь да сваякоў. У адзін з такіх візітаў, імаверна ўвесну 2023 года, яе затрымалі ў Менску.

12 студзеня 2024 года суддзя Менскага гарадскога суду Алена Ананіч асудзіла жанчыну да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч.2 арт.361-3 КК РБ («Вярбоўка, навучанне, іншая падрыхтоўка для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях, а таксама фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці»).

«Мы абураныя несправядлівым прысудам у дачыненні да Галіны. З вытокаў нашай арганізацыі Галіна займалася развіццём беларускай культуры, ахвяравала частку сябе на развіццё супольнасці беларусаў у Швецыі, ладзіла тэатральныя гурткі. Галіна – адданая, шчырая беларуска, якая праз гады захоўвала моцную сувязь з беларускай культурай. Мы будзем працягваць падтрымліваць Галіну і яе сям’ю. Праўленне арганізацыі «Беларусы Швецыі» асуджае адыёзны вырак Галіне Краснянскай і патрабуе яе неадкладнага вызвалення», – заявіла беларуская дыяспара Швецыі.

Галіне Краснянскай 67 гадоў. Яна нарадзілася ў Бабруйску, скончыла Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт, працавала ў вайсковых частках, потым інжынерам у прыватнай фірме. У Швецыі жанчына жыла імаверна цягам апошніх 15 гадоў.

Гісторыі
Яны паверылі і вярнуліся. Топ-5 выбітных беларусаў, якіх па прыездзе рэпрэсавалі ў БССР
2024.01.07 18:19

Паводле праваабаронцаў «Вясны», у 2023 годзе пасля вяртання ў Беларусь былі затрыманыя не менш за 207 чалавек. Сярод іх, акрамя беларусаў, былі грамадзяне Украіны, Літвы і Расеі. Амаль усіх затрыманых асудзілі да «содняў» і штрафаў за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, «дробнае хуліганства» або за «пікетаванне» нацыянальнай сімволікай. А мінімум 18 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з якіх – да калоніі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў