КДБ праводзіць вобшукі ў беларусаў, якія былі назіральнікамі на выбарах у 2020 годзе


Пра хвалю ператрусаў і праверак у актывістаў, якія былі незалежнымі назіральнікамі падчас выбараў у 2020 годзе, паведамляе ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Выбарчы ўчастак. Менск, Беларусь. 6 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Праваабаронцы называюць хвалю ператрусаў у былых назіральнікаў акцыяй запалохвання і сцвярджаюць, што яе ладзіць КДБ.

Паводле інфармацыі ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары», у былых назіральнікаў на выбарах 2020 года правяраюць тэлефоны і папярэджваюць аб крымінальнай адказнасці за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». З актывістамі запісваюць «пакаянныя відэа».

«Мы цяпер вядзём экспертную місію назірання, таму што былі ўпэўненыя ў тым, што будуць рэпрэсіі ў дачыненні праваабаронцаў і валанцёраў, і вось яны пачаліся нават без аніякіх падставаў. Гэта наступствы павышэння ўзроўню рэпрэсіяў напярэдадні выбараў, яны закрануць так ці інакш усіх палітычна і грамадска актыўных людзей», – пракаментаваў гэта праваабаронца Павел Сапелка.

Праваабаронцы разглядаюць аперацыю КДБ у дачыненні былых назіральнікаў як чарговы напад на грамадзянскую супольнасць і як помсту за актыўнасць незалежных назіральнікаў на выбарах 2020 года.

Раней «Праваабаронцы за свабодныя выбары» заявілі пра пачатак экспертнай місіі для назірання за выбарамі без разгортвання сеткі назіральнікаў. Інфармацыя аб выбарчай кампаніі будзе збірацца толькі з адкрытых крыніцаў ці з паведамленняў выбарнікаў з Беларусі, якія будуць дасылаць яе праз ананімныя формы ці бяспечныя каналы.

Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу 8-га склікання і ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 29-га склікання пройдуць 25 лютага 2024 года. Выбары ў Савет Рэспублікі прызначаныя на 4 красавіка 2024 года.

Hавiны
Ціханоўская прыдумала слова для лукашэнкаўскіх выбараў: «бязвыбары»
2023.11.24 20:31

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў