Камітэт правоў чалавека прызнаў парушэнне права на свабоду Віктара Бабарыкі


Камітэт правоў чалавека ААН прыняў рашэнне, паводле якога прызнае парушэнне права на свабоду Віктара Бабарыкі, гарантаванае Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, і звярнуўся да беларускай дзяржавы з просьбай прыняць захады для захавання ягонага жыцця і здароўя, а таксама для забеспячэння камунікацыі з адвакатамі, сям’ёй і медыкамі, піша «Вясна».

Віктар Бабарыка.
Фота: viktar_babaryka / instagram

Рашэнне камітэту было апублікаванае на сайце Управы вярхоўнага камісара ў правах чалавека. Таксама яно было адасланае Рэспубліцы Беларусь і адвакатам Віктара Бабарыкі, якія былі пазбаўленыя статусу, але дасюль прызнаюцца КПЧ ягонымі прадстаўнікамі.

КПЧ разгледзеў скаргу, якая была накіраваная яму ў ліпені 2020 года, і прыйшоў да высновы аб парушэнні беларускай дзяржавай гарантыяў і правоў на свабоду, прапісаных у пунктах 1, 3, 4 артыкулу 9 Міжнароднага пакту.

Так, у спісе парушэнняў, зафіксаваных камітэтам, пазначана, што Віктар Бабарыка быў затрыманы і ўзяты пад варту на падставе падазрэнняў у здзяйсненні злачынстваў, за якія прадугледжваецца пазбаўленне волі ад 2 гадоў, але пры гэтым не браліся пад увагу персанальныя абставіны: тое, што ён не быў асуджаны і пастаянна пражываў у Беларусі. Таксама не было ўлічана тое, што за два тыдні да затрымання Аляксандр Лукашэнка публічна намякнуў на вінаватасць Бабарыкі ў махлярстве, але, нягледзячы на такія заявы, Бабарыка не хаваўся і заставаўся ў краіне, працягваючы выбарчую кампанію. У сувязі з гэтым узяцце яго пад варту ні на чым не грунтавалася, а альтэрнатывы зняволенню ўвогуле не разглядалася.

Парушэннем з боку КПЧ прызнана тое, што рашэнне аб узяцці пад варту было прынятае пракурорам, які не валодае судовай уладай згодна з пунктам артыкулу 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама парушэннем права на свабоду была прызнаная адсутнасць доступу да адвакатаў на працягу 24 гадзінаў пасля арышту і перашкода камунікацыям з адвакатам цягам тыдня пасля затрымання і іншыя.

Камітэт правоў чалавека нагадаў дзяржаве пра яе абавязальніцтвы забяспечыць эфектыўныя сродкі кампенсацыі шкоды ў сувязі з парушэннямі правоў Віктара Бабарыкі, прызнаўшы ў такой якасці поўную рэпарацыю і адэкватную кампенсацыю. Аб прынятых мерах дзяржава павінна паведаміць камітэту цягам 180 дзён, апублікаваўшы такое рашэнне на дзяржаўнай мове.

Акрамя таго, 16 лістапада КПЧ звярнуўся з просьбай да беларускай дзяржавы прыняць неадкладныя захады для захавання жыцця, фізічнага і маральнага стану Віктара Бабарыкі і гарантавання яму магчымасці камунікацыі з адвакатамі, чальцамі сям’і і медычнымі работнікамі. Такое патрабаванне з’явілася ў адказ на навіны аб шпіталізацыі палітыка з падазрэннем на пнеўматоракс і слядамі пашкоджанняў, а таксама аб пазбаўленні яго сувязі з вонкавым светам у папраўчай калоніі № 1 Наваполацку з 6 лютага 2023 года.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў