«На кошт уплывае курс долара». Рыэлтары не чакаюць падаражэння кватэраў пасля «пашпартнага ўказа»


У беларускіх агенцыях нерухомасці прызнаюцца, што самі не чакалі такога «сюрпрызу» ад Лукашэнкі, але адзначаюць, што новыя правілы, згодна з якімі нельга прадаць маёмасць на падставе аформленай за мяжою даверанасці, калі і паўплываюць на кошты, то зусім крыху. Пра наступствы супрацьэмігранцкага ўказа для рынку нерухомасці – у матэрыяле «Белсату».

Хрушчоўкі на фоне сучасных будынкаў.
Фота: pixabay.com

Ані кватэру, ані пакой, ані загарадны домік – нічога не прадасі, калі не знаходзішся ў Беларусі або не маеш даверанасці, аформленай у краіне. У 2019 годзе доля ўгодаў, ухваленых без прысутнасці ўладальніка, была блізу 5%, у 2021–2022 гадах – ужо 10–15%, а сёлета вырасла да 30%, казаў раней аналітык агенцыі нерухомасці «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў. Зрэшты, зараз ён удакладніў, што ў бальшыні выпадкаў выкарыстоўваюцца даверанасці, аформленыя ў Беларусі.

«Бальшыня кватэраў, што прадаюцца дыстанцыйна, прадаюццца паводле даверанасцяў, аформленых яшчэ ў Беларусі. Доля тых, у каго даверанасці аформленыя за мяжою, мінімальная. Таму істотных зменаў ад указа мы б не прагназавалі», – цытуе аналітыка realt.by.

Пры гэтым экспертка Наталля Літоўская ў сваім Telegram-канале піша, што ўвосень, а таксама налета на рынку чакалі ўсплёску прапановаў кватэраў ад эмігрантаў. Маўляў, беларусы прызвычаіліся ў новых краінах, саспелі да набыцця жылля там і гатовыя браць крэдыты на ўласныя кватэры. І першым унёскам мусілі стацца грошы ад продажу пакінутай на радзіме нерухомасці.

«Зразумела, што частка ў Беларусь прыехаць не зможа. Прыедуць толькі тыя, хто з’язджаў выключна з эканамічных меркаванняў. То бок прыцёк кватэраў на рынак акажацца меншы за чаканы. З іншага боку, і чаканы прыцёк быў гіпатэтычным», – разважае Літоўская.

Партал Myfin.by піша пра сітуацыю, пазбягаючы канкрэтыкі: «На рынак можа паўплываць нядаўні ўказ, згодна з якім больш нельга прадаваць кватэры з-за мяжы. Гэта зменшыць колькасць імаверных кватэраў у продажы. А праз тое, што попыт не мяняецца, а крэдыты даступныя, гэта можа падхвоснуць чарговы рост цэнаў».

У беларускіх агенцыях нерухомасці схільныя да думкі, што «эмігранцкія кватэры», якія завіслі цяжкім грузам, асабліва не адаб’юцца на рынку, аднак упэўненасці ў гэтым няма.

«На жаль, такіх прагнозаў мы даць не можам, бо арыентуемся на рынак. Даволі багата было аб’ектаў, дзе даверанасці былі выданыя за мяжою. Цяпер яны не прадаюцца. Згодна з логікаю, цэны могуць падрасці», – сказалі карэспандэнту «Белсату» у адной кампаніі.

У іншай агенцыі таксама адмовіліся рабіць прагнозы:

«Незразумела, як сітуацыя будзе развівацца. Пакуль гэта ўсё меркаванні. Агулам колькасць кватэраў скароціцца. Аднак жа эмігранты і набывалі кватэры з даверанасцямі, адпаведна, такіх угодаў таксама не будзе. Таму і попыт можа знізіцца гэтак жа, як і прапанова».

Там прызналі, што з даверанасцямі прадавалі багата жылля, і пачалося гэта сёлета ў лютым.

Будаўніцтва жылога комплексу «Менск-Мір». Менск, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

У трэцяй кампаніі заявілі, што на кошт нерухомасці ў Беларусі ўплывае найперш курс долара, а не кватэры тых, хто з’ехаў:

«Так, нейкая колькасць кватэраў, ды не толькі іх, сыдзе з рынку. Але ж кватэраў усё роўна шмат, прапанова перавышае попыт. Адзінае, што ўплывае на цану, – курс долара. Мы знаходзімся ў такой краіне, дзе рынак нерухомасці ніколі не ідзе ўгору, у нас усё пакрысе робіцца меншым».

Суразмоўца «Белсату» падсумаваў, што пакупнікі нерухомасці з большага не пацярпяць, адзінае толькі, што не змогуць набыць кватэру, якая ляжа на душу, калі ў прадаўца не будзе даверанасці, аформленай у Беларусі.

«Беларусы пасля 2020 года пакідаюць нашую краіну. Аднак у асноўным уласнікі могуць прыязджаць або яны знаходзяцца ў Беларусі», – падкрэслілі ў агенцыі.

Аналітыка
Помста за нелюбоў да Лукашэнкі. Навошта эмігрантаў пазбаўляюць пашпартоў і даверанасцяў
2023.09.06 19:13

ММ belsat.eu

Стужка навінаў