«Пыл у вочы» пад выбары ці рэальная дапамога? У Менску запрацаваў партал 139.бел


У Менску запрацаваў партал 139.бел, праз які можна дасылаць у адпаведныя арганізацыі запыты, што датычаць аказання сацыяльных паслуг. Але незалежныя эксперты сумняваюцца ў яго эфектыўнасці, як і ў шчырасці намераў уладаў.

Крыніца: 139.бел

Ключавая частка новага парталу – інтэрактыўная мапа з геаметкамі розных аб’ектаў. Усе яны падзелены на катэгорыі: паслугі юрыста, сацыяльнага работніка, сядзелкі, паслугі перакладчыка мовы жэстаў, нянькі, тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі, сацыяльнае таксі, персанальны асістэнт і іншае.

Партал прапануе дзяржарганізацыі ў Менску, куды чалавек можа звярнуцца са сваімі пытаннямі. Акрамя таго, ён дае карысную інфармацыю ў гэтым пытанні: абгрунтаванне для надання сацыяльнага працаўніка, дакументы для афармлення.

Таксама на 139.бел размешчаныя абʼявы ад дзяржструктур на тэму сацыяльных паслуг. Ёсць магчымасць кансультацыі онлайн, пакінуць заяўку можна кругласутачна. Пасля мадэрацыі яе скіруюць у адпаведныя арганізацыі для вырашэння.

Рэсурс пакуль працуе толькі часткова, «напоўніцу» ён мусіць запрацаваць пазней.

Перадвыбарны партал

Вольга Цесакова, былая дэпутатка Менгарсавету, экспертка ў мясцовым самакіраванні, у каментары «Белсату» адзначыла, што «з пазіцыі 2019 года гэта, вядома, вельмі класная ініцыятыва, бо мы паступова рухаемся да лічбавізацыі». Аднак, паводле яе, у Беларусі няма адмысловых курсаў карыстання кампʼютарам і інтэрнэтам для пажылых людзей, якія б маглі карыстацца гэтым парталам, таму, магчыма, дапамагаць ім у гэтым давядзецца дзецям і ўнукам.

«З пазіцыі 2024 года гэта, канешне, вельмі сумна і непрыемна, бо мы знаходзімся на стыку электаральных цыклаў. І гэты праект, які яны рэалізуюць, зроблены ў межах прэзідэнцкай кампаніі для таго, каб паказаць яшчэ раз, што мы сацыяльна арыентаваная дзяржава, мы вылучаем грошы, мы максімальна спрашчаем. Увогуле, гэта больш пыл у вочы, чым насамрэч добры рэсурс», – мяркуе Цесакова.

Будынак Менгарвыканкаму. Менск, Беларусь. 21 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

На яе думку, стварэнне такога парталу таксама можа стаць нагодай «скараціць і так невялікія сродкі, якія вылучаліся, напрыклад, на тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Але нават, калі грошай не дадуць, яго працаўнікоў могуць абавязаць весці гэты партал без дадатковай аплаты.

«У нас у сацыяльнай сферы ідзе вялікае скарачэнне бюджэтных выдаткаў», – сказала экс-дэпутатка.

Паводле яе, улады робяць «прыгожую карцінку», пры гэтым максімальна скарачаюць «усё, што толькі можна».

Таксама, адзначыла Цесакова, не зразумела, ці будуць несці партал ці сацыяльныя службы адказнасць за пакінутыя заяўкі і ў якой форме. Асабліва, якія будуць дасылацца, пакуль рэсурс не запрацуе напоўніцу.

Улады самі стварылі новыя праблемы

Кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін у сваю чаргу адзначыў, што наяўнасць службы адзінага заказчыка – «заўсёды лепш, чым тэлефанаваць у розныя адзінкі».

«Адзіны кол-цэнтр, адзіны цэнтр прыёму заявак заўсёды працуе лепш, чым сетка цэнтраў, пра якія можа, напрыклад, ніхто не ведаць, альбо павінен шукаць. Іншае пытанне, наколькі гэта будзе эфектыўна працаваць і наколькі будуць задаволеныя людзі працай гэтай інфалініі», – падкрэсліў ён.

Пры гэтым Кавалкін адзначыў, што дзяржава сама сваімі дзеяннямі стварыла дадатковыя праблемы для людзей. Напрыклад, шмат уразлівых групаў засталіся «без дапамогі, сам-насам са сваімі праблемамі», бо шмат арганізацыяй грамадзянскай супольнасці былі вымушаныя спыніць сваю працу, а іх супрацоўнікі – зʼехаць праз гвалт з боку сілавікоў.

«Амаль усе праваабарончыя групы, амаль усе, хто аказваў людзям дапамогу, зараз гэта могуць робіць толькі сакрэтна і толькі праз онлайн, знутры Беларусі гэта робіць амаль немагчыма», – заключыў ён.

Каментар
«Нешта робіцца не так». Чаму ў сацыяльна арыентаванай Беларусі маці забіла сваіх дзяцей
2024.02.15 22:42

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў