«У мяне ўжо няма ніякай цікавасці». Расейскі рэжысёр Сакураў заявіў, што больш не павязе ў Менск свае фільмы


Пасля даносу прапагандыстаў у Менску скасавалі паказы фільмаў расейскага рэжысёра Аляксандра Сакурава і творчую сустрэчу з ім. Кінематаграфіст сказаў «Белсату», што больш не павязе свае стужкі ў Беларусь.

Рэжысёр Аляксандр Сакураў на выставе ў Санкт-Пецярбурзе, Расея. 16 снежня 2021 года.
Фота: Пётр Кавалёў / ТАСС

Фільмы «Казка» і «Сонца» мусілі паказаць у менскім «Falcon Club» 11–13 сакавіка. Планавалася сустрэча з рэжысёрам Аляксандрам Сакуравым і ягоным вучнем, рэжысёрам Аляксандрам Залатухіным.

У каментары «Белсату» Сакураў сказаў, што больш не плануе паездак у Менск:

«Натуральна, не! Я проста не хачу – і ўсё. У мяне ўжо няма аніякай цікавасці».

Скасаванне сеансаў і творчай сустрэчы ён назваў агіднымі:

«Гэта абсалютная агіднасць, брыдкая агіднасць».

«Falcon Club» растлумачыў, што паказ не адбудзецца з тэхнічных прычынаў, аднак рэжысёр гэтай версіі не верыць. Зрэшты, што гэта за «тэхнічныя прычыны», стала зразумела пасля допісаў прапагандыстаў – вядоўцы Грыгорыя Азаронка і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна. Гігін не хавае, што «працавалі над тым, каб «светач» не з’явіўся ў Менску». Ён упэўнены, што творчая сустрэча з Сакуравым была б ледзь не мітынгам:

«Сустрэча з ім стала б пунктам збору для тых, хто стаіўся, прыстасаваўся, чакае. Ніякага шанцу ім даваць нельга, нават сабрацца разам».

Гігін пры гэтым прызнае  талент рэжысёра, аднак, на думку прапагандыста, той «нагаварыў і нарабіў процьму ўсякага глупства», а таму прыезд творцы ў Беларусь «не быў бы карысны».

Фільм «Сонца» выйшаў у пракат у 2005 годзе. Гэта карціна пра апошнія дні Другой сусветнай вайны. Галоўны герой – японскі імператар Хірахіто, якія назірае за паразаю сваёй краіны.

«Казка» – апошні на сёння фільм Сакурава, прэм’ера адбылася ў 2022 годзе. Анатацыя да стужкі такая: «У замагільным свеце Сталін сустракае Ісуса, Гітлера, Чэрчыла, Мусаліні і Напалеона».

Гэтая карціна зазнала цэнзуру і на радзіме аўтара: у кастрычніку летась Міністэрства культуры Расеі забараніла паказ фільму на кінафестывалі ў Маскве і адмовілася выдаваць пракатнае пасведчанне. Пасля гэтага «Казка» з’явілася ў YouTube.

Hавiны
Пра дыктатараў і іх дыктатуры. Лепшыя фільмы і серыялы пра тых, хто не хоча аддаваць уладу
2020.09.20 12:01

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў