Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з гібеллю арыштаванага літоўскага грамадзяніна


Часоваму паверанаму Беларусі была ўручаная нота пратэсту МЗС Літвы ў сувязі са смерцю літоўскага грамадзяніна, які быў затрыманы ў Беларусі 31 снежня 2023 года і змешчаны ў СІЗА. Смерць магла наступіць праз тое, што чалавек не атрымаў своечасовай медычнай дапамогі. Пра гэта піша «Delfi» са спасылкай на заяву МЗС.

Аўтамабіль арыштаванага на мяжы грамадзяніна Літвы.
Фота: customs.gov.by

У міністэрстве зазначаюць, што консульскіх  працаўнікоў Літве належным чынам не інфармавалі пра затрыманне літоўскага грамадзяніна і стан ягонага здароўя. Не былі створаныя ўмовы для наведвання арыштаванага і надання яму неабходнай консульскай дапамогі.

«Такімі дзеяннямі Беларусь груба парушыла Венскую канвенцыю. Літва патрабуе неадкладна афіцыйна інфармаваць МЗС аб прычынах арышту грамадзяніна Літвы, стане ягонага здароўя на момант затрымання і пра ўсе звязаныя з гэтым абставіны, а таксама пацвердзіць факт смерці гэтага чалавека, указаць час, месца, абставіны і прычыны ягонай смерці», – гаворыцца ў заяве МЗС.

МЗС Літвы зазначае, што апошнім часам актывізаваліся «варожыя і правакацыйныя дзеянні» ўладаў Беларусі супраць літоўскіх грамадзянаў. Літоўцаў незаконна арыштоўваюць, фальсіфікуюць супраць іх абвінавачанні. У сувязі з гэтым улады Літвы яшчэ раз настойліва рэкамендуюць сваім грамадзянам не ездзіць у Беларусь, а тым, хто там перабывае, неадкладна пакінуць гэтую краіну.

У прэс-рэлізе МЗС не гаворыцца, пры якіх абставінах быў затрыманы грамадзянін Літвы і якое абвінавачанне яму было выстаўленае.

Разам з тым вядома, што ў пачатку студзеня мытныя органы Беларусі паведамілі пра затрыманне грамадзяніна Літвы, які нібыта спрабаваў на легкавым аўтамабілі завезці праз пункт пропуску «Беняконі» 98 баявых патронаў. У дачыненні літоўца была распачатая крымінальная справа паводле прыкметаў злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 333.1 КК («Незаконнае перамяшчэнне боепрыпасаў»).

Hавiны
Афіцыйны Менск абяцае «жорстка адрэагаваць» на рашэнне Літвы закрыць два памежныя пераходы
2024.02.22 16:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў