Беларускі Чырвоны Крыж скараціў дапамогу мігрантам праз недахоп грошай


Беларускі Чырвоны Крыж абвесціў, што скараціў дапамогу мігрантам «у звязку са спыненнем супрацы з партнёрамі». Арганізацыю пазбавілі міжнароднага фінансавання за адмову звольніць Дзмітрыя Шаўцова з пасады кіраўніка.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены арганізацыяй «BELPOL»

Арганізацыя спыніла грашовае падтрыманне мігрантаў. Дасюль уцекачам давалі ваўчары, кампенсавалі выдаткі на медычныя паслугі, аплачвалі дзіцячы летні адпачынак.

На сайце Беларускага Чырвонага Крыжа тлумачыцца, што скарачэнне дапамогі адбылося «у звязку са спыненнем супрацы з партнёрамі, якія курыравалі ў Беларусі праектную дзейнасць, накіраваную на падтрыманне замежных грамадзянаў».

Адначасова адзначаецца, што іншая гуманітарная дапамога (сродкі гігіены, абутак, адзенне) будзе надавацца мігрантам і надалей.

«У 2024 годзе мы працягнем дапамагаць пажылым адзінокім асобам, людзям з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі, людзям, якія апынуліся ў крызісных і надзвычайных сітуацыях, няпоўным, апякунскім, прыёмным і шматдзетным сем’ям, дзецям-сіротам», – запэўнілі ў арганізацыі.

Hавiны
ААН шукае замену Беларускаму Чырвонаму Крыжу для працы ў Беларусі
2023.12.26 16:14

У леташнім верасні Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца рэкамендавала кіраўніку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыю Шаўцову адысці ад справаў падчас расследавання, якое вядзецца ў сувязі з ягоным наведваннем акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Заклік быў праігнараваны.

У кастрычніку былі абнародаваныя вынікі гэтага расследавання, Шаўцова прызналі вінаватым у парушэнні асноўных прынцыпаў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілаў выкарыстання сімволікі руху і палітыкі добрасумленнасці арганізацыі.

Беларускаму Чырвонаму Крыжу паставілі ўльтыматум: або звальненне Шаўцова, або спыненне сяброўства арганізацыі ў міжнароднай федэрацыі і фінансавання. Арганізацыя выбрала апошняе і пакінула функцыянера на пасадзе.

Раней паведамлялася, што Дзмітрый Шаўцоў высунуў сваю кандыдатуру на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Hавiны
Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага аддзялення ў арганізацыі
2023.12.01 20:08

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў