Міжнародны Чырвоны Крыж прыпыніў сяброўства беларускага аддзялення ў арганізацыі


Міжнародны Чырвоны Крыж з 1 снежня прыпыніў сяброўства беларускай арганізацыі ў  Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) у сувязі з невыкананнем ім патрабаванняў аб зняцці з пасады Дзмітрыя Шаўцова.

Дзмітрый Шаўцоў на акупаваных украінскіх тэрыторыях, Дмитрий Шевцов на оккупированных украинских территориях
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў падчас наведвання акупаваных тэрыторыяў Украіны. Здымак прадстаўлены ініцыятывай «Белпол»

Як сказана ў прэс-рэлізе арганізацыі, «гэта вынікае з рашэння Праўлення МФТЧКіЧП ад 3 кастрычніка 2023 года па выніках расследавання абвінавачанняў у адрас генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, выкліканымі яго заявамі, у тым ліку аб ядравай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь, а таксама яго візітам у Луганск і Данецк».

Пасля прыпынення сяброўства Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы сябра МФТЧКіЧП і страчвае магчымасць атрымання фінансавання з боку міжнароднай арганізацыі на пэўны час.

«Акрамя таго, Беларускі Чырвоны Крыж не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах МФТЧКіЧП», – гаворыцца ў заяве.

Пры гэтым Беларускі Чырвоны Крыж можа быць адноўлены ў сваіх правах, як толькі выканае рашэнне праўлення і здыме Шаўцова з пасады.

У той жа час міжнародная арганізацыя падкрэсліла, што па-ранейшаму цвёрда адданая таму, каб рэагаваць на гуманітарныя патрэбы ў Беларусі, і «ў выпадку бедства ці сур’ёзнай надзвычайнай сітуацыі гуманітарны імператыў будзе мець пераважную сілу».

Рэпартаж
Гуманізм са зброяй. Як Аляксей Талай вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.11.06 18:45

Адметна, што 1 снежня адбылося пасяджэнне прэзідыўма Беларускага Чырвонага Крыжа, на якім былі разгледжаныя пытанні, звязаныя з зацвярджэннем плану асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў, фінансавага плану і каштарысу расходаў арганізацыі. Таксама на павестцы дня былі пытанні ўнясення зменаў у фінансавую палітыку арганізацыі і зацвярджэння новых рэдакцыяў Палажэння аб рэзервным фондзе, што можа сведчыць аб тым, што ў арганізацыі задумваюцца аб тым, як будуць функцыянаваць ва ўмовах прыпынення фінансавання ад МФТЧКіЧП.

Нагадаем, у ліпені 2023 года Дзмітрый Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, дзе даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам. На рукаве ў Шаўцова была прыкмечаная нашыўка з літарай «Z» – знак агрэсіі супраць Украіны, і гэта нягледзячы на тое, што адным з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ёсць нейтральнасць. Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

У кастрычніку Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага паўмесяца паставіла Беларускаму Чырвонаму Крыжу ўльтыматум: або звальненне Шаўцова, або ніякага фінансавання. Беларуская арганізацыя адмовілася выконваць патрабаванне і 1 лістапада выступіла з заявай аб тым, што Дзмітрый Шаўцоў застанецца на чале арганізацыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў