Сілавікі і прапагандысты. Хто ў Менску сабраўся ў дэпутаты


Акруговыя выбарчыя камісіі ў Менску на 23 снежня зарэгістравалі 45 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, вынікае з апублікаванага Цэнтральнай выбарчай камісіяй дакументу.

Паседжанне Палаты прадстаўнікоў 2 красавіка 2021 года.
Фота: belta.by

На дадзены момант на дэпутацкія крэслы ад сталіцы прэтэндуюць беспартыйныя – 24, члены зарэгістраванай сёлета партыі «Белая Русь» – 13, Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) – 5, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці – 2, Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) – 1. Усе згаданыя структуры з’яўляюцца праўладнымі.

Сярод іншых маюць намер балатавацца старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргей Рачкоў, дзеючыя дэпутаты – старшыня ЛДП Алег Гайдукевіч, адна з медыйных асоб КПБ Сяргей Клішэвіч, член «Белай Русі» Васіль Панасюк, беспартыйныя Марына Лянчэўская, Іван Гардзейчык. Менавіта Марына Лянчэўская ініцыявала змены ў Крымінальны кодэкс, якія ўвялі смяротнае пакаранне за спробу тэрарыстычнага акту. Таксама яна з’яўлялася адказнай за падрыхтоўку законапраекта, які прадугледжваў магчымасць вядзення па крымінальных справах у дачыненні да памерлых.

У дэпутаты вырашыў пайсці памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў, сябра сакратарыята Палаты Мікалай Бузін. Вядома, што ён з’яўляецца палкоўнікам, доктарам ваенных навук, быў намеснікам начальніка па навуковай працы Генеральнага штабу.

Маюць намер вылучацца ў дэпутаты начальнік Ваеннай акадэміі Генадзь Лепяшко, начальнік штабу Міністэрства ўнутраных спраў Ігар Пашкоў, прэс-сакратар Генеральнай пракуратуры Анжаліка Курчак, якая змагаецца з чайлдфры ў краіне, памочнік Аляксандра Лукашэнкі – інспектар па Менску Аляксандр Барсукоў (былы начальнік сталічнай міліцыі і намеснік кіраўніка МУС, які за працу падчас пратэстаў у 2020 годзе патрапіў пад санкцыі ЕЗ). У 2022 годзе Барсукоў узяў на сябе куратарства над новым асобым атрадам спецыяльнага прызначэння «Рысь». Асноўнымі задачамі новага атраду заяўляліся «барацьба з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і дыверсійнымі выведвальнымі групамі».

Аб’ектыў
ЦВК прапануе беларусам праспансаваць выбары
2023.12.08 21:00

Заняць крэслы ў ніжняй палаце парламенту плануюць таксама прапагандысты – рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, экс-дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Данілевіч, адзін з галоўных ідэолагаў рэжыму Лукашэнкі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі і старшыня праўлення таварыства «Веды» Вадзім Гігін, нядаўна прызначаны саветнікам-пасланнікам пасольства Беларусі ў РФ адыёзны прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі. 

Гігін вядомы сваімі прарасейскімі і антызаходнімі выказваннямі. Так, ён прапаноўваў «увесці нулявую талерантнасць да ўладальнікаў «Карты паляка»». Сёлета з ягонай ініцыятывы выключылі са школьнай праграмы «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

Таксама Гігін уваходзіць у склад камісіі па вяртанні палітуцекачоў. У перадачы «Азарёнок. Напрямую» ідэолаг Лукашэнкі крытыкаваў канферэнцыю дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», якая прайшла 8 і 9 жніўня 2022-га ў Вільні. Ëн пагражаў апанентам рэжыму за мяжой забойствамі. Восенню 2022-га Гігін ездзіў назіральнікам на «рэферэндум» у так званую «Луганскую Народную Рэспубліку». Ён патрапіў у апошні санкцыйны спіс Еўразвязу супраць Беларусі.

Шпакоўскі ў 2021 годзе ўваходзіў у склад канстытуцыйнай камісіі, якая распрацоўвала папраўкі да Канстытуцыі. Трапіў у санкцыйныя спісы Украіны за падтрымку нападу на яе. Апошнім часам ён быў актыўным удзельнікам расейскіх прапагандысцкіх шоу.

Акрамя таго, на дэпутацкае крэсла прэтэндуе генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа (БЧК) Дзмітрый Шаўцоў, які абвінавачваецца ў датычнасці да незаконнага вывазу дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. З-за адмовы адхіліць яго ад пасады было прыпынена сяброўства БЧК у Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Шаўцоў актыўна выступаў і наракаў на «негуманнасць Еўропы» падчас разгару штучнага міграцыйнага крызісу і запомніўся яшчэ некалькімі заявамі — напрыклад пра тое, што гомасэксуальнасць патрабуе лячэння.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну Чырвоны Крыж пад кіраўніцтвам Шаўцова заняўся ў тым ліку вывазам «на аздараўленне» (як яны гэта называюць) дзяцей з часова акупаваных украінскіх тэрыторый.Улетку Шаўцоў адкрыта пацвердзіў, што ўдзельнічаў у вывазе дзяцей з Украіны ў Беларусь. Тады Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова.

Hавiны
Выбары з зорачкай. Праваабаронцы апублікавалі першую справаздачу пра кампанію ўладаў
2023.12.05 11:00

У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць абʼяднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя рады. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў статусе, замацаваным у Канстытуцыі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў