Міжнародны Чырвоны Крыж рэкамендуе сысці кіраўніку беларускай арганізацыі


Міжнародная федэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФЧК і ЧП) рэкамендавала кіраўніку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрыю Шаўцову адысці ад справаў падчас расследавання, якое вядзецца ў сувязі з ягоным наведваннем акупаваных Расеяй тэрыторыяў у ліпені 2023 года.

Дзмітрый Шаўцоў. Крыніца: ont.by

Рэкамендацыя была накіраваная Дзмітрыю Шаўцову персанальна, заявіў ТАСС прэс-сакратар МФЧК і ЧП Тамаза Дэлля Лёнга. У ёй генеральнага сакратара беларускай арганізацыі заклікаюць прыпыніць выкананне абавязкаў, пакуль цягнецца расследаванне справы.

Заканчэнне расследавання чакаецца ў кастрычніку, яно носіць канфідэнцыйны характар, вынікі абяцаюць зрабіць публічнымі.

У чацвер, 7 верасня, на пазачарговым паседжанні з’езду Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў быў адзінагалосна пераабраны на пасаду генеральнага сакратара арганізацыі.

Нагадаем, у ліпені Дзмітрый Шаўцоў паехаў у акупаваныя Лісічанск і Марыупаль, дзе даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам. На рукаве ў Шаўцова была прыкмечаная нашыўка з літарай «Z» – знак агрэсіі супраць Украіны, і гэта нягледзячы на тое, што адным з базавых прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа ёсць нейтральнасць. Шаўцоў таксама прызнаваў, што арганізацыя дапамагала рэжыму Лукашэнкі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з занятых расейцамі тэрыторыяў.

МФЧК і ЧП выступіла з асуджэннем паездкі Шаўцова ў акупаваныя ўкраінскія рэгіёны і заявіла, што ягоныя дзеянні кампраметуюць базавыя прынцыпы арганізацыі. Таксама ў МФЧК і ЧП заявілі, што звязаліся з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, каб выразіць «сур’ёзную заклапочанасць і спыніць любую такую дзейнасць у будучыні».

Таварыства Чырвонага Крыжа Украіны выступіла з асуджэннем дзеянняў Шаўцова і заклікала міжнародную федэрацыю выключыць са складу Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Hавiны
Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь
2023.07.19 13:55

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў