Нацыянальны алімпійскі камітэт назваў умовы, на якіх беларусаў дапусцілі да Алімпіяды, дыскрымінацыйнымі


Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі пракаментаваў рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна допуску беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе ў нейтральным статусе.

У 2024 годзе Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы.
Фота: fattiretours.com

НАК вітае допуск беларусаў да Алімпіяды-2024, аднак пры гэтым зазначае, што рашэнне МАК не ў поўнай меры адпавядае інтарэсам беларускай спартовай супольнасці. Абмежаванні, якія Міжнародны алімпійскі камітэт вызначыў у якасці ўмовы ўдзелу ў гульнях (адсутнасць нацыянальных сімвалаў і нават колераў, абмежаваную колькасць кваліфікацыйных спаборніцтваў, нядопуск спартоўцаў, якія выступаюць у камандных відах спорту), беларускі бок назваў дыскрымінацыйнымі.

НАК сцвярджае, што не ўсе міжнародныя федэрацыі кіруюцца рэкамендацыямі і рашэннямі МАК, у прыватнасці, Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацыяў «нават не спрабуе схаваць дыскрымінацыйную і палітызаваную пазіцыю ў дачыненні да нашых спартоўцаў».

«У гэтай сувязі чакаем дакладных тлумачэнняў адносна «дыскрымінацыйных» умоваў доступу да ўдзелу ў кваліфікацыйных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях у Парыжы не толькі з боку МАК, але і міжнародных федэрацыяў як асноўных арганізатараў спаборніцтваў у сваіх відах спорту, – заяўляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі. – НАК Беларусі будзе кіравацца, перадусім, інтарэсамі сваіх спартоўцаў, а таксама, несумненна, будзе працягваць працу для аднаўлення справядлівасці і паўнавартаснага ўдзелу нашых спартоўцаў ува ўсіх спаборніцтвах».

8 снежня 2023 года Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне дапусціць да Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў 2024 годзе беларускіх і расейскіх спартоўцаў у якасці індывідуальных удзельнікаў у нейтральным статусе. Спартоўцам забаронена дэманстраваць нацыянальныя сімвалы і нават мець нацыянальныя колеры на адзенні, а таксама выконваць нацыянальны гімн. Не дапусцяць на Алімпіяду тых, хто падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны ці мае нейкія сувязі з сілавымі структурамі. На гульні не будуць запрошаныя чыноўнікі і прадстаўнікі ўрадаў абедзвюх краінаў.

Hавiны
Украіна збіраецца адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе. Праз беларусаў і расейцаў
2023.12.10 15:49

Украіна, Літва, Латвія і Эстонія асудзілі рашэнне МАК пра допуск расейцаў да Алімпіяды-2024. Украіна мае намер адмовіцца ад удзелу ў гульнях. Выканальнік абавязкаў міністра моладзі і спорту Украіны Мацвей Бідны заявіў, што ёсць надзея, што МАК усё ж зменіць сваё рашэнне наконт удзелу ў Алімпіядзе беларусаў і расейцаў.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня да 11 жніўня 2024 года.

Агляд
Выступаем з 1912-га, першага чэмпіёна перамог зялёны змей: 10 цікавых фактаў пра беларусаў і Алімпійскія гульні
2023.10.05 12:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў