Фільм «Белсату» «Святая вада» ўзнагароджаны на польскім конкурсе «Dokument.pl»


Дакументальны фільм «Святая вада» («Holy Water») рэжысёра Андрэя Куцілы і вытворчасці «Белсату» адзначаны прэміяй у польскім конкурсе «Dokument.pl».

biełśat nagroda film biełsatu ukraina kijów wojna na ukrainie
Фрагмент фільму «Святая вада».
Фота: Андрэй Куціла / Белсат

Фільм «Святая вада» зняты 19 студзеня ў Кіеве, за 36 дзён да поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Працу ўзнагародзілі за «незвычайную інтуіцыю, якая дазволіла нам стаць сведкамі і пашырыць погляд на шлях гісторыі, які бязлітасна разгортваецца».

Аўтар паказаў, як святкуюць Вадохрышча ў адным з раёнаў Кіева. Традыцыйна ў гарадскім возеры робяць палонку, каб акунуцца ў ваду.

У «Святой вадзе» захавана тое, як людзі становяцца ў чаргу да палонкі. На беразе чутны звон званоў праваслаўнай царквы. Буйным планам паказаныя людзі розных узростаў. Яны трохі перагаворваюцца і спакойна сустракаюць адно з самых важных святаў у праваслаўных вернікаў. Праз гэтыя вобразы аўтар расказвае пра хісткасць жыцця, супярэчлівасць чалавечай веры і радасць існавання.

Фільм атрымаў у Італіі прэмію «PerSo Short» і адмысловую згадку «PerSo Short Jail», а таксама ўзнагароджаны на польскім конкурсе «Festiwal Mediów. Człowiek w Zagrożeniu».

Пакуль стужка дасяжная толькі на фестывалях. Пазней яна з’явіцца на нашым YouTube-канале «Белсат.DOC».

Арсен Рудэнка

Стужка навінаў