Задакументаваць пекла на зямлі: расеец фіксуе злачынствы РФ у Марыупалі і просіць дапамогі


На Google-мапе Марыупалю сёння пазначаныя разбурэнні больш за 2000 дамоў, ёсць відэакадры і фота разбуранага заводу «Азоўсталь», 40 знішчаных школ, магілы людзей у дварах, моманты баёў на вуліцах, а таксама сведчанні людзей і імёны злачынцаў.

Марыупаль, акупаваная войскамі РФ частка Украіны. 24 снежня 2022 г.
Фота: PAVEL KLIMOV / Reuters / Forum

Паказаць расейцам, што вайна – гэта пекла

Віталій Штутман родам з Масквы, з’ехаў у Ізраіль у 2019 годзе і цяпер жыве ў горадзе Хайфе. Працуе пасудамыйшчыкам у рэстаране, а ў вольны час займаецца зборам сведчанняў ваенных злачынстваў Расеі ў Марыупалі, які падвяргаўся масіраваным абстрэлам расейскай артылерыі і танкаў. Сабраныя фота і відэа ён наносіць на Google-мапу гораду.

«Вайна – гэта катастрофа не толькі для Украіны, але і для Расеі. Я служыў у Грозным, у Чачэніі, за два гады да ваенных падзеяў там. Пасля, седзячы ў Маскве, я сачыў за тым, што адбываецца ў Грозным, я бачыў усе тыя мясціны, якія сціралі з твару зямлі. І калі пазней я глядзеў навіны з Марыупалю, то з жахам зразумеў, што адбываецца тое самае. Пры гэтым людзі навокал гэтага не бачаць, не асэнсоўваюць. Калісьці для душы я рабіў праект «Кінадаведнік па Маскве»: браў кадры фільмаў і далучаў на Google-мапе Масквы ў месцах, дзе яны здымаліся. Таму ў мяне быў досвед працы з онлайн-мапамі. Калі пачалася вайна ва Украіне, я падумаў, чаму б не зрабіць нешта падобнае», – кажа Віталій Штутман у размове з «Белсатам».

Жанчына ля разбуранага жылога дому ў Марыупалі, Украіна. 25 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Ён адзначае, што ніколі не падтрымліваў уладу ў Расеі, хадзіў на мітынгі, а калі анексавалі Крым, пасварыўся са шматлікімі людзьмі, даводзячы, што гэта вельмі кепска.

«Сваім праектам я хацеў растлумачыць жыхарам Расеі, што яны руйнуюць рускамоўны горад, паказаць усё гэта пекла і задакументаваць катастрофу. Калі размяшчаеш на мапе відэа трапляння ракеты ў канкрэтны дом, ты можаш паглядзець і ацаніць маштаб катастрофы, а таксама разгледзець кожную дэталь – і пабачыць, што насамрэч адбылося. Адначасова бачная і агульная карціна – увесь горад засыпаны чырвонымі кропкамі, там няма жывога месца. Калі я пачынаў у красавіку 2022 года, то нават не мог уявіць, якім будзе маштаб разбурэнняў», – распавядае наш суразмоўца.

Віталь стаў далучаць на мапу відэа і фота разбурэнняў, якія знаходзіў у інтэрнэце. У тым ліку – з расейскіх СМІ і прапагандысцкіх паблікаў. Адрасы канкрэтных дамоў удакладняў у розных суполках гораду Марыупалю ў інтэрнэце. Паступова відавочцы, жыхары Марыупалю самі пачалі дасылаць яму матэрыялы, дапамагаць вызначаць месцы і адрасы, удакладняць інфармацыю. Шмат хто з’ехаў са знішчанага гораду, і каб атрымаць кампенсацыю, ім патрэбныя былі доказы руйнавання іх жытла. Таму такая мапа апынулася вельмі зручнай.

Матэрыялы для ваеннага трыбуналу

Сёння на мапе пазначаныя разбурэнні больш за 2000 дамоў. Сярод сабраных сведчанняў ёсць кадры разбуранага заводу «Азоўсталь», 40 разбураных школ, магілы людзей у дварах, у тым ліку магілы на тэрыторыі знішчаных дзіцячых садкоў, відэа ў момант абстрэлу артылерыяй або танкамі жылых будынкаў, моманты баёў на вуліцах. Таксама там можна знайсці сведчанні людзей, якія бачылі разбурэнні і факты злачынстваў на ўласныя вочы.

«Трэба фіксаваць усё як факты ваенных злачынстваў Расеі, каб пасля можна было іх выкарыстаць у міжнародных судах. Таму матывацыя працягваць справу ёсць. Але галоўнае – каб людзі асэнсавалі, што вайна – гэта пекла. Мае знаёмыя, якія падтрымлівалі вайну, заўсёды маюць нейкія апраўданні. А калі задаеш ім простае пытанне – а ты сам гатовы забіваць дзяцей? – і паказваеш сабраныя сведчанні, яны не ведаюць, што адказаць. Я раблю гэты праект, каб мець магчымасць задаваць такія пытанні. Мае знаёмыя, якія раней спрачаліся, зараз адмаўляюцца на гэту тэму размаўляць. Яны не могуць прызнацца самім сабе, што яны на баку зла. Але цяпер яны дакладна не могуць сказаць, што ўсё робяць правільна», – тлумачыць Віталь.

Зараз на мапу заходзіць у сярэднім 5-7 тысяч чалавек у дзень. Агулам яе паглядзелі 1,7 млн разоў. Мяркуючы па YouTube, дзе размяшчаюцца відэа, якія пасля далучаюцца на мапу, палова наведнікаў заходзіць з Расеі.

Разбураны Марыупальскі тэатр пасля бамбардзіроўкі расейскімі вайскамі.
Фота: Maxar

Стварыць сайт, каб працягваць дакументаваць і дапамагаць людзям

У развіццё праекту з’явілася ідэя стварыць адмысловую старонку, прысвечаную злачынствам у Марыупалі.

«Праца з мапай забірае вельмі шмат часу. Ёсць валанцёры, гатовыя дапамагаць, але на мапу толькі я магу дадаваць інфармацыю. Таму з’явілася ідэя зрабіць сайт, дзе будуць збірацца фота і відэа факты, тэкставыя сведчанні відавочцаў, імёны злачынцаў: інфармацыя аб тых, хто здзяйсняў ваенныя злачынствы, напрыклад, камандзір, які аддаваў загад скідваць бомбу на марыупальскі радзільны дом, драмтэатр, дзе загінула шмат людзей, вайсковыя часці і імёны вайскоўцаў, што стралялі і бамбавалі горад, назвы арганізацый, будаўнічых кампаній, якія зараз зносяць дамы марыупальцаў. Я шмат куды звяртаўся, але пакуль не атрымліваецца знайсці партнёраў для стварэння такой старонкі», – кажа Віталій.

Па яго словах, стварэнне сайту дазволіць карыстальнікам самім дадаваць матэрыялы на старонку, стане магчымым падлучыць да мадэрацыі валанцёраў, даваць спасылкі на матэрыялы журналістаў-расследавальнікаў, якія знаходзяць тых, хто здзяйсняў ваенныя злачынствы, размясціць інструкцыі, як выкарыстоўваць матэрыялы для атрымання кампенсацый, формы для калектыўных іскаў жыхароў гораду, а таксама стварыць англамоўную версію, каб пра трагедыю Марыупалю даведалася больш людзей.

Марыупаль, 9 сакавіка 2022 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

У ідэале, на думку Віталя, было б стварэнне адмысловага Фонду «Марыупаль», які займаўся б зборам сведчанняў, дапамогай матэрыяламі тым, хто спрабуе атрымаць кампенсацыю, дапамогай у складанні калектыўных пазоваў ад жыхароў, прыцягваннем да працы юрыстаў і міжнародных арганізацый.

«Тэарэтычна, абапіраючыся на досвед працы з валанцёрамі, ёсць магчымасць пашырыць геаграфію праекту на ўсю Украіну. Галоўная праблема жыхароў – гэта барацьба з бюракратыяй па атрыманні кампенсацый. Прыцягваючы да супрацы прыватных юрыстаў Фонд змог бы дапамагчы вялікай колькасці людзей», – кажа Віталій.

Калі хтосьці захоча дапамагчы ў стварэнні сайта ці будзе гатовы стаць партнёрам у Фондзе, можна напісаць Віталію на пошту t9036086711@gmail.com

Адмыслова для праекту створаны YouTube канал, у Тэлеграм ёсць бот для тых, хто дасылае матэрыялы. Ёсць старонка для збору ахвяраванняў на Patreon.

Фота
Наступствы катастрофы на Кахоўскай ГЭС і пажары у Канадзе. Галоўныя здымкі тыдня
2023.06.10 16:01

СП belsat.eu

Стужка навінаў