Навеяла закрыццём памежнага пераходу «Баброўнікі». Узгадалі, як у 90-я мяжу з Польшчай закрылі, а потым адкрылі


З дапамогай архіўных фатаграфій мы перанясемся з 11 лютага 2023 года ў 11 жніўня 1990. У гэты дзень пастановай Савета Міністраў СССР планавалася закрыць выезд у Еўропу. Тысячы машын стаялі суткамі, людзі імкнуліся паспець з’ездзіць у Польшчу. Закрыццё ўлады тады патлумачылі абаронай унутранага рынку – паліцы савецкіх крам пусцелі, а грамадзяне шукалі дэфіцытныя тавары, каб вывезці іх у суседнюю Польшчу і зарабіць грошай. 

Беларуска-польская мяжа ля Берасця.
Фота: pogranec.by

11 жніўня 1990 года да пункта пропуску «Берасце» былі сцягнутыя сілы міліцыі. Але знянацку ўрад адмяніў сваё рашэнне аб абмежаваннях адносна перасячэння мяжы, і патокі нашых суграмадзян зноў памкнулі праз мяжу на рынкі Польшчы.

Беларуска-польская мяжа ля Берасця.
Фота: pogranec.by

«Расштурхалі людзей і вынеслі труп жанчыны»

Вось пару ўспамінаў людзей, якія ездзілі ў той час праз мяжу. Анжэла ў жніўні 1990 года была на сёмым месяцы цяжарнасці. Ёй трэба было ў Польскі Шчэцін – да мужа-вайскоўца.

«Я добра памятаю той жнівень. Берасце. Прайсці мяжу было амаль немагчыма. Мой сваяк, берасцеец, праціскаўся наперадзе з торбай, а я ішла за ім. Адзін метр мы пераадольвалі за 5-10 хвілін. І гэта з улікам таго, што жонкі вайскоўцаў у агульнай чарзе не стаялі. Зусім побач з намі расштурхалі людзей і вынеслі труп жанчыны».

Фота: Onlainer.by

Яўген шмат разоў ездзіў у Польшчу ў 90-х.

«Памятаю, паехалі на машыне праз «Варшаўскі мост». Чарга жудасная, такая ж жудасная карупцыя. У нас быў свой чалавек на мытні, які павінен быў арганізаваць акно. Мы прыехалі, купілі чаргу (мясцовыя падзараблялі, займаючы месца, а потым перапрадавалі яе ахвотным). Карацей, заехалі сяк-так за так званую «сетку», і ў гэты момант аказалася, што прыехала інспекцыя з Масквы правяраць памежны пераход, і акно для нас арганізаваць немагчыма. Мы пяць дзён пражылі за «сеткай» – так называлася месца перад каналам, дзе афармлялі выезд. Жонка была ўпэўненая, што мяне забілі. Сувязі ніякай!».

«Піск» моды – белыя шкарпэткі і прасавальная машынка «Калінка»

Жанчына з былога СССР, якая гандлюе на стадыёне ў Варшаве. 90-я гады.
Фота: Яраслаў Стаховіч

Пасля развалу СССР тысячы грамадзян розных рэспублік паехалі ў Польшчу. Толькі ў 1990 годзе праз Берасце праехала 5,5 мільёна чалавек.

Фота: people.onliner.by
Фота: brestcity.com

На рынкі Польшчы везлі кавамолкі, сокавыціскалкі, электрамясарубкі, тэлевізары «Гарызонт». Цэны на ўсё гэта былі менш, чымсьці ў польскіх крамах. Вывозілі ювелірныя вырабы, антыкварыят, тэкстыль. Нечакана, але асабліва палякам спадабалася прасавальная машына «Калінка». За блок цыгарэт і дзве бутэлькі спіртнога можна было атрымаць 10-15 долараў. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся спірт «Royal».

Прасавальная машына «Калінка».
Фота: avito.ru

З Польшчы дадому везлі аўдыё- і відэатэхніку, модную вопратку, парфуму і касметыку, жавальную гумку і бананы. «Піскам» моды былі белыя шкарпэткі.

З аднаго такой паездкі можна было зарабіць столькі грошай, колькі атрымалаў бы бюджэтнік за некалькі месяцаў ці нават за год працы. Атрыманыя за тавары злотыя можна было канвертаваць у долары.

Людзі часам стаялі на мяжы ад пары сутак да тыдня, каб выехаць у Польшчу: не выключана, што сітуацыя можа паўтарыцца на беларуска-польскай мяжы і цяпер.

Беларуска-польская мяжа ля Берасця.
Фота: pogranec.by

Аліса Ганчар / АА belsat.eu

Стужка навінаў