«Камерцыйная таямніца». Менскі кінапракат засакрэціў касавыя зборы і не раскрывае лік гледачоў


Найпапулярнейшым фільмам летась у Менску стаўся расейскі «Чабурашка», а беларуская прапагандысцкая стужка «На другім беразе» заняла чацвёртае месца. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміла намесніца кіраўніка Менскага кінавідэапракату Вольга Дзюльдзя. Яна не раскрыла касавыя зборы, спаслаўшыся на «камерцыйную таямніцу», і агульны лік гледачоў.

Bulbamovie 2023
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Топ-5 самых папулярных фільмаў летась у сталіцы выглядае так:

  1. «Чабурашка»;
  2. «Аватар: Шлях вады»;
  3. «Опэнгаймер»;
  4. «На другім беразе»;
  5. «Кот у ботах: Апошняе жаданне».

Вынікі 2023 года на прэс-канферэнцыі агучыла намесніца генеральнага дырэктара Менскага кінавідэапракату Вольга Дзюльдзя. Яна адмовілася раскрыць касавыя зборы кінатэатраў, сказаўшы, што гэта – «камерцыйная таямніца».

Акрамя таго, Дзюльдзя не назвала агульны лік гледачоў, паведаміўшы толькі, што сеансы беларускага кіно – гульнявога, дакументальнага і анімацыйнага – наведалі больш за 170 тысячаў асобаў:

«Адбылося 786 сеансаў беларускага кіно ў гульнёвай форме, 609 сеансаў у негульнёвай форме і 460 сеансаў анімацыі, якія наведалі больш за 170 тысяч гледачоў. Усе зборы з’яўляюцца камерцыйнай таямніцай прадпрыемства».

У 2022 годзе менскія кінатэатры наведалі каля 800 тысячаў гараджанаў, у тым ліку сеансы беларускага кіно – 100 тысячаў.

Разбор
«Навошта плаціць дзяржаве за пірацкі фільм?» У Беларусі паменела гледачоў у кінатэатрах
2023.04.20 10:25

Вольга Дзюльдзя канстатавала, што цяпер у афішы бракуе 3D-стужак:

«Да нас паступаюць перыядычна пытанні з нагоды фармату 3D, чаму не паказваем фільмы. Ёсць попыт, але на цяперашні момант у нас няма прапаноў ад дыстрыбʼютараў з гэтым фарматам. Як толькі маюцца, мы адразу паказваем».

У планах на сёлета – паказ беларуска-узбекскай стужкі «Казбек», фільму «Чорны замак» паводле Уладзіміра Караткевіча і мультфільму «Песня Сірын».

З расейскіх прэм’ераў чакаюцца вайсковая драма «Паветра», экранізацыя рамана Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта», экранізацыя сказкі «Лятучы карабель», працяг спартовай драмы «Лёд», «Анегін» паводле Аляксандра Пушкіна, «Сто гадоў таму наперад» паводле Кіра Булычова, мультфільм «Фініст. Першы асілак», фэнтэзі «Чараўнік Смарагдавага гораду».

Агляд
«Кіно – гэта ідэалогія». Што там «На другім беразе»?
2023.09.16 15:52

Дзюльдзя паабяцала, што сёлета менчукі пабачаць таксама галоўныя сусветныя кінапрэм’еры:

«Мы працуем з усімі навінкамі сусветнага кінематографу. Вядома, мы чакаем «Дзюну» другую частку, мы будзем яе паказваць. Мы чакаем «Паляўнічых за прывідамі» і «Прыгоды Падынгтана», і «Галаваломку-2», і «Гарфілда». Мы ўсё гэта чакаем, мы ўсё гэта пакажам, вядома. Усе сусветныя прэмʼеры па-ранейшаму выходзяць у сетцы нашых кінатэатраў. Нічога не змянілася».

Яна не растлумачыла, якім чынам заходнія кінанавінкі трапляюць у Беларусь ва ўмовах, калі буйныя галівудскія студыі адмовіліся ад супрацы з Расеяй. Менавіта праз Маскву нашая краіна атрымлівала прэм’еры з агучваннем на расейскай мове.

Летась беларуская дзяржава легалізавала крадзеж «аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці з несяброўскіх краінаў», такім чынам, цяпер афіцыйна дазволена паказваць, напрыклад, фільмы і тэлетрансляцыі без згоды праваўладальнікаў.

Аналітыка
«Дзяржава санкцыянавала крадзеж». Як на практыцы можа працаваць новы закон, які «адмяняе» аўтарскае права?
2023.01.12 15:58

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў