У ЕЗ расказалі падрабязнасці пра новы лічбавы «шэнген»


Платформа для падачы заяў на шэнгенскую візу атрымала назву EU VAP, а працэс пераходу на «лічбу», паводле планаў, зойме сем гадоў, піша schengenvisainfo.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: kstudio / Freepik

Еўрапейская камісія агучыла новыя падрабязнасці лічбавай шэнгенскай візы – калі яна з’явіцца, як будзе называцца і выглядаць, а таксама аб тым, што некаторыя краіны атрымаюць права адмовіцца ад яе выкарыстання.

Пераходны перыяд павінен працягвацца сем гадоў з даты пачатку аперацый. Цягам гэтага часу, калі дзяржава-сябра ЕЗ вырашыць, што хоча далучыцца да платформы, яна павінна паведаміць пра гэта камісіі і eu-LISA.

Сістэму назвалі «Платформа падачы заяваў на атрыманне візы ЕС» (EU VAP), а яе дамен будзе заканчвацца на Europe.eu, як і ўсе афіцыйныя вэб-сайты ЕЗ.

«Згодна з абноўленымі правіламі, шэнгенскія візы зараз будуць мець лічбавы фармат, які будзе ўключаць 2D-штрых-код, крыптаграфічна падпісаны органам сертыфікацыі подпісу краіны дзяржавы-члена, якая іх выдала. Лічбавыя візы будуць змяшчаць выяву асобы ўладальніка візы, а таксама іх можна будзе раздрукаваць», – дадаюць эксперты schengenvisainfo.

Пры гэтым усе турысты, незалежна ад іх паходжання ці краіны прызначэння, змогуць падаць заяву на атрыманне шэнгенскай візы праз гэтую платформу. Заяўнікам давядзецца зʼявіцца ў пасольства толькі ў асаблівых выпадках – напрыклад, калі яны ўпершыню падаюць заяву на атрыманне шэнгенскай візы або калі ў іх зʼяўляецца новы праязны дакумент.

«Сістэмы ЕЗ, такія як Сістэма ўезду-выезду (EES) і Еўрапейская сістэма турыстычнай інфармацыі і аўтарызацыі (ETIAS), будуць максімальна выкарыстоўваць VAP ЕС, а таксама ўлічваць бягучыя абмежаванні тэхналогій і інвестыцыі, зробленыя членамі-дзяржавамі ў сваіх нацыянальных сістэмах», – дадалі ў ЕЗ.

Пры гэтым візавыя зборы павінны быць аплачаны праз шлюз ЕЗ, звязаны з сістэмай пераводаў плацяжоў непасрэдна ў адпаведную дзяржаву. Дэталі электроннага плацяжу не будуць захоўвацца ў VIS, і калі электронны плацеж немагчымы, консульствы ці ўпаўнаважаныя пастаўшчыкі паслуг спаганяюць візавы збор.

Агляд
Новы год у Дагестане ды Абхазіі. Куды беларускія турфірмы вязуць на святы?
2023.12.10 08:00

Нагадаем, з 13 лістапада 2023 года Савет Еўрапейскага звязу спрасціў правілы ў дачыненні да шэнгенскіх віз. Падаць заяўку на «шэнген» зараз можна анлайн.

Яшчэ адно істотнае новаўвядзенне – фармат візы. Замест налепкі ў пашпарце чалавек, якому адобрылі заяўку, атрымае штрых-код з крыптаграфічным подпісам.

Большасці падарожнікаў, па новых правілах, не трэба будзе ехаць у пасольства, каб «падацца на візу».

СП, belsat.eu

Стужка навінаў