15 гадоў на «Белсаце»: ад беларускага ньюзруму да польскай рэдакцыі


Былы карэспандэнт у Беларусі, першы і адзіны польскі журналіст беларускай інфармацыйнай рэдакцыі, адзін з тых першапраходцаў, хто ствараў «Белсат». З нагоды 15-годдзя пагутарылі з журналістам і рэдактарам сайту belsat.eu/pl Цэзарыем Галіньскім.

Цэзары Галіньскі ў дарозе з Беластоку на рэдакцыйнае спатканне ў Варшаве.
Фота: архіў Цэзарыя Галіньскага

– Вы былі адзіным польскім журналістам, які працаваў у нашым ньюзруме, то бок у інфармацыйнай рэдакцыі «Белсату». Памятаю, як многія, даведаўшыся, што адзін з рэдактараў – паляк, моцна здзіўляліся. Як гэта ўвогуле адбылося?

– Калі ствараўся «Белсат», мы шукалі маладых беларусаў, якія вельмі хутка павінны былі стаць тэлежурналістамі. Шчыра кажучы, часам яны павінны былі зрабіцца журналістамі ў прынцыпе, бо імі не былі. Ні тэлевізійнымі, ні нейкімі іншымі. Бо як яны маглі імі быць, калі прыходзілі да нас, маючы па дваццаць з нечым гадоў… Таму і патрэбны былі – тут, у Польшчы – таксама людзі, якія мелі пэўны досвед у гэтай прафесіі, у дастатковай ступені ведалі беларускую мову і таксама ведалі Беларусь – але з пункту гледжання журналіста. Каб мець магчымасць дзяліцца гэтым досведам. На гэтым этапе нацыянальная прыналежнасць была не так важная, важна было ўмець дамовіцца і хоць крыху ведаць, пра што ідзе гаворка.

Гэтым крытэрам я, відаць, адпавядаў: больш за 10 гадоў жыў у Менску, усе 1990-я (і крыху болей) працаваў там сталым карэспандэнтам польскіх СМІ ў Беларусі: ад выдання «Gazeta Wyborcza» да польскіх рэдакцыяў BBC і радыё «Вольная Еўропа». Нават час ад часу рыхтаваў рэпартажы для польскага тэлебачання TVP – на якое, як аказалася, пасля вярнуўся ў новым амплуа.

– Вы пазнаёміліся з будучай кіраўніцай «Белсату», калі працавалі ў Беларусі, а яна працавала там жа? Таму яна і запрасіла вас у рэдакцыю? Ці здарылася па-іншаму?

– Можна і так сказаць, хаця я канчаткова вярнуўся ў Польшчу з Беларусі ў 2004 годзе, і толькі праз год Агнешка Рамашэўская павінна была зрабіцца там сталай карэспандэнткай TVP. Што ў выніку не ўдалося, бо яе адразу ж дэпартавалі з Менску. Гэта паслужыла для яе штуршком да таго, каб… прыдумаць «Белсат». Таму разам у Беларусі мы не паспелі папрацаваць, але, канечне, прафесійна ведалі адно аднаго раней – як, напэўна, усе журналісты, якія займаюцца нейкім канкрэтным рэгіёнам.

Але насамрэч мяне парэкамендаваў Агнешцы Марцін Сьмялоўскі, які ў той час, калі я працаваў у Менску, быў карэспандэнтам Польскага агенцтва друку. Пасля ён таксама падключыўся да стварэння «Белсату». Свет вельмі цесны…

На адной з прэс-канферэнцыяў у Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску. Канец 90-х.
Фота: архіў Цэзарыя Галіньскага

– Якой была ваша першая рэакцыя, калі вам прапанавалі перайсці з «друкаваных» СМІ на тэлебачанне?

– Мы ўсе з самага пачатку разумелі, што беларускім тэлежурналістам я не стану. Вядоўцам таксама – некаторыя моўныя абмежаванні, аднак, непераадольныя. Але адным з некалькіх рэдактараў і выдаўцоў – чаму не? Журналісцкі матэрыял на кожнай мове ствараецца аднолькава… І ў гэтай ролі я прабыў доўгія 8 гадоў, гэта больш за палову майго працоўнага стажу на «Белсаце».

– Вы ведалі, што будзеце працаваць з беларусамі. Так, вы ведалі кірыліцу, ведалі мову, але ўсё ж – як вы спраўляліся?

– Якраз гэта не было выклікам і нават праблемай. Больш за дзесяць гадоў я жыў сярод беларусаў і працаваў сярод беларускіх незалежных журналістаў, з многімі сябраваў. Так што для мяне гэта было цалкам натуральнае асяроддзе. Мабыць, большай праблемай было пераканаць беларускіх калегаў з рэдакцыі, што да мяне можна ставіцца як да «свайго». Здаецца, атрымалася. Праз некаторы час яны ўжо не звярталі ўвагі на мой акцэнт ці няправільна напісанае слова.

– Вы былі галоўным рэдактарам першага эфірнага выдання «Аб’ектыву» – тады адзінай і дагэтуль самай важнай інфармацыйнай праграмы «Белсату». Вы неслі адказнасць за гэтае выданне. Ці памятаеце вы свае ўражанні, калі ён выйшаў у эфір?

– Шок, што гэта ўсё ж аказалася магчымым. Неймаверны гонар за сябе і за калегаў, што ў гэтым – як здавалася – поўным хаосе, які панаваў на працягу дня, быў свой схаваны сэнс. Палёгка, што нейкім чынам удалося зрабіць усё выданне «Аб’ектыву» ад пачатку да канца. І не толькі зрабіць, але і паспець з ім у эфір роўна а 21:00. І нават крыху раней, бо на першых «Аб’ектывах» не было вядоўцы студыі, таму ўвесь выпуск запісваўся на касету, з якой трэба было бегчы па лесвіцы на некалькі паверхаў уніз да «рэжысёркі». Па лесвіцы, бо ліфт магло заклінаваць…

Цяпер, азіраючыся назад, вядома, смешна падумаць, што ўсё гэтае выданне навінаў, якое мы рыхтавалі з раніцы да вечара, доўжыўся ўсяго тры хвіліны.

– Вы былі рэпарцёрам, замежным карэспандэнтам у іншай краіне. Пасля прыйшлося заняцца офіснай працай, дзе ўжо не трэба было пісаць свае тэксты, а чытаць чужыя і навучаць аўтараў. Ці не было вам спачатку некамфортна?

– Не, абсалютна. Мне вельмі падабаецца працаваць з тэкстамі, а ў рэдакцыі быў такі падыход да працы, што складвалася ўражанне, быццам матэрыялы мы ствараем разам – і журналісты, і рэдактары. Я наогул шмат чаму навучыўся ў журналістаў, працу якіх каардынаваў. Вывучаў моўныя нюансы, яшчэ больш даведваўся пра Беларусь з рыхтаваных матэрыялаў. Пазнаёміўся з усім вытворчым цыклам, у якім ствараецца адзіны матэрыял – ад тэксту з «офам» і «соткамі» да гатовага відэарэпартажу. Даведаўся, як з такіх матэрыялаў зрабіць цэлы выпуск навінаў. Перад гэтым – як супрацоўнічаць з нашымі карэспандэнтамі ў Беларусі, каб атрымліваць ад іх відэаматэрыялы…  То бок не толькі я вучыў іншых. Мы ўсе вучыліся разам і адно ў аднаго. Напэўна, гэта было найлепшым.

У карэспандэнцкім пункце ў Менску, сярэдзіна 1990-х гадоў.
Фота: архіў Цэзарыя Галіньскага

– Беларусы лічаць «Белсат» самым буйным медыйным праектам для сваёй краіны. А як ён выглядае ў вачах палякаў?

– Мы, гэта значыць тыя палякі, якія бралі і надалей бяруць удзел у гэтым сапраўды вялікім праекце, лічым, што такім чынам вяртаем своеасаблівы доўг – тым краінам, якія стваралі і фінансавалі СМІ, што давалі палякам незалежную інфармацыю ў той час, калі ў нас панавала камуністычная цэнзура. СМІ, якія спрыялі дэмакратычным пераменам у Польшчы. Для мяне гэта яшчэ больш відавочна, бо, працуючы ў Менску, я быў яшчэ карэспандэнтам тагачаснай польскай рэдакцыі радыё «Вольная Еўропа» / радыё «Свабода». Цікава, што маім рэдактарам у той час быў Антоні Стырчуля, дасведчаны журналіст гэтай станцыі. Сёння я рэдагую ягоныя тэксты… а Антоні – адзін з аглядальнікаў польскай рэдакцыі «Белсату».

– Азіраючыся назад, вы лічыце, што зрабілі правільны выбар, аддаўшы вялікі кавалак жыцця – не толькі прафесійнага – працы на развіццё гэтага тэлебачання?

– Тут сапраўды заўсёды ёсць чым заняцца… Крыху больш за год таму – на мяжы кастрычніка і лістапада – была афіцыйна створаная польская рэдакцыя «Белсату», пра якую я толькі што згадаў. Яе зародкам стала польскамоўная версія нашага парталу, над якой я працую апошнія гады. Спачатку там друкаваліся толькі пераклады матэрыялаў нашых беларускіх калегаў з інтэрнэт-рэдакцыі, але з часам мы рабіліся ўсё больш самастойнымі.

Цяпер гэта не толькі фармальна, але і фактычна сапраўдная інтэрнэт-рэдакцыя, дзе акрамя публікацыяў для сайту рыхтуюцца матэрыялы для сацыяльных сетак і YouTube. Па-польску. Дзякуючы гэтаму «Белсат» не толькі незалежнае беларускае тэлебачанне, але і ўсё больш сур’ёзны сродак масавай інфармацыі, з якога польскі глядач даведваецца пра тое, што адбываецца ў Беларусі і нашым рэгіёне – цяпер, вядома, пераважна ва Украіне. Як звычайна на «Белсаце», гэтая рэдакцыя – хоць і польская – таксама інтэрнацыянальная. Акрамя некалькіх палякаў матэрыялы на польскай мове рыхтуюць каляжанка з Беларусі і два калегі з Украіны. Мы ўсе выдатна ладзім. Як і на самым пачатку «Белсату» беларускія журналісты з ньюзруму выдатна ладзілі з палякам, які з імі працаваў. Гісторыя зрабіла поўнае кола.

Інтэрв’ю
Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Ярослаў Каменьскі
2022.12.09 13:37

Гутарыў Аляксандр Пуціла   belsat.eu

Стужка навінаў