Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Ярослаў Каменьскі


Ярослаў Каменьскі
Ярослаў Каменьскі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Да 15-годдзя «Белсату» мы гутарым з нашымі журналістамі, якія працуюць на тэлеканале з самага яго заснавання.

Старэйшы праграмны рэдактар. Нарадзіўся ў Варшаве 21 студзеня 1954 года.

– Вас называюць жывой энцыклапедыяй. 45 гадоў працы на радыё і тэлебачанні – гэта не толькі досвед у спецыяльнасці, але і багаты погляд на гістарычныя рэчы агулам. Здымалі Ярузэльскага, Гарбачова, рэдкія кадры Лукашэнкі маеце з 1995-га.

– Так было. Я, амаль не ведаючы расейскай мовы, атрымаў вельмі прэстыжную прапанову ад APN. Мы падпісалі дамову, што я буду здымаць кіно ў Маскве, як толькі ў Саюзе пачалася перабудова. Гарбачоў абвесціў «паскарэнне» на Пленуме ЦК КПСС у красавіку 1985 года, а я прыехаў у жніўні. У Маскве я пазнаёміўся з журналістам Юрыем Шчакачыхіным. Ён мне адкрыў сваё акружэнне: з аднаго боку, гэта акадэмік Андрэй Сахараў, з другога – рэгіянальная група дэпутатаў. Анатоль Сабчак, Мікалай Рыжкоў. Я быў з імі асабіста знаёмы. Я бачыў іншую Расею.

– Як вы знайшліся для «Белсату»?

– Спачатку мы рабілі праграму «Беларусь, Беларусь» на польскім тэлебачанні. Яна доўжылася больш за год. Агнешка тады працавала карэспандэнткаю польскага тэлебачання ў вашай краіне. Праграму перанеслі на нядзелю на шостую раніцы, а потым закрылі. Агнешка мне аднойчы патэлефанавала і сказала: ёсць ідэя стварыць уласны канал.  Я тады быў у складзе рэжысёраў-дакументалістаў, якія працавалі ў прэстыжнай рэдакцыі, куды трапіць было вельмі складана. Тым не меней, вельмі хацелася спазнаць нешта раней не спазнанае. Гэта было амаль за два гады да таго, як паўстаў «Белсат». Пачалося навучанне ў выходныя ў Фаленіцы для новых работнікаў, якія ніколі не былі звязаныя з тэлебачаннем. Навучэнцы атрымлівалі тэарэтычныя веды пра тое, як пісаць сцэнар, што і як здымаць, мантаваць. Потым была задача прыдумаць тэму, пераканаць нас, што ёю варта займацца.  Пасля – цалкам зрабіць матэрыял з мантажом і абараняць свой твор перад камісіяй дасведчаных адмыслоўцаў.

Інтэрв’ю
Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Вольга Швед
2022.11.23 10:11

Увогуле я вырашыў, што буду працаваць на «Белсаце» пасля Плошчы-2006. Паехаў здымаць рэпартаж на выбары і застаўся амаль да канца падзеяў, якія там адбываліся. Хаця мы ж з Юрыем Хашчавацкім бегалі па вуліцах Менску яшчэ ў 1996-м, калі нас натуральным чынам збівалі. З такім зверствам я раней ніколі не сустракаўся. Потым мяне дэпартавалі, зачыніўшы дзверы ў Беларусь на 8 гадоў.

– Якая ў вас адукацыя, спецыяльнасць?

– Я кінавед. У мяне быў суперпрафесійны аператар, з якім мы здымалі і ў Беларусі таксама.  Шмат чаму я навучыўся ад легендарнай польскай рэжысёркі беларускага паходжання Тамары Саланевіч, заснавальніцы беластоцкай школы кіно. Я з ёю працаваў, і на ўсе мае фільмы, якія я здымаў у Беларусі, першы погляд быў ейны.

Ярослаў Каменьскі ў Беларусі.
Фота: Jarosław Kamieński / Facebook

– Ці ўяўлялі вы сабе, што прапрацуеце на «Белсаце» мінімум 15 гадоў?

– Пры пераходзе на «Белсат» я думаў перш за ўсё пра тое, што гэта ўнікальны шанц захаваць гісторыю, творчых асобаў.  Цяпер, упэўнены, «Белсату» няма канца. Хто мог марыць, што будуць такія сучасныя камеры, што ў нас будзе такая цудоўная студыя? Мяне пытаюцца, хто робіць «Лабірынты». Бо ўзровень гэтай праграмы – вокладкі, задумы і гэтак далей – высачэзны. Ён вышэйшы за ўзровень такога віду праграмаў, якія робяцца на больш заможным тэлеканале. А нашыя фільмы! 30 гадоў таму палякі атрымалі такую ж прэмію, якую атрымаў беларускі рэжысёр Андрэй Куціла. Гэта было ў Амстэрдаме на прэстыжным фестывалі дакументальнага кіно ў 2018-м, дзе рэпрэзентавалі фільм «Summa», зняты пры падтрыманні «Белсату». Стужку прызналі найлепшаю сярэднеметражнаю карцінаю. Адзінаю праблемаю на «Белсаце» заўсёды былі толькі грошы, але не творчыя моманты: не сюжэты, не ідэі.

– Вы паспяваеце супрацоўнічаць з рознымі людзьмі, у тым ліку і з маладымі, як Зміцер Міцкевіч, і з больш дасведчанымі журналістамі, як Алесь Карніенка. Як на ўсё знаходзіцца час?

– Скажу так: я яшчэ з такой школы тэлебачання, якая навучыла не заўважаць, дзень ці ноч за вокнамі, аўторак, пятніца ці нядзеля. Тэлефануюць мне альбо Міцкевіч, альбо Сяргей Пеляса, альбо хтосьці іншы а першай гадзіне ночы – яны ведаюць, што я заўсёды адкажу. Я проста вельмі люблю гэтую працу, і для мяне яна – вялікая радасць.

Ярослаў Каменьскі
Ярослаў Каменьскі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Радасць пры сённяшнім стане рэчаў з панаваннем на Беларусі злачынных устояў можа хутка перайсці ў глыбокі сум. Вы 15 гадоў працавалі з Паўлам Мажэйкам, а яго гарадзенскія карнікі пасадзілі і не думаюць выпускаць. Праграма «Intermarium», якую ён вёў, падвісла. Павал мог меркаваць, што так будзе, калі надумаў вяртацца ў Беларусь?

– Гэта вельмі доўгая размова. Мы сустракаліся ў Вільні, і яго ўсе ўгаворвалі. Але мы добра ведаем у нечым цвёрды, але ў нечым і ўпарты характар Пашы. Ён вырашыў так – і ўсё.  Прывёў усе аргументы: дзеці, сям’я, бацькі. Але ведаў, што будзе вяртацца, і хацеў, каб не знік «Intermarium» (назва геапалітычнага плану пасля Першай сусветнай вайны: гістарычнае ток-шоу пад такою назваю выходзіць на «Белсаце» з 2020 года).  Потым мы падумалі пра Насту Ільіну. Яна гісторык з адукацыі і вельмі дасведчаная ў сваёй спецыяльнасці. Я з ёю паразмаўляў, але не быў упэўнены. І тут такі поспех! Альбо Алесь Карніенка. Людзі ведалі Алеся як шматгадовага выдаўцу і журналіста, але толькі не як аўтара ўласнай праграмы. Прычым перапоўненай палітычнаю сатыраю. Мы вырашылі, што мае атрымацца. І вось «Вечаровы шпіль» здолеў дайсці да амаль мільёна праглядаў. Ты ведаеш, я ўжо пяць гадоў таму на пенсію хацеў пайсці. І не маленькую. Але што ж, я буду ўдома сядзець, а Лукашэнка будзе свавольнічаць (усміхаецца)?

Ярослаў Каменьскі падчас фестывалю «Bulbamovie» ў 2014.
Фота: Bulbamovie / Facebook

– Вы не пераймаецеся тым, што больш маладыя могуць вашыя думкі, ідэі, ініцыятывы назваць рэтраграднымі, нецікавымі, несучаснымі?

– Я і не хачу камусьці штосьці навязваць. Перш за ўсё мая мэта – дапамагаць. Узяць таго ж рэжысёра Андрэя Куцілу. Я яму збольшага толькі спачатку дапамагаў, падпісаў яму першае кіно, хоць і далей у той ці іншай ступені падтрымліваў. Але пазнаёміў з палякамі – Мірэкам Дэмбіньскім (польскі рэжысёр і прадзюсар) i Яцэкам Блавутам ды іншымі людзьмі, якія ведаюць Беларусь, добра разумеюць і адчуваюць вашую краіну. Я заўсёды звяртаюся да кіно Андрэя Куцілы. І я ведаю, за што гэтыя прызы. За розум найперш. Я не бачу ніводнай працы на «Белсаце», за якую было б сорамна.

– 15 гадоў – тэрмін не вялікі для гісторыі, але для такога каналу, як «Белсат», думаецца, значны перыяд. Што ў ім стала не так, як раней?

– Я б паставіў пытанне наступным чынам: прыпыніўся «Белсат» на нейкім перыядзе ў сваім развіцці ці не? Раней мы ток-шоу не здымалі, серыялаў не рабілі, сатыры амаль не было. І гэтак далей. Але самае галоўнае – мы не сказалі сабе: так, 15 гадоў, шмат чаго дамагліся, мы такія малайцы, можна адпачыць. Не, не і не! Мы ўжо будуем планы, як скончыцца гэтая праклятая вайна, што будзем рабіць далей. У нас працуюць унікальныя людзі, якія былі і будуць прафесіяналамі заўсёды.

Ярослаў Каменьскі
Ярослаў Каменьскі.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

– Але ці ёсць у вас асабістая канкрэтная мэта, чаго тут можна яшчэ дасягнуць вам, тым, хто пачынаў гэтую вялікую справу паўтара дзесяцігоддзя таму?

– Я б хацеў дажыць разам з «Белсатам» да таго моманту, калі Беларусь ізноў станецца такою ж краінаю, якую я памятаю з пачатку 1990-х. Палякі ведаюць, а беларусы, напэўна, не, што 400 фірмаў былі толькі ў Менску з супольным беларуска-польскім капіталам. Тады польскі парламент прыняў статут, які даў Беларусі 3,5 кіламетра ўзбярэжжа ў Шчэціне і магчымасць давесці сваю чыгунку да гэтага гораду. Між іншым, гэта ніхто не адмяняў! Беларусь страціла магчымасць быць вольнаю з прыходам Лукашэнкі, а цяпер ізноў з’явіцца такі шанец, і яго вельмі важна не ўпусціць. Расеі, якой яна была, ужо не будзе. Гэтая вайна скончыцца альбо абсалютнаю перамогай Украіны, альбо на 90 %. Пуціну не будзе дадзена 28 гадоў, як Лукашэнку. Гэта значыць, я зноў буду вольна ездзіць у Менск, як у Вроцлаў ці Закапанэ, і не будзе ніякіх межаў, як у нас цяпер з Літвою. Раней, пры Савецкім Саюзе, я два дні стаяў на ўезд, калі мы кіраваліся здымаць першыя выбары.  Цяпер не стаю ніводнай хвіліны, і мы дойдзем да гэтага абавязкова. Разам з «Белсатам», разам з нашымі беларусамі.

Гутарыў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Інтэрв’ю
Да 15-годдзя «Белсату». Першапраходцы: Алесь Карніенка
2022.11.20 09:30

 

Стужка навінаў