«Хто ў каго будзе вучыцца?» Яўген Красулін пра перспектывы супрацы Беларусі і Кубы


У Беларусь з афіцыйным візітам прыбыў прэм’ер-міністр Кубы Мануэль Марэра Крус. Паводле кубінскага МЗС, праграма абмену і наведвання славутасцяў шырокая. Эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін мяркуе, што фактычна ні Беларусь, ні Куба не могуць нічога прапанаваць адна адной, бо кубінская эканоміка ў заняпадзе. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Цалкам размову глядзіце тут:

«Вось той жа спадар Марэра – ён жа ў Беларусь, скажам, завітаў па шляху з Кітаю, дзе ён тыдзень правёў», – распавядае Яўген Красулін, параўноўваючы вынікі спробаў наладзіць палітычныя стасункі Беларусі і Кубы з іншымі краінамі.

Эксперт падкрэслівае, што ў кубінцаў багаты досвед у падаўленні свабоды, дзе прыкладна на 11-мільённую нацыю прыходзіцца 1066 палітвязняў (звесткі на сярэдзіну гэтага года). І калі параўноўваць гэтыя лічбы з беларускімі звесткамі, яшчэ ўзнікае пытанне, хто ў каго будзе вучыцца.

Паводле Яўгена Красуліна, магчымыя эканамічныя стасункі паміж краінамі выглядаюць змрочна, бо пасля пратэстаў у 2021 годзе кубінская эканоміка ў заняпадзе.

«Можна глядзець на розныя камерцыйныя праекты, можна глядзець на плацежаздольнасць, можна масу казаць словаў, што мы зараз Кубе будзем пастаўляць кілбасы, сухое малако і гэтак далей. Плаціць хто будзе?» – рытарычна запытвае эксперт.

Што ж да магчымай адпраўкі баевікоў з Кубы на вайну ва Украіне, то, паводле эксперта, гэтая тэма абмяркоўвалася б не з Лукашэнкам, бо пасярэднікі тут Расеі не патрэбныя.

«А што тычыцца вайсковай сферы, тут нават цяжка прыдумаць, а што можна было б прапанаваць аднаму і іншаму боку для таго, каб сапраўды гэта мела нейкі эфект, – тлумачыць Яўген Красулін і падкрэслівае, што ўзровень мілітарызацыі Кубы вельмі нізкі, бо там не даводзіцца рыхтавацца да вялікай вайны. – Таму губляць грошы на мадэрнізацыю і закупку новага тыпу ўзбраення, тым больш з Беларусі… наўрад ці гаворка ідзе».

Фота вокладкі: Dante Carrer / Reuters / Forum

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў