У Беларусі зменшылася колькасць працаўнікоў, але вырасла колькасць чыноўнікаў


З пачатку года адток кадраў у найважнейшых галінах Беларусі перавысіў ужо 60 тысяч асобаў. Гэта ніжэй за значэнні мінулага года (за студзень–жнівень 2022 года перавышэнне звальненняў над наймам складала 72 тысячы чалавек), але ў цэлым стан рынку працы застаецца складаным, пішуць «Нашы грошы» са спасылкаю на звесткі Белстату.

Чыноўнікі слухаюць зварот Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу, Менск, Беларусь, 31 сакавіка 2023 г.
Фота: БелТА

У жніўні колькасць прынятых на працу склала 79,6 тысячы, што стала рэкордам за год і было звязана ў тым ліку з сезоннымі фактарамі росту працаўладкавання ў сферы адукацыі і ў сельскай гаспадарцы. Звальненні пры гэтым таксама аказаліся вельмі вялікімі – 93,9 тысячы. Столькі не звальнялі са жніўня 2022 года. У выніку перавышэнне звальненняў над наймам склала больш за 14 тысяч чалавек.

Найбольш колькасць звальненняў перавышала колькасць прынятых на працу ў Менскай вобласці (на 2,7 тысячы), найменш – у Менску (на 700).

У прамысловасці і будаўніцтве пасля росту ў ліпені спад склаў 1,1 тысячы і 588 асобаў адпаведна, у інфармацыі і сувязі – 429 асобаў, у гандлі – 1,3 тысячы чалавек, у транспартавай сферы – 924 асобы, а вось чыноўнікаў стала больш на 33 асобы.

Агляд
Паскораны рост заробкаў, зыход замежных кампаній і арыентацыя на Расею. Галоўныя трэнды беларускай эканомікі
2023.09.24 19:36

«Відавочна, што ні рост заробкаў, ні адміністрацыйныя захады, ні нізкія тэмпы росту цэнаў не ўплываюць на рынак працы так, каб усяліць у яго ўпэўненасць, спыніць адток кадраў або павысіць прывабнасць найбольш праблемных галінаў. Пазаэканамічныя прычыны праблемаў рынку хай ужо і прызнаюцца чыноўнікамі, але захады, якія яны прымаюць, наўпрост супрацьлеглыя сапраўды неабходным», – пішуць «Нашы грошы».

На іх думку, «калі стане зразумела, што і гэтыя захады не дапамагаюць, імаверна, пачнецца «торг», падчас якога беларусаў пачнуць актыўна заклікаць вярнуцца дадому. Магчыма, нават адменяць шэраг захадаў для ўзмацнення жорсткасці і забаронаў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў