Расею не абралі ў Раду ААН па правах чалавека на наступныя тры гады


Генеральная асамблея ААН правяла выбары новых сябраў Рады па правах чалавека на 2024–2026 гады. Расея выстаўляла сваю кандыдатуру, але ў выніку туды не трапіла. Хоць і вельмі хацела.

Генеральная асамблея ААН.
Фота: peacekeeping.un.org

10 кастрычніка ў Генасамблеі адбылося галасаванне за новых сябраў Рады па правах чалавека. За месцы ад групы паўднёва-еўрапейскіх краінаў змагаліся Расея, Албанія і Балгарыя. Але Расея ў выніку не перамагла, набраўшы 83 голаса, у той час як Албанія 123, а Балгарыя – 160.

Расейcкая Федэрацыя трапіла ў Раду па правах чалавека ў 2020 годзе, але пратрымалася да красавіка 2022 года, калі яе сяброўства было прыпыненае з-за поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну.

Сёлета расейская дыпламатыя прыкладала вялікія намаганні для таго, каб у выніку трапіць у Раду. Паводле дыпламатычнага карэспандэнта Бі-бі-сі Джэймса Ландэйла, гэтыя выбары мусілі стаць важным тэстам міжнароднага аўтарытэта Масквы.

Беларусь спрабавала трапіць у раду ААН у 2007 годзе, змагаючыся за месца ў рэгіянальнай групе Усходняй Еўропы са Славеніяй і Босніяй і Герцагавінай. Прадказальна наша краіна тады не змагла перамагчы, бо ўжо тады спецдакладчык ААН па Беларусі паведамляў, што беларускія ўлады катэгарычна адмаўляюцца супрацоўнічаць з механізмамі ААН па абароне правоў чалавека.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў